Вы тут

Што трэба рабіць, каб спагнаць грошы з даўжніка?


На пытанні адказвае Алена МІРОШНІКАВА, галоўны спецыяліст упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі.


Пазычыў у сябра грошы на тры месяцы. Не змог у час аддаць усю суму, закруціўся з работай, забыўся крыху. Аказалася, прайшло ўжо паўгода, сябру надакучыла чакаць, і мяне шукае судовы выканаўца. Хіба натарыус меў права рабіць выканаўчы надпіс, папярэдне не паведаміўшы пра гэта мне?

Аляксандр., г. Слуцк.

— Так, па-першае, натарыус меў на гэта права. Па-другое, заканадаўствам не прадугледжана апавяшчэнне натарыусам даўжніка аб здзяйсненні ў адносінах да яго выканаўчага надпісу (ні да яго здзяйснення, ні пасля).

Умовы здзяйснення натарыусам выканаўчага надпісу вызначаны артыкулам 106 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці». Адна з такіх умоў — адпаведнасць прадстаўленых дакументаў заканадаўству і пацверджанне імі бясспрэчнасці патрабаванняў спагнанніка да даўжніка (пры здзяйсненні выканаўчага надпісу аб спагнанні запазычанасці).

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2006 г. №1737 зацверджаны пералік дакументаў, паводле іх спагнанне выконваецца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў (далей — Пералік).

Бясспрэчнасць патрабаванняў спагнанніка пацвярджаецца адпаведнымі дакументамі, вызначанымі Пералікам.

Звесткі пра даўжніка, суму запазычанасці, якую трэба спагнаць, і іншыя ўносяцца ў выканаўчы надпіс натарыусам на падставе дакументаў, якія прадставіў спагнаннік.

* * *

Звязаўся з крэдытам у банку. Некалькі месяцаў ляжаў у бальніцы і не мог плаціць. Атрымаў здзейснены выканаўчы надпіс, згодна з якім я мушу выплаціць суму з улікам пені, якую я лічу беспадстаўна вялікай. Ці магу я аспрэчыць выканаўчы надпіс у судзе?

Максім Р., п. Бальшавік, Магілёўская вобл.

— У залежнасці ад характару нязгоды з выканаўчым надпісам натарыуса даўжнік можа аспрэчыць яго праз абскарджанне здзейсненага натарыяльнага дзеяння або ў парадку іскавай вытворчасці.

Калі ёсць падстава меркаваць, што натарыус пры здзяйсненні выканаўчага надпісу дапусціў нейкія парушэнні, гэтае дзеянне можна абскардзіць.

Калі даўжнік мае нейкія пярэчанні адносна сутнасці здзейсненага выканаўчага надпісу, напрыклад па прад'яўленай спагнаннікам суме доўгу, а не ў сувязі з дапушчанымі натарыусам парушэннямі, то даўжнік мусіць звярнуцца ў суд з іскавай заявай. У гэтым выпадку адказчыкам у судзе будзе выступаць спагнаннік.

Справы ўказанай катэгорыі суды разглядаюць у парадку, прадугледжаным Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, Гаспадарчым працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы

Загаловак у газеце: Каб спагнаць грошы з даўжніка, пацвердзіце бясспрэчнасць сваіх патрабаванняў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.