Вы тут

Як захаваць беларускі фальклор?


…Калісьці Адам Міцкевіч прыйшоў да Гётэ (які займаў высокую пасаду), яны размаўлялі 3 гадзіны, хоць звычайна ў вядомага тады нямецкага пісьменніка гэта займала максімум паўгадзіны. Пасля Міцкевіч напісаў «Свіцязянку». У аснове паэмы, што ўвяла яго ў сусветную літаратуру, быў народны сюжэт…


Колькі яшчэ падстаў для творчасці захоўвае беларускі фальклор, а колькі іх можа быць страчана — з прычыны, што сыходзяць пакаленні, для каго гэтая культура стала часткай жыцця. Але з’яўляюцца тыя, хто, разумеючы гэта, імкнецца вывучыць, занатаваць: беларускі фальклор сталі даследаваць з ХІХ стагоддзя, збіраць (выдавалі, напрыклад, зборнікі песень), асэнсоўваць і інтэрпрэтаваць у мастацкіх творах (што рабілі літаратары і кампазітары). За савецкім часам са стварэннем Інбелкульта вялася актыўная экспедыцыйная праца па рэгіёнах. Пасляваенны перыяд даў імёны апантаных фалькларыстаў, якія разумелі, што можа страціць народ, ехалі ў глыбінку адшукваць скарбы.

І мы ўсё яшчэ можам радавацца: у Беларусі дагэтуль захоўваюцца ўзоры аўтэнтычнага фальклору ў яго натуральным існаванні. Гэта прыцягвае да нашай краіны ўвагу шматлікіх замежных спецыялістаў. Яны наўрад ці задумваюцца: ці надоўга гэтыя скарбы застануцца з намі? Нашы даследчыкі разумеюць рэальны стан спраў, таму ў захапленні багаццем, што немагчыма вымераць матэрыяльнымі велічынямі, клапоцяцца пра захаванне ўзораў традыцыйнай культуры. Падчас круглага стала ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» ішла гаворка пра захаванне і папулярызацыю беларускага традыцыйнага каляндарна-абрадавага фальклору.

Юрась Выдронак, фалькларыст, стваральнік фольк-мадэрн гуртоў «Палац», «Крыві», «Юр’я», кіраўнік праекта «Таўкачыкі»:

— Самая галоўная праблема цяпер у тым, што традыцыйная культура, якая існавала сотні гадоў, нават тысячагоддзі, пад уплывам урбанізацыі хутка знікае. За апошнія 30 — 40 гадоў адбыліся фатальныя змены, я іх адчуваю, прынамсі, па тым, што скарачаецца колькасць удзельнікаў у фальклорных гуртах, што працуюць з аўтэнтыкай, скарачаецца дыяпазон выканаўцаў. Ужо не кажу пра тое, што знайсці аўтэнтычныя танцы зараз — праблема. Сыходзяць абрады, рытуалы. Фальклору аўтэнтычнага, у тым выглядзе, у якім ён быў яшчэ гадоў 15 — 20 таму, ужо няма. Калі мы нічога не зробім у найбліжэйшы час, то за некалькі гадоў можам страціць усё. Таму варта думаць найперш пра захаванне фізічнае: відэаі аўдыяфіксацыю на прафесійную тэхніку выканання народных песень іх рэальнымі носьбітамі. У нас, на жаль, ніводная ўстанова гэтым не займаецца на належным прафесійным узроўні. Я маю на ўвазе не фіксацыю на аматарскую тэхніку — гэты працэс павінен быць наладжаны прафесійна на сучасным узроўні.

Патрэбна і карысна ўсё, што зроблена фалькларыстамі дагэтуль. Але ў нашай сітуацыі гэта часта самаахвяраванне. Напрыклад, калі жанчына, якая выязджае з дыктафонам на перакладных зімой — а Галіна Кутырова ледзь не загінула ў такой экспедыцыі… Пасля шматлікіх экспедыцый я для сябе вырашыў, што яны павінны быць добра арганізаваныя, трэба валодаць пранцыпамі і аператарскай працы, і навыкамі рэжысёра дакументальнага кіно, і асвятлення, і запісу гуку, і мантажу, каб належным чынам захаваць для гісторыі людзей, якія самі ўвасабляюць гісторыю — праз традыцыю. Чаму навукоўцы розных краін свету сёння цікавяцца фалькларыстыкай у Беларусі? Таму што тут сапраўды яшчэ захаваўся багаты аўтэнтычны матэрыял...

