Вы тут

Пра крылы, птушак і навакольнае асяроддзе


Некалькі асоб у адным чалавеку… Такое можа быць, калі ён — артыст. Але калі б Віктар Шалкевіч не быў артыстам, то некалькі сваіх талентаў здолеў бы рэалізаваць усё роўна: яму ёсць што сказаць.


Якім бы відам творчасці вы ні займаліся, але тэатр зусім не пакідалі…

— Тэатр — гэта рэч для душы, перадусім. Па-другое: калі я паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, конкурс быў 20 чалавек на месца (3 патокі), я вытрымаў сур’ёзны адбор. Па-трэцяе: маім настаўнікам быў вучань Міровіча, Аляксандр Іванавіч Бутакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў. А яшчэ Ілья Львовіч Курган, Барыс Пятровіч Утораў… Легенды. Шкада кідаць такую прафесію. Акрамя таго, калі я сышоў на палову стаўкі, памяняліся адносіны да тэатра: на працу ходзіш як на свята.

— Гэта ў Гродзенскім абласным тэатры лялек. Але ж вы пачыналі як акцёр драматычнага тэатра.

— У драматычным тэатры я працаваў бы, можа, далей, каб не 95-ты год, перабудова. У тэатр прыйшла брыгада варагаў на чале з Ігарам Пятроўскім, які нібыта быў заслужаным дзеячам мастацтваў Татарскай АССР. Абласное начальства думала, што яны ўздымуць Гродзенскі тэатр на недасягальную вышыню. Але пачаліся розныя не вельмі прыемныя рэчы, спрэчкі…Такія дробныя тэалагічныя тонкасці, наступствамі якіх я, дзякуючы прыхільнасці дырэктара вучылішча мастацтваў спадара Сяргейчыка, сышоў з тэатра і працаваў педагогам. А потым Мікалай Андрэеў, з якім мы вучыліся на паралельных курсах, прыехаў да нас пасля заканчэння рэжысёрскага аддзялення ў Піцеры. Пачалася выдатная эпоха: я перайшоў у лялечны тэатр. Што мы там толькі не рабілі: ставілі Караткевіча, Мрожака (гэта была выдатная рэжысёрская праца Мікалая Пінігіна). Прыязджалі вельмі цікавыя рэжысёры з Польшчы. А «Тутэйшыя» паводле Купалы, якія ў нас і цяпер ідуць, — не спектакль, а стрэл. А потым гэтыя эпоха паціху скончылася.

— Што значыць «эпоха скончылася»?

— Мне здаецца, што за зімой павінна прыходзіць вясна, а за летам — восень. Так і адбылося. Нейкая цыклічнасць заўсёды была, ёсць і будзе. Калісьці бабка Петра Казюк з нашага мястэчка паўтарала: «Лес няроўны, і людзі, дзеткі, няроўныя». Тут усё праўда. Павінна нешта змяняцца: альбо ў горшы бок, альбо ў лепшы.

— Ці вылучаеце пэўныя цыклы ў сваім жыцці?

— Напэўна, чалавек набіраецца досведу цягам многіх гадоў. Калі ўмее аналізаваць, запамінаць нешта, у яго ўсё адкладваецца ў галаве… Была эпоха нейкага рамантызму, далей эпоха гераізму, а цяпер — нармальнага крытычнага рэалізму. Калі глядзіш на ўсё і думаеш: а што далей?..

У такі час у мяне з’явілася іншая творчасць. Напрыклад, выйшла кніжка, якая называецца «Рэквіем па непатрэбных рэчах», спярша тут, у нас, а потым у польскім перакладзе ў Беластоку, а ў наступным годзе таксама па-польску выйдзе «Мястэчка G і ваколіцы». Зараз я заняты тым, што сярэдзіна жыцця адбылася, завяршаю пэўны этап. Пішу раман, своеасаблівыя «гістарычныя хронікі». Яны ахопліваюць перыяд ад ХІІ стагоддзя да 2070 года. Раман з крывёю, з прыгодамі, з пераходам дзяржаўнай мяжы па падземным пераходзе. Таксама я дзесьці на палове дарогі да заканчэння оперы, якая называецца «Галілейская гісторыя». Опера пра тое, як аднойчы, на пачатку нашай эры ў занядбаным малым галілейскім калгасе нарадзіўся Збаўца Свету і што з гэтага атрымалася. Гэта сур’ёзная гісторыя з арыямі, там ёсць Ірад, ёсць тры каралі, якія не могуць перасячы мяжу незалежнай дзяржавы, таму што ў іх вечна пытаюць нейкі талончык. Канчаецца тым, што святая сям’я ўцякае ў Егіпет…

