Вы тут

Адукаваныя пажылыя людзі жывуць даўжэй


Пажылыя людзі з вышэйшай адукацыяй маюць пастаянную патрэбу ў дадатковай інфармацыі.

Адна мая добрая знаёмая ў 52 гады пачала вучыць французскую мову і ўжо праз тры гады стала займацца перакладамі. Да гэтага працавала сацыёлагам. Калі вучылася, казала, што нават памаладзела, седзячы на перапынках з моладдзю на падаконніку. Яшчэ адна знаёмая, з якой давялося сутыкнуцца па журналісцкіх справах, у свае 67 гадоў працягвала працаваць і нават напрасілася, каб яе адправілі на курсы павышэння кваліфікацыі. «Мазгі карысна трэніраваць, — лічыць яна. — Акрамя таго, навучанне — гэта выдатны спосаб прафілактыкі хваробы Альцгеймера».


Адукаваныя жывуць даўжэй

З гэтым згодны і загадчык кафедры геранталогіі і герыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксандр Байда. Акрамя таго, ён лічыць вельмі важным кожнаму загадзя падрыхтавацца да таго, каб лягчэй пераадолець мяжу сталага ўзросту. «Выхад на пенсію ўспрымаецца многімі людзьмі як драма, — сказаў герантолаг на прэзентацыі метадычнага дапаможніка «Старэць? Няма часу!», падрыхтаванага спецыялістам па адукацыі дарослых і пажылых Вольгай Агапавай. — Таму што чалавек раптоўна страчвае прывычны лад жыцця і яго сэнс. І калі ён не падрыхтаваў сабе запасную пляцоўку, то гэта можа скончыцца сапраўднай катастрофай. Гэта каласальны стрэс. І адукацыйны працэс можа стаць чарадзейнай палачкай, якая часам можа нават выратаваць чалавечае жыццё. Навучанне новаму можа дапамагчы адкрыць другое дыханне. Чалавек зноўку пачынае адчуваць сваю значнасць, каштоўнасць...»

Многія еўрапейскія даследаванні, дарэчы, пацвярджаюць, што адукаваныя людзі менш хварэюць. Адзін з брытанскіх даследчых цэнтраў апублікаваў даныя, што нават мужчыны — мужы адукаваных жанчын жывуць на некалькі гадоў даўжэй, чым мужы неадукаваных.

Ідуць вучыцца ў сталым узросце аптымісты

Дарэчы, у нашай краіне нефармальная адукацыя для пажылых хутка развіваецца. На працягу апошніх 5-6 гадоў паўстаў шэраг ініцыятыў, створаны пэўныя прыклады. Шырока вядомымі сталі інстытуты трэцяга ўзросту альбо ўніверсітэты залатога веку. Самы першы — Універсітэт залатога веку ў Гродне — сёлета ажыццяўляў набор слухачоў ужо 8-ы раз. У гэтым годзе ён прапаноўвае сталым людзям 40 курсаў і клубаў! Праўда, як сцвярджае прадстаўнік універсітэта 67-гадовы Уладзімір Рунге, у асноўным слухачамі курсаў з'яўляюцца жанчыны. «З 312 чалавек, якія патэлефанавалі нам, усяго 20 мужчын», — крыху з горыччу сказаў Уладзімір Рунге. Але тут жа дадаў (ужо зусім іншым тонам): «85% нашых наведвальнікаў — людзі з вышэйшай адукацыяй. Да нас прыходзяць аптымісты!» Найбольшай папулярнасцю, па словах прадстаўніка ўніверсітэта, карыстаюцца сацыялогія і моўныя курсы.

Мастацтвазнаўца, кіраўнік Галерэі TUT.BY Таццяна Бембель падымае такую няпростую тэму, як прыгожае старэнне. «Старэючыя прыгажуні — гэта жах, — эмацыйна кажа яна. — Трэба прапанаваць ім шлях, спосаб, як адчуваць сябе не горш, чым раней. Таму што прыгожа ісці па жыцці ўглыб — магчыма. Але ў нас цяпер няма стандарта. Прыгожа старэць раней умелі дамы з арыстакратычнага грамадства...»