Ад рэдакцыі: І ёсць праекты па стварэнні каталога назапашанай фальклорнай спадчыны (прынамсі, у Інстытуце культуры Беларусі), вядзецца вывучэнне нематэрыяльнай спадчыны, у тым ліку на ўзроўні акадэмічных інстытутаў. Наогул фальклорны кірунак у наш час стаў даволі папулярным.

Вячаслаў Калацэй, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандытат культуралогіі:

— Справа ў тым, што стварэнне каталога — гэта маніторынг таго, што ёсць. Але ён не накіраваны на тое, каб забяспечваць пераемнасць. Гэта проста статыстыка, людзі даведваюцца, дзе што ёсць. Бо да апошняга часу звесткі былі ў прыватных архівах фалькларыстаў, і калі з’явілася пытанне, што ёсць неабходнасць узяць пад ахову нематэрыяльную культурную спадчыну, то аказалася, што інфармацыя не была зведзена ў адным месцы: дзе і што дагэтуль захавалася. З гэтай мэтай якраз і ствараецца каталог. Праектаў, якія накіраваныя на пераемнасць, на актуалізацыю і самавыяўленне носьбітаў традыцыйнай культуры ў нас не хапае. І наогул ёсць адзінкі, якія працуюць з тым, што мае дачыненне да аўтэнтычнага фальклору.

Таццяна Валодзіна, загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук:

— Любая справа трымаецца найперш на энтузіястах і прафесіяналах. Выдатна, што ёсць розныя падыходы да працы з фальклорам, іх прадстаўляюць структуры інстытуалізаваныя (кшталту Акадэміі навук ці Інстытута культуры Беларусі) з аднаго боку, і з другога — ёсць рух сярод зацікаўленых асоб і прафесіяналаў. Яны, на маю думку, мусяць падтрымліваць адзін аднаго, пры тым, што прадстаўляюць розныя кірункі адной і той жа дзейнасці. Калі казаць пра спецыялістаў, яны робяць сваю справу. Я лічу, што шэраг нашых беларускіх фалькларыстаў шмат сабралі і шмат зрабілі, не пагаджуся, што ў нас не праводзіцца прафесійная фіксацыя. Тое, што няма належнай прафесійнай тэхнікі, яшчэ не значыць, што спецыялісты робяць справу непрафесійна. Але я згодная, што недастаткова толькі збіраць фальклор, яму трэба падаўжаць жыццё, і я за тое, каб з’яўляліся людзі, якія гараць гэтай справай, прадумваюць нейкія праекты, арганізоўваюць фестывалі. А мы з боку Акадэміі навук гатовыя дапамагаць. Было б вельмі ўхвальным, каб у краіне на дзяржаўным узроўні падтрымліваліся розныя праекты, накіраваныя на фіксацыю, развіццё і захаванне фальклорных традыцый, у тым ліку і праз праект «Таўкачыкі».

Уладзімір Мароз, паэт, сцэнарыст, кінарэжысёр, вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»:

— І за савецкім часам здымалі фільмы, прысвечаныя фальклору. Напрыклад, знакаміты этнамузычны цыкл з 7-мі фільмаў (здаецца, пачынаўся ў 70-я гады). Заўсёды, калі да нас прыходзілі з прапановай, мы ішлі насустрач. Кінастудыя — не тая структура, якая вядзе мэтанакіраваную працу ў гэтым кірунку, але я паглядзеў фільмы за апошнія 5 гадоў: знятыя «І тчэ жыццё свае ўзоры», «Варвараўская свечка», «Абрад Чырачка», «Тураўская галава». Так, гэта несістэмная праца, і падтрымліваю думку, што павінна быць прафесійная група, якая б здымала фільмы, у якіх была б захаваная тэхналогія абраду, атмасфера, час. Таму што дакументальнае кіно так ці інакш эмацыйна афарбоўваецца рэжысёрам.

