Вы тут

Паром у прыцемках


У паромнай переправы “Дзісна-2” заканчваецца чарговы навігацыйны сезон і неўзабаве 60-тонны агрэгат стане на прыкол. У гэтыя дні паромшчыкам даводзіцца працаваць у экстрэмальных умовах, бо ў выніку маразоў на рацэ з’явілася шуга, якая чапляецца за барты і нацяжныя тросы, збівае хуткасць, не дае ўшчыльную падысці  да берага. Цяпер светлавы дзень хутка змяншаецца, у прыцемках даводзіцца пачынаць і заканчваць рэйсавы дзень. Напружаныя ўмовы робяць працу паромшчыкаў яшчэ больш складанай, небяспечнай. І не толькі для сябе і пасажыраў – для самога парома. Таму плывучы сродак чакае працяглая зімовая стаянка.


Пераправа на Дзвіне каля горада Дзісны знаходзіцца на 81-м кіламетры дарогі Дрэтунь – Дзісна – Празарокі. Водны ўчастак гэтай дарогі абслугоўвае філіял Мёрскага ДРБУ-203, якім загадвае дарожны майстар Андрэй Якушын.

– Нашаму парому ўжо трыццаць гадоў, але ён спраўны, дагледжаны, – кажа Якушын. –  На пароме пераплываюць работнікі пансіяната для састарэлых у пасёлку Луначарск, а таксама жыхары бліжэйшых вёсак процілеглага берега. Летам і восенню – ягаднікі і грыбнікі, рыбакі, нарыхтоўшчыкі дроў. Сёлетнюю навігацыю паром працаваў без збояў і вялікіх паломак.

Паром “Дзісна-2” злучае два раёны – Мёрскі і Верхнядзвінскі. Сваю эксклюзіўную назву плывучы сродак займеў дзякуючы майстру Якушыну, які ў свой час забіраў паром з капітальнага рамонту і прыдумаў і запісаў назву. Памеры парома 24 на 16 метраў, грузапад’ёмнасць – 60 тон. Пры дапамозе сілавой устаноўкі з дызельным рухавіком ад трактара Т-40 паром пераплывае Дзвіну за 10 хвілін, а гэта амаль 250 метраў сярод хуткай плыні.

Дзісенскіх паромшчыкаў афіційна называюць матросамі і аднаго рулявым. Іх тут восем –Віктар Пяткоў, Георгій Барткевіч, Эдзіслаў Янушэўскі, Васіль Маслоўскі, Алег Касаты, Сяргей Рудак, Іван Кабяк і Валерый Валынец. Дзяжураць пазменна і заўсёды ў пары. Вахта цягнецца кругласутачна. У кожнага з іх вялікі стаж працы і вопыт упраўлення з агрэгатам. А ў міжсезонне, гэта значыць – зімой, яны працуюць звычайнымі дарожнымі рабочымі і трактарыстамі, абслугоўваюць праезныя ўчасткі, тратуары і прыпынкі.

У апошнія дні работы парома мне давялося паназіраць за работай паромных матросаў, убачыць іхнія ўмовы быту. На змене былі Алег Касаты і Сяргей Рудак. Потым іх змянілі Іван Кабяк і Валерый Валынец (усе яна на фота). На пароме было зябка, няўтульна. Ад вады цянула вільгаццю. Хацелася ў цяпло, да печкі-“буржуйкі”. Скажу я вам праўдзіва – несалодкая служба ў паромшчыка. Асабліва ў пачатку зімы.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Мёрскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.