Вы тут

Перад сённяшнім днём заўсёды быў учарашні


Быў туманны ранак, калі я прыйшоў на Нямігу. Гадзіннік упарта сварыўся са мной, спрабаваў даказаць, што ранкам ужо і не пахне, але далёка не заўсёды гадзінніку можна верыць. Навокал стаяў ранішні туман. Ранішні туман стаяў цэлы дзень. Напэўна, гэта пятніца вырашыла расцягнуць раніцу, бы гумку. Усё ж такі словы даволі падобныя. “Пятніца”. “Раніца”.

Я прыйшоў на Нямігу не для таго, каб рабіць фота ці занатоўваць мінскае жыццё. Я прыйшоў, каб прыняць удзел у Літаратурным падарожжы “Шляхамі Яна Скрыгана”. Падарожжа, прымеркаванае да 111-годдзя пісьменніка і 5-годдзя заснавання школьнага музея ў а/г Камень. Разам са мной прымалі ўдзел знаёмыя, сябры і калегі пісьменніка. То бок хутчэй наадварот – гэта я быў з імі. Бо я да Яна Скрыгана ніякага не маю дачынення. Вельмі між намі вялікі храналагічны разрыў. Таму на гэтым свяце ўспамінаў я быў маўклівым назіральнікам. Учарашні дзень, пра які ішлі размовы і гутаркі, быў не маім учарашнім днём.

Мы ехалі па Мінску, а затым па Мінскай вобласці. За акном плылі краявіды. Ці гэта мы плылі. Белая сняжынка на калёсах па плынях ветру, па дарогах, па лабірынту сваёй краіны. Свайго “сёння”.

Першым пунктам прыпынку стала вёска Труханавічы, дзе намаганнямі ўнука Яна Скрыгана плануецца аднаўленне бацькоўскай сядзібы пісьменніка. Вёска Труханавічы мне здалася пакінутай, нават месцамі закінутай. На кожны жылы двор бачылася па тры-чатыры маўклівыя, пустыя. Дзіўна бачыць, як сярод гэтай пануючай маўклівасці і пустэчы рыхтуецца стварэнне свежасці і жыцця, вяртанне ўчарашняга ў сённяшні дзень.

У Труханавічах былі нядоўга. Пафатаграфавалі, паглядзелі, паспрабавалі “скрыганаўскіх” яблыкаў. І дарога голасам сумлення і адказнасці паклікала нас далей. Туды, дзе ўжо даўно чакалі вучні і адміністрацыя, экспанаты і актавая зала. У ДУА “Каменскі ВПК Д/С-СШ”.

Сустрэча была шчырай, шматэтапнай, пазнавальнай, эмацыйнай; пакінула ўражанні і ўспаміны, візітоўкі ў кішэнях і фатаздымкі на картах памяці. Мы зайшлі ў школу, і нас адразу сустрэлі прывітальнымі вершамі. Затым экскурсія па музею з энергічнымі і таленавітымі экскурсаводамі-школьніцамі. Згодна з маімі назіраннямі, асабліва госці былі ўражаны макетам сядзібы Яна Скрыгана. Але гэта ўражанне хутка змянілася іншым. Дзяўчынка Дар’я пазнаёміла са сваёй даследчай работай, прачытала верш свайго аўтарства і ўзяла ў палон сэрцы глядачоў і глядачак. Амаль кожны, атрымаўшы слова, адразу ўсхваляў Дар’ю. Як вынік, яна атрымала неверагодны аб’ём добрых, цёплых, ласкавых слоў і кніжку з аўтографам.

Вялікую колькасць часу забралі размовы. Шмат размоў. Кожны спрабаваў са свайго боку расказаць, успомніць, падзяліцца. Разбаўлялі гэтыя сумёты слоў, прывезеныя з Мінску, музыкі сваёй ігрой на звычайных і незвычайных інструментах, спевамі. Для выканання адной з песняў далучылася і Галіна Скрыган (дачка Яна Скрыгана). Былі прэзентаваны і прапанаваны кнігі пра Яна Скрыгана (успаміны сяброў, дзённікавыя запісы).

Увогуле гэты дзень стаў для мяне чароўным. Няхай ён і ўчарашні, але “перад сённяшнім днём заўсёды быў учарашні” і менавіта ён робіць мой сённяшні дзень. І зробіць яшчэ не адзін.

Станцыя метро “Інстытут культуры”. Спускаюся ў падземку. У заплечніку новая кніга. У левай руцэ тэлефон. Вечар. Ранішні туман растаяў бы нявядомасць і неразуменне. Толькі ўчора я згадзіўся на ўдзел у гэтай сустрэчы-падарожжы. А сёння ўжо не ведаю, ці магло быць інакш. Ці мог быць інакш сённяшні дзень.

 

                                                                                                                                                            Дзмітрый Шулюк

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.