Вячаслаў Калацэй:

— На тым узроўні, на якім патрэбна, запіс робіцца несістэмна. Мы ў свой час больш за 10 год таму стварылі спецыялізацыю «Этнафоназнаўства». Мы атрымалі прызнанне і на фестывалях, і на конкурсах навуковых работ. Але ўвесь час, што існуем, нас хацелі да чагосьці далучыць: то да раздзела харавой музыкі, то да агульнай сусветнай музычнай культуры. Але, напрыклад, у Нарвегіі ёсць спецыяльная навучальная ўстанова, цалкам прысвечаная нарвежскай культуры, у тым ліку старажытнай, яны могуць сабе гэта дазволіць і ні да чаго гэта не далучаюць. Нам трэба зразумець: ёсць сусветная музычная традыцыя (італанямецкая музыка пісьмовай традыцыі), а ёсць музыка вуснай традыцыі, якая добра захавалася ў Беларусі. Мы маем моцную аўтэнтычную традыцыю. Ад нашых носьбітаў можна пачуць унікальныя творы (у параўнанні з іншымі краінамі). Але ёсць пытанне: што далей? Бо гэта традыцыя падхоплівалася наступнымі пакаленнямі, але ўжо ланцуг перарываецца. Зараз пераемнасць даверылі прафесіяналам — фалькларыстам, педагогам і дзеячам мастацтва.

Наталля Матыліцкая, спявачка, удзельніца фестывалю сучаснага фальклору Еўрапейскага вяшчальнага саюза «Еўрафолк», старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Лічыцца, што фалькларысты павінны рабіць усё за свой кошт, па нейкім астаткавым прынцыпе. Не думаю, што гэта правільна. На жаль, пра спадчыну мала хто з беларусаў думае ў штодзённым жыцці. Нягледзячы на тое, што ў нас сапраўды ёсць архівы, адчуваецца недахоп аўдыяі відэаархіваў на добрых носьбітах — вось у чым праблема. Для даследаванняў філолагаў-фалькларыстаў таго, што ёсць, магчыма, дастаткова. Але для спевакоў, для студэнтаў, для тых, хто спрыяе папулярызацыі і пераемнасці, патрэбны іншы ўзровень.

Яшчэ хацелася б сказаць пра такі важны момант. Адчуваецца востры недахоп выдадзеных і даступных больш шырока аўдыязапісаў аўтэнтычнага фальклору. Гэта я вам кажу як спявачка з вялікім стажам і як педагог, што выкладала аўтэнтычны вакал, меўшы сваю групу студэнтаў на нашай кафедры ўніверсітэта культуры. Раней як было (а часцяком працягваецца і да гэтай пары): этнамузыколагі суправаджалі тэкст песні нотным запісам яе мелодыі.

Гэта, магчыма, патрэбна для тэорыі навукі, але непрыдатна для практычнага ўзнаўлення гэтых песень. Я як спявачка не заспявала па гэтых нотах, а толькі калі пачула выкананне аўтэнтычнай бабулі з Любаншчыны… І ніхто не заспявае! Пры развучванні песень мы са студэнтамі кафедры этналогіі і фальклору прынцыпова арыентуемся толькі на запісы, бо толькі так можна напоўніцу адчуць усе нюансы аўтэнтыкі, ноты гэта не перадаюць. А горш за ўсё, што вядомыя такія факты ў савецкія часы: сціраліся аўтэнтычныя запісы з-за недахопу сродкаў на закупку новых касет.

 Дык вось, выдадзеных дыскаў вельмі мала. У тым ліку Юрась Выдронак пастараўся запоўніць гэты прагал, выдаўшы 2 дыскі па каляднай традыцыі Беларусі. Гэтую працу трэба працягваць. Наогул, мала хто можа пазмагацца за агульную працу, а звычайна толькі за сваю частку. Але ж на нас адказнасць за захаванне беларускай спадчыны для ўсяго свету. Гэта праблема, на маю думку, узнятая своечасова. Наогул, людзей з інтэлігенцыі, якія ўзнялі на такі ўзровень праблему, у нас вельмі мала. Выдронак многія рэчы зрабіў першым у СНД, напрыклад, на сцэну «Славянскага базару» вывеў аўтэнтычную бабулю.