Нашуся з ідэяй напісаць кніжку «Мама Эльжбета, бацька Антоній, кошка Нігра і іншыя насельнікі Зямлі». Гэта гісторыя пра бацькоў і тое, што было навокал. Кожныя бацькі вартыя таго, каб пра іх напісаць.

— Жаданне пісаць звязана з тым, што няма магчымасці выказвацца, як хацелася б, у сваёй прафесіі?

— Пра акцёрскую прафесію існуе шмат смешных анекдотаў. Чэхаў наогул іранізаваў: «За стеной заговорили чужими голосами, и я понял, что репетиция началась». Напэўна, самыя важныя прафесіі — у людзей, якія рыюць зямлю і нешта на ёй вырошчваюць. Без іх не будзе нічога. На жаль, цяпер тэатр не займае таго месца ў грамадсве, якое ў яго было ў 30-я, 40-я, 50-я гады мінулага стагоддзя.

Наогул большую частку ўяўленняў пра тэатр зрабіла тэатральная крытыка. Пісалі з захапленнем: «О, “Таганка”…» Пямятаю, як мы былі ў Маскве, там людзі займалі велізарныя чэргі, немагчыма было дабіцца білетаў. І што ў выніку?..

— У Беларусі былі спектаклі, якія выконвалі гэтую ролю?

— Ішлі на чатыры крокі наперад? Паварочвалі людзям вочы зрэнкамі ў душу?.. Я памятаю той час. Наша краіна была дзесьці заўсёды збоку. Тут нічога вялікага не адбывалася. Напрыклад, калі мы гаворым пра Літву, то маем на ўвазе тэатр Мільцініса, Някрошуса, Каршуноваса. Зараз літоўскія рэжысёры ездзяць па ўсёй Еўропе. У нас гэтага не было, адзін Мікалай Мікалаевіч Пінігін запатрабаваны чалавек.

Я памятаю са студэнцкіх гадоў нейкія намаганні нашых беларускіх рэжысёраў стварыць нешта сенсацыйнае. Гэта было — і прайшло… Наогул, пра спектакль і пра тэатр можна напісаць добра, а можна напісаць дрэнна, у залежнасці ад таго, колькі налілі…

— Але ў кнігах пра тэатр не пішаце?

— А пра тэатр няма чаго пісаць акрамя баек. Шэрае і аднастайнае жыццё, руціна. Ну, выехалі, ну, паказалі, ну, вярнуліся… Ёсць людзі з нармальным узроўнем амбіцый (і яны падмацаваныя нечым). А ёсць тыя, хто разумее, што амбіцыі амбіцыямі, а вышэй за ўласныя вушы не скокнуць: паглядзіце па Мінску, колькі галоўных рэжысёраў па тэатрах сядзіць, а ўсё ўпіраецца не ў творчы вынік, а ў план і перавыкананне.

У рамках тэатра з цягам часу існаваць стала складана. Проза і песні з’явіліся рэакцыяй на тое, што мне было цеснавата. Пашанцавала з людзьмі: калі напісаў першае апавяданне, то Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч — мой хросны тата ў літаратуры — накіраваў на нармальны шлях. А потым я трапіў да Уладзіміра Максімавіча Дамашэвіча, гэта быў выдатны чалавек і класны пісьменнік, які працаваў у «Маладосці». Я дэбютаваў і адразу атрымаў прэмію за лепшы дэбют — а яна тады была ў памеры зарплаты і нават болей. А потым я хадзіў шчаслівы, але да пары, калі аднойчы на аўтавакзале ў Мінску не купіў часопіс «Маладосць» з маімі апавяданнямі, які быў уцэнены. Я зразумеў: не самае галоўнае — надрукавацца, а трэба яшчэ, каб надрукаванае дайшло да чытача.