Тым не менш — выйсце ёсць. «Мастацтва прапануе нам цэлую галерэю вобразаў прыгожа старэючых жанчын, — лічыць Таццяна Бембель. — Нам жа варта звярнуцца да гэтых выяў і пераключыць тумблер у сваёй галаве, змяніць стэрэатыпнае мысленне аб старасці».

Пытанне «Бабуля, навошта табе смартфон?» — абражае

Сям'я павінна падтрымліваць у пажылых людзей імкненне вучыцца, развівацца. У нас жа дагэтуль дзеці і ўнукі часам могуць паблажліва спытаць: «Бабуля, а навошта табе мабільнік?» Альбо: «Бабуля, навошта табе смартфон?»

72% беларусаў штодня заходзяць у інтэрнэт. Але вось такі парадокс: моладзь сёння камунальныя паслугі аплачвае не выходзячы з дому, а пажылым даводзіцца ісці на пошту, у банк, ашчадную касу і адстойваць там чэргі — таму што не ўмеюць карыстацца камп'ютарам. Але ёсць і ў нас ужо нямала прасунутых пажылых, якія робяць гэта праз інтэрнэт. І гэтаму трэба навучыць як мага больш людзей.

Да таго ж сёння ўсё больш і больш пажылых маюць вышэйшую адукацыю. Спецыялісты кажуць, што такія людзі маюць пастаянную патрэбу ў дадатковай інфармацыі. І неабходны сумесныя намаганні ўсяго грамадства, усіх нас, каб мы змаглі зрабіць яе даступнай для людзей сталага веку. Каб для іх былі даступнымі розныя курсы, праграмы, ініцыятывы, групы, навучальныя паездкі і г.д. Таму што разам са станам здароўя і некаторымі іншымі фактарамі доступ да адукацыі і занятасць з'яўляюцца адным з ключавых фактараў якасці жыцця старэйшага пакалення.

Меркаванне эксперта

Кіраўнік прадстаўніцтва зарэгістраванага аб'яднання «Dеutsсhеr Vоlkshосhsсhul-Vеrbаnd е.V.» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь (прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў) Галіна Верамейчык:

— Грамадства старэе, і мы ўжо адчуваем гэта на сабе. Рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту, якое было прынята ў гэтым годзе, сведчыць аб гэтым. І мы павінны ўдзяляць больш увагі людзям перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Нам трэба падтрымаць гэтых людзей, каб яны былі ў стане адпавядаць зменам, якія назіраюцца на рабоце і ў грамадстве. Веды, якія яны набылі ў маладосці, сёння ўжо не вельмі актуальныя...

У адукацыю для пажылых людзей на сёння, па маіх назіраннях, гатовыя ўкладвацца грамадскія арганізацыі і, калі браць дзяржаўныя ўстановы, установы культуры і сацыяльныя службы. Яны імкнуцца ўкараняць новыя формы работы ў сваю дзейнасць, прыстасоўваюць яе да новых патрабаванняў часу. У нас ужо з'явіліся інстытуты трэцяга ўзросту альбо ўніверсітэты залатога веку, якія дзейнічаюць у супрацоўніцтве з сацыяльнымі арганізацыямі рознага кшталту.

Але, як ні дзіўна, пакуль не відаць унёску ў гэтую працу саміх органаў адукацыі. Адукацыйных праграм для пажылых на базе адукацыйных устаноў пакуль што амаль няма.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што кожны грамадзянін мае права на адукацыю. Вядома, яна бывае рознай: не толькі фармальнай — з атрыманнем дыплома, але і нефармальнай, кароткатэрміновай, якая дае веды, што адпавядаюць патрабаванням часу. І ў гэтым сэнсе ў нас не шмат месцаў, куды маглі б прыйсці людзі сталага ўзросту. Але, напрыклад, можна было б адчыніць дзверы школы вечарам, каб там займаліся групы дарослых... Вельмі важна ўсе наяўныя рэсурсы выкарыстоўваць эфектыўна.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Добра, калі старэць няма часу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.