Адметны фестываль «Таўкачыкі», які ўжо трэці год не атрымлівае падтрымкі (хоць да гэтага 10 гадоў яго падтрымлівалі). Гэты фестываль трымае вельмі высокую мастацкую планку: у сучаснай музыцы, звязанай з фальклорам, у нас няма нічога падобнага. Здаецца, фальклору шмат, але гэта шырспажыў мастацкай самадзейнасці. Некалі ва ўкраінскім падручніку я прачытала, што фальклор у іх — высокае мастацтва на ўзроўні з класікай. У нас няма такога падыходу.

Вячаслаў Калацэй:

— У грамадстве няма прызнання таго, што аўтэнтычны фальклор у сваіх лепшых праявах — гэта асаблівае аўтэнтычнае мастацтва. Бо гэта мастацтва прынцыпова іншай прыроды. У сваіх лепшых праявах гэта мастацтва на ўзроўні шэдэўра, але ім ніхто не жадае займацца як належыць. Калі для папулярызацыі класічнай музыкі ёсць сістэма, якую ў савецкі час заклалі Луначарскі і Ленін, — музычная школа, каледж, кансерваторыя, філармонія, — то для мастацтва вуснай традыцыі сістэма не створана (на жаль, дамы творчасці не працуюць у гэтым кірунку). Патрэбныя рэальныя праекты, якія знаёмяць з ім шырокія колы грамадства, папулярызуюць аўтэнтычны фальклор, узнімаюць яго на ўзровень высокага мастацтва. Напрыклад, ёсць фестываль «Берагіня», скіраваны на захаванне аўтэнтычнай харэаграфіі. Гэта пераемнасць ёсць і ў фестывалі аўтэнтыкі «Таўкачыкі», калі на філарманічную сцэну выходзяць рэальныя носьбіты традыцыі.

Праект накіраваны на папулярызацыю і ўзняцце традыцыйнай спеўнай культуры да статусу высокамастацкага, сцэнічна запатрабаванага ўзору. Праект цягнецца некалькі год і атрымаў прызнанне, бо ў нас адзінкі такіх фестываляў, дзе яднаюцца некалькі пакаленняў, уцягнутых у фальклорную творчасць: носьбіты традыцыі (аўтэнтычнага напрамку), моладзь, якая пераймае гэта на прафесійным узроўні, — фолькі рокгурты, эксперыментальныя аб’яднанні, нават дзеці. Арганізатары праекта раюцца са спецыялістамі, калі запрашаць аўтэнтычныя гурты. Быў вялікі плён ад гэтага праекта: этнічная культура была ўзнята на пастамент высокага мастацтва. Гэта той кірунак, за якім наогул адметнае аблічча беларускай культуры.

Віктар Кульпін, старшыня Асацыяцыі майстроў музычных інструментаў Беларускага саюза музычных дзеячаў, дацэнт, кандыдат філасофскіх навук:

— Фальклор — сістэма самадастатковая. Яна жыве, бо ў ёй жыццё тых, хто яшчэ не памёр. Слова «прафесіянал» у гэтым свеце і добрае, але і ўяўляе сабой «развал цэлага», бо мы мыслім прадметна. Народная культура забяспечвае жыццё, якое цячэ само па сабе. Беларуская культура вялікая тым, што ў нас ёсць традыцыя, згодна з якой добрае не выкідаецца — гэта наогул наша нацыянальная рыса. Тут выкарыстоўвалася слова «сістэма», за яго трэба зачапіцца, таму што любая праца павінна быць усталявана ў сістэму. У нас працавала навуковадаследчая лабараторыя народных інструментаў (да чаго я меў дачыненне).

