Вы тут

Пад Барысавам правялі рэканструкцыю бітваў 1812 года


Маштабная бітва разгарнулася ў апошнія дні лістапада на адным з берагоў Бярэзіны. Рэканструктары з Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы і Бельгіі ўзнавілі адну з самых жудасных падзей у гісторыі чалавецтва. Як і 204 гады таму, каля беларускіх вёсак Студзёнка і Брылі ў сутычцы сышліся прадстаўнікі розных народаў. Але на гэты раз — каб ушанаваць памяць тых, чыё жыццё абарвалася тут у халодныя лістападаўскія дні 1812 года...


Быць або не быць?

Гэтая бітва стала самай няўдалай і трагічнай у гісторыі напалеонаўскіх войнаў. Страціўшы пад Барысавам каля 35 тысяч вайскоўцаў, большую частку артылерыі і абозаў, французская армія фактычна перастала існаваць. Гэтая падзея стала найвялікшай трагедыяй для французскага народа. З таго часу крушэнне ўсіх надзей яны называюць адным словам — «berezіna».

Тым не менш Напалеону ўсё ж удалося пазбегнуць поўнага краху і адступіць.

— Менавіта тут перад французскім імператарам паўстала пытанне: быць або не быць, — лічыць кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ігар ГРУЦО. — Або ён выйграе бітву і сыходзіць, або прайграе і застаецца тут. Пісалі, што ў бярэзінскіх балотах павінна была закаціцца зорка Напалеона. А яна заззяла з новай сілай. Тое, што ён змог адсюль вырвацца, яшчэ на два гады асудзіла Еўропу на кровапраліцце.

На зіму Напалеон не разлічваў

У тыя восеньскія дні (26 — 29 лістапада па новым стылі), калі адбывалася бітва на Бярэзіне, надвор'е было па-здрадніцку супраць. Маразы змяняліся адлігай, адліга — маразамі. Людзі падалі ад холаду, голаду і бяссілля. Неспрыяльныя ўмовы сказаліся і на конях.

Генерал Роберт Вільсан, які ў вайну 1812 года прадстаўляў англійскія інтарэсы пры Рускай імператарскай арміі, у сваіх успамінах апісаў дастаткова пацешны эпізод. Калі ён у суправаджэнні невялікага атрада казакоў ішоў за адступаючымі войскамі Напалеона, давялося спыніцца на адным з пераходаў. Там яны ўбачылі жудасную карціну: каля дарогі ляжалі трупы коней. Уважліва агледзеўшы падковы, казакі зрабілі выснову, што «з Божай дапамогай Напалеон забыўся, што ў нас бывае зіма». Падковы былі летнімі.

На галалёдзе коні ў прамым сэнсе ламалі ногі, што вельмі адмоўна адбілася на становішчы французскай арміі. Недахоп у жывой сіле асабліва адчуваўся пры перавозе артылерыі і абозаў.

Уся гэта сітуацыя не магла не паўплываць на кавалерыю. Толькі пасля бітвы пад Красным, што непадалёк ад мяжы з Беларуссю, за некалькі дзён загінула каля 30 тысяч коней. Не выпадкова Напалеон вымушаны быў накіраваць у Францыю ліст, у якім пісаў, што менавіта коні яму неабходны, каб скончыць кампанію паспяхова.

Эпі­зо­ды ва­ен­на-гіс­та­рыч­най рэ­кан­струк­цыі на Бры­лёў­скім по­лі.

Сквапнасць згубіла...

Калі напалеонаўская армія падчас адступлення з Масквы апынулася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у яе шэрагах заставалася каля 24 тысяч баяздольных салдат. Аб тым, што французскае войска да гэтага моманту значна аслабла, сведчыць тое, што каля Оршы менш чым за тыдзень загінула каля 6 тысяч вайскоўцаў. Прычым не ў баявой абстаноўцы.

Ёсць меркаванне, што калі б не абозы з нарабаванай Напалеонам маёмасцю, то пераправа праз Бярэзіну не была б такой трагічнай. Менавіта набітыя да краёў заплечнікі не давалі стомленым салдатам рухацца хутчэй.

— Салдат, абцяжараны ранцам, забітым усялякімі каштоўнымі рэчамі, будзе думаць, каб вярнуцца дахаты разам з імі, а Напалеон і яго планы яму глыбока абыякавыя, — перакананы Ігар Груцо. — Калі салдат думае не пра тое, каб выканаць загад начальніка, а як захаваць нарабаваную ім маёмасць, гэта не армія, а натоўп.

Ці мог французскі імператар пакінуць нарабаванае золата? Гісторыкі кажуць, што не мог. Не зразумелі б салдаты і афіцэры, для якіх абозы з трафеямі з'яўляліся ўзнагародай за пралітую на чужыне кроў. Толькі ці ўсім давялося яе атрымаць?

Праўда, у Оршы Напалеон некалькі рэфармаваў армію. Дэманструючы рашучасць сваіх намераў усё-такі пазбавіць французскае войска ад гэтага пракляцця ў выглядзе абозаў з трафеямі, Банапарт асабіста становіцца на мосце праз Днепр і дае загад аб скідванні некаторых павозак у раку. Але, як паказалі падзеі на Бярэзіне, вайскоўцы не спяшаліся развітвацца са сваім багаццем.