— У тэатры чалавек, які канструюе нейкую мадэль жыцця звычайна працуе рэжысёрам. Вы не думалі паспрабаваць?

— Не мая сфера. Ды трэба было пачынаць гадоў 30 таму. Для гэтага патрэбны нейкі запал. Ствараць мастацтва ў тэатры — вельмі файна, але ў мяне ёсць сябры-рэжысёры, яны кажуць: стаміўся, хачу на пенсію. Чалавек сам сябе з’ядае, ад яго застаецца адна шкарлупіна. Трэба ездзіць, нешта глядзець, нешта сінтэзаваць. Гэта цяжка. Цяжка Пінігіну, таму што ён адзін. Адна справа, калі мы бяжым спаборніцтва, а другая — калі я бягу і разумею, што самы моцны. Трэба, каб усяго было больш. Купалаўскі — файны тэатр, добрая трупа, шыкоўныя акцёры. А трэба, каб такіх Купалаўскіх было некалькі.

— Нацыянальная тэатральная прэмія — гэта не спроба наладзіць спаборніцтва?

— Таварыства ўзаемнага захаплення адзін адным?.. На жаль, яна далей не ідзе, не робіцца з’явай. У нас шмат чаго магло б зрабіцца з’явай, але не зрабілася. Наогул, у нас розныя погляды на тое, што такое сучасная беларуская культура і якім чынам яна павінна рабіцца. Няма агульнага разумення пра гэта. Спрэчкі на ўзроўні: «Слон — гэта вяроўка». — «Не, слон — гэта калона». Зараз такі час, што ўсе існуюць неяк самі па сабе.

— Беларуская культура — наогул складаная форма аб’яднання розных людзей: для суграмадзян нібыта ёсць, а нібыта і няма…

— Тут трэба глядзець, які пункт адліку. Пачатак Ягелонскай дынастыі ў Вялікім Княстве Літоўскім? Ці 1917 год? А можа, лічыць з таго моманту, дзякуючы якому ў Мінску ёсць вуліца Е. Полацкай? Тут трэба гаварыць пра тое, на чым мы будуем сваю хату: на пяску ці на каменні? Калі я прыязджаю ў Мінск іграць спектакль «Местачковае кабарэ» ў тэатры імя Янкі Купалы, жыву на здымнай кватэры.

Там я ў шуфлядзе аднойчы знайшоў энцыклапедычны даведнік, які называецца «Янка Купала». Столькі ўсяго пра Купалу напісана: быў добры, выкрываў буржуазію і памешчыкаў, любіў сялян. Такое ўсё салодкае і пафаснае з класавай пазіцыі. І ствараецца ўражанне, што з Купалы ўсё пачалося. І быццам Міцкевіча да гэтага не было, і Кандратовіча-Сыракомлі не было. З вялікай спадчыны ВКЛ і Рэчы Паспалітай многіх народаў нам пакінулі толькі Дуніна-Марцінкевіча і таварыша графа Бандынэлі (Абуховіча). І больш нікога?.. А было шмат пісьменнікаў кшталту Фларыяна Чарнышэвіча, Юзэфа Мацкевіча, Сяргея Пясецкага, якія стваралі ў міжваенныя часы. Якія пісалі па-польску, але ж пра тое, што адбывалася тут. А іх куды падзець у нашай культуры? Так, ёсць бясспрэчная класіка савецкага часу: Купала, Колас, Чорны і г. д. Але не ведаю, ці мы ўзляцім на такіх крылах. Трэба вельмі моцна падумаць і перагледзець сваё стаўленне да гісторыі нашай культуры.

Мне наогул падабаецца нейкая стужачнасць, разнастайнасць… Калі ўсё было перамяшана. Здаецца, зараз час монаэтнічных дзяржаў скончыўся, таму трэба заўсёды дамаўляцца, і тады любую ідэю можна рэалізаваць. Толькі трэба дамовіцца пра тое, якая ідэя і які механізм рэалізацыі. Напрыклад, аднойчы, на адным з аўкцыёнаў, які я вёў, мы прадавалі кватэры. Мой дырэктар кажа: «Звярніся да людзей, спытай, на якой мове ім зручней». Спытваю, і раптам зала: «Па-беларуску давай!» Калі пачынаць нешта, то трэба пачынаць, вядома, з новага, але не трэба забывацца пра тое, як было. І сварыцца не трэба ні з кім.