 Нашы тэмы мелі прыкладны характар: мы займаліся гісторыяй стварэння народных інструментаў. Мы павінны давесці справу да канца, каб быць карыснымі айчыннай культуры: каб кожная мама мела магчымасць пайсці ў краму і набыць традыцыйны музычны інструмент для свайго дзіцяці, якое б далей працягвала беларускую музыку ці хаця б разумела яе. Для гэтага патрэбна паслядоўная дзяржаўная праграма, падмацаваная фінансаваннем. Патрэбная сістэма, дзе адно рашэнне не перакрэслівала б іншыя, дзякуючы чаму мы наблізіліся б да рэальнага выніку.

Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў:

— Калі ў нас не з’явілася разуменне, што фундамент краіны і нацыі — мова, а разам з мовай — фальклор, то на што спадзявацца? Грамадства само сябе пачынае ратаваць праз прыватныя ініцыятывы (падобна праекту «Мова нанова»). Тое ж і з фальклорам: ёсць апантаныя людзі, здольныя ім запаліць іншых. Таму што ў нас, на жаль, большасць разумее пад фальклорам вульгарна-папсовую нібыта народную музыку, якая бярэцца за ўзор. Але гэта прафанацыя фальклору, адзін з варыянтаў папсы. А фальклор — чыстая форма, узор гармоніі і ці не найвышэйшая ступень нашай культуры. Падтрымліваць яе, дбаць пра пераемнасць традыцый — дзяржаўная справа, на што мы і можам звярнуць увагу.

Наталля Матыліцкая:

— Таксама і ў дачыненні да тых жа «Таўкачыкаў». Гэта праект, які нарадзіўся з прыватнай ініцыятывы. Але задачу ён выконвае дзяржаўную, таму і клопат павінен быць дзяржаўны ў яго падтрымцы. І ўлады, і мы, прафесіяналы, нясём адказнасць за тое, што пакінем нашчадкам і ў якім стане. Сёння тэкставых архіваў шмат, але ў дачыненні да фальклору новы ніколі не будзе лішнім. У Літве, напрыклад, шмат бабулек перазапісаныя па сто разоў. У нас на добрых носьбітах трэба было б перазапісаць усіх, хто яшчэ прадстаўляе аўтэнтычныя спевы. Ва ўніверсітэце мы вучым, каб усё было як на вуснай традыцыі — і гэта лепшае, што дазваляе адчуць душу песні.

Віктар Кульпін:

— Народная культура — гэта сапраўдная скарбонка мудрасці. Беларуская народная культура — узор талерантнасці, дзе спалучыліся і суіснавалі розныя плыні: у ёй і дагэтуль ёсць праявы паганскіх часоў (трэба разумець, што гэта сведчанне пэўнага этапу, які прайшла культура ў працэсе фарміравання) і больш позняй хрысціянскай традыцыі. Народная традыцыя засвоіла абедзве гэтыя практыкі ў тым варыянце, дзе яны сведчаць пра доўгае культурнае развіццё народа, а не перашкаджаюць ці супрацьстаяць адна адной.

Гэта трэба разумець, ацэньваючы канкрэтныя праекты з пункту гледжання іх культурнай вартасці, а не шукаць тое, чаго ў іх няма. Як, напрыклад, у адным праекце разгледзелі несупадзенне з ідэаламі хрысціянства: я паглыбіўся ў беларускі міф, калі рабіў спектакль «Дзень Перуна» разам з Ларысай Сімаковіч. Але нас падтрымалі ў Міністэрстве культуры. Справа ў тым, што ёсць рэчы, якія трэба разглядаць у культуралагічным ключы, але не ў традыцыі асобнай канфесіі ці веры, таму што яны гістарычныя, істотныя для народа, для разумення яго менталітэту і нацыянальных рыс.