Хрэстаматыйны подзвіг

Менавіта ў Оршы Напалеон страціў свой пантонны парк. І цяпер пераадоленне водных перашкод ператварылася для яго ў цяжкавырашальную задачу. Ды яшчэ дарога на Барысаў, дзе знаходзіўся мост, была адрэзана.

Каб пераправіцца цераз Бярэзіну, загартаваныя баямі сапёры, якія ведалі, што ад іх дзеянняў залежыць выратаванне арміі, пачалі высякаць лес. Але паколькі гэта патрабавала вялікіх намаганняў, ды і рускае войска наступала на пяты, на будаўніцтва пераправы пайшлі хаты жыхароў вёсак Студзёнка і Брылі.

Узвядзенне двух мастоў (адзін — для пераходу людзей, другі — для артылерыі і павозак) стала хрэстаматыйным подзвігам сапёраў французскай арміі. Па горла ў ледзяной вадзе, б'ючыся аб крыгі, якія перашкаджалі працаваць, яны ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля тых, хто чакаў сваёй чаргі на пераправу.

Па ўспамінах сведак, усе сапёры потым загінулі ад пераахаладжэння. Генерал Эбле, які камандаваў вайскоўцамі, неўзабаве памёр ад запалення лёгкіх. Кажуць, што калі ўвесну на Бярэзіне пачаў таяць лёд, рака, якая не магла варухнуцца ад тысяч трупаў і тон жалеза, змяніла сваё рэчышча.

Пытанне без адказу

Паводле афіцыйных звестак, падчас бітвы на Бярэзіне Напалеон страціў каля 35 тысяч сваіх вайскоўцаў. Страты рускай арміі вагаюцца ў межах 8 тысяч.

— Калі вайна скончылася, было загадана пахаваць целы загінулых да наступлення вясны, — расказвае Ігар Груцо. — Згодна са справаздачамі губернатара, у Барысаўскім раёне спачывае больш як 40 тысяч удзельнікаў тых падзей. Толькі ля Студзёнкі вечным сном спяць 8052 салдаты. Колькі сярод іх прадстаўнікоў французскай арміі, а колькі рускай — пытанне, на якое і сёння няма адказу.

Ігар Груцо перакананы, што дакладную лічбу палеглых у бітве на Бярэзіне ніхто ніколі не назаве. «У той мітусні і блытаніне, якая тут адбывалася, нікому не было справы да 2-3 чалавек, калі гінулі тысячамі, — гаворыць ён. — Я заўсёды кажу, што ад крыві, пралітай на гэтым месцы, трава павінна быць чырвонай».

Вядомы беларускі этнограф Павел Шпілеўскі, які падчас сваіх экспедыцый яшчэ застаў жывых сведак той трагедыі, пісаў: «Шчаслівы, хто мог пазбегнуць такой страшнай смерці! А можа, быў шчаслівы той, хто памёр у той дзень, бо, скончыўшы разам усе пакуты, не бачыў і не чуў, што было пасля. А было — жудасна!»

Не ўсе воіны, палеглыя падчас той бітвы, былі пахаваны. Многія назаўсёды засталіся ў водах Бярэзіны. Ахвяр, знойдзеных на берагах ракі, па ўказу губернатара сяляне сцягвалі ў пэўныя месцы. Але не хавалі, а проста закопвалі ў полі каля вёскі Брылі.

У гэтай брацкай магіле, што завецца сёння Брылёўскім полем, нямала і мірных людзей. Колькі жыхароў вёсак Студзёнка і Брылі засталося без даху над галавой, калі іх хаты паслужылі пераправай для адступаючых войскаў Напалеона? А чаму ніхто не ўлічвае бежанцаў, якія, ідучы за французамі з надзеямі на лепшае жыццё, гінулі ў водах Бярэзіны?

Увесь жах тых падзей, якія позняй восенню 1812 года адбыліся на беларускай зямлі, перадаюць успаміны аднаго з афіцэраў рускай арміі Аляксея Мартаса: «Вечарам таго дня раўніна Весялоўская, даволі вялізная, уяўляла жудаснейшую, невымоўную карціну: яна была пакрытая драбінамі, карэтамі, большасцю пераламанымі, наваленымі адна на другую, усцеленая целамі памерлых жанчын і дзяцей, якія ішлі за арміяй з Масквы, ратуючыся ад бедстваў гэтага горада ці жадаючы ісці ўслед за сваімі суайчыннікамі, якіх перамагала смерць розным чынам. Лёсам гэтых няшчасных, што знаходзіліся паміж дзвюх армій, якія змагаліся, была пагібельная смерць; многія былі растаптаны коньмі, іншыя раздушаны цяжкімі вазамі, знішчаны градам куль і ядраў, патоплены ў рацэ пры пераправе з войскамі або абадраныя салдатамі, кінуты голымі ў снег, дзе холад хутка спыніў іх пакуты...»


Беларуская зямля стала вечным прытулкам для гэтых людзей, для вайскоўцаў, якія два стагоддзі таму змагаліся за сваю свабоду і незалежнасць, за амбіцыі аднаго чалавека. У памяць аб іх, аб тых падзеях, якія прадвызначылі лёс многіх краін, у Студзёнцы, а таксама на Брылёўскім полі стаяць манументы. На іх — ні аднаго прозвішча.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Больш фота з фестывалю «Бярэзіна 2016»

Загаловак у газеце: Пракляцце Напалеона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.