— Тое, пра што вы кажаце, пачалося ў нас з 90-х гадоў…

— Тады шмат што пачалося. Памятаю, як пані Ядвіга Волкава пачала рабіць бардаўскія фестывалі ў Доме літаратара. Колькі было энергіі, колькі аўтараў! І куды ўсё падзелася? Альбо скончыўся бензін, альбо тэмы — пачалася свабода, амаль пра ўсё ўжо тады і праспявалі… А мне здаецца, калі творца нечым абмежаваны, — гэта вельмі здорава. Ён шукае шляхі, каб выказацца: эзопава мова, эпітэты і параўнанні, метафары… Колькасць сродкаў, праз якія можна дастукацца да людзей, адпаведна, можа павялічыцца. Трэба шукаць, а не браць гатовае.

Гэта лёс, у нас жа заўсёды так: каб нешта ўзяць з нашай зямлі, трэба прыкласці каласальныя намаганні, а гэта значыць, немагчыма было ленавацца, увесь час у працы, у працэсе стварэння багацця ўласнымі рукамі. Кажуць, што людзі палівалі зямлю потам, крывёю, — літаральна. Паглядзіце, колькі камянёў сабрана ў крушнях, калі па палях едзеш, тэхнікі ж не было — і людзі працавалі. Потым іх адарвалі ад зямлі, забралі прыватную ўласнасць, а каб чалавеку належала ўсё жыццё якіх 15 гектараў, то ён бы застаўся ў вёсцы. Наша галоўная каштоўнасць — зямля. А калі яе няма, ўцякаюць дзеткі з калгаса, збягаюць у горад. Каб людзі былі нечым прывязаны да гэтай зямлі, заставаліся б. Цяпер гляджу: знікаюць з карты маленькія вёскі. А вёскі няма — няма каму пераязджаць у мястэчка ці горад. Няма прытоку сілы з тым разуменнем каштоўнасці.

— Але ж ёсць такія мястэчкі, як тое, дзе ў вас хата. Новазаселенае?

— Гэта, хутчэй за ўсё, уцёкі ад рэчаіснасці, уцёкі ад горада. Некаторыя людзі там жывуць, некаторыя проста прыязджаюць на лета. Для мяне гэта магчымасць выключыцца і займацца сваімі справамі. Ходзіш і нюхаеш кветкі, глядзіш, як пад парогам мурашы поўзаюць, маленькія яшчаркі. Мне вельмі падабаецца сойка. Маленькая птушка (яе яшчэ называюць жалудзёўкай), якая мяняе навакольнае асяроддзе. У мяне на ўчастку дуб, гадоў 200, і калі на дубе паспяваюць жалужы, то сойкі пачынаюць актыўнічаць, выломваюць жалуды дзюбамі і дзесьці хаваюць. А потым ідзеш па сасновым лесе, і бачыш: там дуб вырас, там. Сойкі, нібы дурныя птушкі, незаўважна памянялі навакольнае асяроддзе.

— А сярод людзей ёсць такія сойкі, які непрыкметна нешта мяняюць?

— Вядома. Мы часта не бачым, не зусім разумеем ці з цяжкасцю верым, што такое магчыма. Бывае, мне кажуць: «Я на вашых песнях вырас». А калі пачынаеш аналізаваць, аказваецца, што шмат людзей падзяляюць мой пункт гледжання, у нас мазгі працуюць ва ўнісон.

— Людзі (грамадства) можа жыць ва ўнісон?

— Мы ж не будзем зганяць чалавецтва жалезнай мятлой да шчасця… Чалавек сам па сабе нараджаецца самотны, памірае самотны. Жыве часта таксама самотны. Я думаю, трэба даваць людзям рабіць тое, што яны хочуць. Калі ў іх будзе патрэба аб’яднацца, то яны захочуць адчуць сябе грамадствам.

Размаўляла Ларыса ЦІМОШЫК

(Заканчэнне. Пачатак)

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.