Аляксей Рагуля, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца:

— На маю думку, мы робім памылку, калі раскладаем фальклор на кавалачкі, па скрыначках. Трэба браць сутнасць фальклору ў цэлым, з яго анталогіяй, з яго эпістэмалогіяй і далей выходзіць на асобу. Мы можам выдрэсіраваць студэнтаў правільна спяваць, але гэта будуць малпы, якія навучацца капіраваць. Але трэба браць у цэлым комплекс — антрапалагічныя значэнні і агульны сэнс фальклору, бо ў ім усё арганічна. Але напачатку — сэнс, Логас, згодна з Пісаннем (у перакладзе мы яго разумеем як Слова). Напачатку і павінна стаць гэтая першапачатковая сума ападыктычнага ведання, што і засяроджана ў беларускім слове. Логас мае розныя значэнні: гэта слова, гэта навука, гэта розум. А ў наш час патрэбна такое слова, якое было б забяспечана перш за ўсё беларускім досведам нацыянальнага існавання. Таму трэба сёння ісці ў людзі.

І ёсць яшчэ важны аспект: культурфіласофскія сэнсы народнай культуры. Мне здаецца, словы «традыцыйная культура» нас цягнуць назад (бо атрымліваецца, што ёсць нетрадыцыйная культура). Але без традыцыі няма культуры, бо традыцыя — гэта культурная памяць, якая папаўняецца ўвесь час новымі напластаваннямі, сэнсамі. Гэтыя сэнсы заключаны ў розных формах яе існавання, перш за ўсё ў форме дзеі… Таму я б палічыў патрэбным фарміраванне вандроўных тэатраў. І там павінен гучаць тэатр усіх форм фальклору. У нас няма пераемнасці ні ў слоўнай, ні ў, мне здаецца, музычнай культуры, ды ў тэатральнай культуры. Таму тое, што стварыў Мікола Козенка, ці тое, што робіць Выдронак, а таксама тое, што знайшлі нашы тэарэтыкі, — усё трэба матэрыялізаваць. І тады з намі будуць лічыцца: калі мы грымнем, калі беларуская культура загучыць, калі народ разам з намі будзе спяваць, скакаць, весяліцца, плакаць...

Вольга Лабачэўская, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства:

 — Тое, што мы абмяркоўваем сёння, — адна з форм захавання і развіцця фальклорнай спадчыны, якая належыць усяму насельніцтву краіны. Як падаткаплацельшчыкі мы ўсе выдаткоўваем грошы на тое, каб краіна мела адпаведную культуру. Таму варта было б паставіць пытанне: чаму Інстытут культуры Беларусі, які быў адноўлены, у свой час рабіў першы міжнародны фестываль фальклору, але ні другога, ні трэцяга потым не было? Напэўна, пры такой дзяржаўнай структуры павінны быць дырэкцыі фестываляў, скіраваныя перш за ўсё на захаванне аўтэнтыкі: «Берагіні» і «Таўкачыкаў».

Юрась Выдронак:

— «Таўкачыкі» — гэта не фестываль, а праект, які аб’ядноўвае экспедыцыйную працу, далей займаецца рэканструкцыяй абрадаў, ладзіць семінары, выстаўкі, канцэртныя праграмы. Гэта праект комплексны, але накіраваны на вырашэнне праблемы папулярызацыі і разумення аўтэнтычнага фальклору як высокага мастацтва. Раней было разуменне таго, што мы робім, мы адчувалі падтрымку дзяржавы…

Рыгор Сітніца:

— Неабходныя такія фальклорныя фестывалі, бо яны ў першую чаргу для моладзі, якой патрэбная культурная глеба. А моладзь разумее, што ёсць фальклор, што ёсць мадэрн-фальклор, як яны суіснуюць, як з аднаго можа вырасці другое, атрымаць працяг у сучаснасці.

Вольга Лабачэўская:

— Фальклор і народная культура так ці інакш дапамагаюць народу вырашыць праблему ідэнтычнасці. Сёння гэта праблема актуалізаваная, ёсць яе адчуванне на дзяржаўным узроўні. Таму што фальклор — гэта і праблема нацыянальнай бяспекі, што актуальна для нашай (як і для любой іншай) краіны. Таму вакол гэтай тэмы павінны аб’яднацца тыя, хто займаецца альбо тэарэтычнымі, альбо практычнымі пытаннямі.

Запісалі Маргарыта ДЗЯХЦЯР, Ларыса ЦІМОШЫК

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Судан.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.