Вы тут

Аналітыкі лічаць, што беларускі рубель - у фазе ўпэўненай стабільнасці


Напрыклад, сур'ёзны эксперт на фінансавым рынку кампанія ТэлеТрэйд вырашыла прааналізаваць дынаміку банкаўскіх укладаў. Аказалася, што яны сёлета пачалі... скарачацца. Гэта і не дзіўна, бо рэальныя даходы большасці беларусаў ужо не павялічваюцца. Эксперт-аналітык кампаніі ў нашай краіне Жанна Кулакова адзначае, што цяпер раней зробленыя зберажэнні выдаткоўваюцца на спажыванне. Атрымліваецца, што няпростае фінансавае становішча прымушае людзей жыць па сродках. Гэта калі бягучых даходаў хапае на ўжо звыклы ўзровень жыцця. А калі не? У такім выпадку людзі пачынаюць скарачаць выдаткі або «праядаць» зробленыя раней назапашванні. Цікава, а як гэта можа паўплываць на фінансавае становішча нашага рубля? Паспрабуем разабрацца з калькулятарам у руках.


Не паклаўшы, не возьмеш

Намінальна рублёвыя дэпазіты за 10 месяцаў выраслі на 7,8% з 2,61 да 2,82 млрд рублёў. Аднак прырост з пачатку года не перавышае капіталізаваныя працэнты, а апошняе сведчыць аб тым, што новых грошай банкі па сутнасці не атрымалі. Па валютных укладах адток яшчэ больш відавочны. За 10 месяцаў аб'ём тэрміновых валютных укладаў фізічных асоб скараціўся з 7,69 да 7,07 млрд рублёў. У выніку з пачатку года нашы людзі забралі з банкаў кожны 12 -ы долар. У працэнтах скарачэнне склала амаль 8%.

Эксперты ўпэўнены, што зараз мы маем справу не з ператокам грошай з рахунку на рахунак ці з валюты ў валюту, а з адтокам. Праўда, валюта, якая адбіраецца з банкаў, потым прадаецца на ўнутраным рынку, а атрыманыя рублі трапляюць у рэальны сектар эканомікі. Няўжо гэта для дзяржавы дрэнна? Пытанне не зусім простае. За студзень—кастрычнік беларусы на чыстай аснове прадалі 1,6 млрд долараў. У маштабах айчыннага рынку гэта вельмі шмат, і гэты фактар сёлета аказаў рублю вельмі добрую падтрымку, лічыць Жанна Кулакова.

Усякі грош харош?

Велізарнае значэнне для валютнага рынку мае сальда знешняга гандлю — гэта значыць,  розніца паміж імпартам і экспартам. Калі экспарт будзе перавышаць імпарт, то прадпрыемствы не будуць праяўляць празмерны попыт на валюту. У першым паўгоддзі сітуацыя ў знешнім гандлі была не самай спрыяльнай, сальда сыходзіла ў мінус на некалькі соцень мільёнаў долараў, але цяпер усё выправілася, і сальда ўжо 4 месяцы запар станоўчае. Больш таго — станоўчым з'яўляецца і выніковы паказчык па сальда з пачатку года. За студзень—верасень экспарт перавысіў імпарт на 390,5 млн долараў. У выніку прадпрыемствы і іншыя юрасобы не праяўляюць на валюту значнага попыту. За студзень—кастрычнік яны купілі на чыстай аснове ўсяго 8 млн долараў, а ў маштабах макраэканомікі гэта практычна нуль. Адзначаная тэндэнцыя ўзмацнілася яшчэ і тым фактам, што нерэзідэнты ў гэты перыяд выступілі чыстымі прадаўцамі і прадалі 374,9 млн долараў. Усяго з боку насельніцтва, прадпрыемстваў і нерэзідэнтаў маем чысты прыток валюты на айчынны рынак 2 млрд долараў. А гэта ўжо сапраўды вельмі шмат, лічыць эксперт. Рубель з такім прытокам мог значна ўмацавацца, але гэтага не адбылося: з пачатку года ён знізіўся да долара на 4,7%, да еўра ўпаў на 1,6%, да расійскага рубля — амаль на 20%. Гэта пры тым, што валюты на ўнутраным рынку было з лішкам, а цэны на нафту і расійскі рубель выглядаюць значна лепш, чым у пачатку года.

Што вінен, аддаць павінен

Значную частку валюты, якую прадало насельніцтва і прадпрыемствы, купіў Нацбанк. Перад нашай краінай досыць востра стаіць праблема пагашэння валютнага дзярждоўгу. Сёлета агульная сума такіх плацяжоў перавышае 3 млрд долараў. Аб'ём золата-валютных рэзерваў (ЗВР) у Беларусі невялікі, таму валюта нам вельмі патрэбная.

У 2016 годзе дзяржаве ўдалося прыцягнуць 800 млн долараў за кошт крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), 1,3 млрд долараў за кошт валютных аблігацый на ўнутраным рынку, што ў суме дае ўжо больш за 2 млрд, астатняе далі экспартныя пошліны і купля валюты на ўнутраным рынку. У выніку краіна здолела абслужыць валютны дзярждоўг і нават нарасціць ЗВР. Калі б не актыўнасць насельніцтва, якое прадало звыш 1,6 млрд долараў, сітуацыя на валютным рынку была б значна больш напружанай.

Загляне сонца і ў наша аконца

Наступны год для нашай фінансавай сістэмы абяцае стаць таксама складаным. Налета абслугоўванне валютнага дзярждоўгу запатрабуе адшукаць каля 2,3 млрд долараў. Сума вялікая, але гэта ўжо крыху менш, чым сёлета. Плануецца прыцягнуць 700 млн долараў за кошт крэдыту ЕФСР, 800 млн долараў за кошт размяшчэння еўрабондаў, а таксама 360 млн долараў за кошт продажу аблігацый на ўнутраным рынку. У суме атрымліваецца 1,86 млрд, а астатнія 450 млн долараў прынясуць краіне экспартныя пошліны і купля Нацбанкам валюты на ўнутраным рынку. Калі гэты план цалкам удасца ажыццявіць на практыцы, то рублю ў найбліжэйшы час нічога не пагражае, упэўнены фінансавыя эксперты. Праблемы на валютным рынку могуць пачацца ў выпадку, калі сальда знешняга гандлю стане адмоўным, ці калі дзяржаўным органам не ўдасца рэалізаваць усе запланаваныя запазычанні або калі адбудуцца нейкія знешнія шокі. Аднак у найбліжэйшы час бягучыя тэндэнцыі, хутчэй за ўсё, захаваюцца, упэўнена эксперт-аналітык, і рубель будзе адчуваць сябе нядрэнна.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У фазе ўпэўненай стабільнасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.