Вы тут

“М”ы. Набытае за год


“М”ы. Набытае за год

Замацаваліся ў новым іміджы: беласнежная “мелаванка” пад квадрацікам “Мала ды досыць”, з выразам “Таму, хто думае” на карэньчыку. Кожнае паспяховае выданне мае на вокладцы слоган. “Маладосць” таксама.

Прыдумалі Досцю. Дакладней, яна сама ў нас з’явілася. І захацела мець сваю амбіцыйную рубрыку: “Эксклюзіў Досці”. Што яна напіша ў новым годзе?

Выпусцілі “яўрэйскі” нумар, пра які даўно марылі і які так ахвотна збіралі для нас самыя розныя аўтары.

Узнялі — нарэшце! — тэму рэкламы. Два гады да гэтага рыхтаваліся.

Выпусцілі новы фантастычны нумар, гэтым разам з сюрпрызамі для аўтараў: пераапранулі іх у фантастычныя вобразы. Ці спадабалася? Хваляваліся.

Надрукавалі спіс набелістаў па літаратуры. Меркавалі, што гэта патрэбная справа. Канечне, патрэбная! Карыстайцеся, калі ласка.

Адкрылі новую рубрыку “Лекцыі”. Літаральна лекцыі. Зразумелае і захапляльнае інтэлектуальнае чытанне.

Прыдумалі перакладаць адзін верш Максіма Багдановіча на розныя мовы, а пасля надрукаваць варыяцыі перакладаў. І хоць ідэя была перахоплена (мабыць, у паветры вісела) і рэалізоўвалася па-іншаму іншымі, наш праект аказаўся ці не самым цікавым. Проста ідэю з каментарыямі перахапіць нікому не ўдалося.

Надрукавалі шмат цікавых перакладных тэкстаў: Томас Гнілка, Фрыдрых Дзюрэнмат, Герман Гесэ, Сандра Ньюман… Ганарымся тым, што нашы перакладчыкі — студэнты.

“Завялі” больш калумністаў. Моцнай, вострай, актуальнай калумністыкай літаральна трызнілі. Вось і маем. Адну з калонак цяпер вядзе Анхела Спіноса Руіз. Не па запрашэнні, а па ўласнай ініцыятыве! Між іншым, наступны год не абыдзецца без прыросту ў гэтым блоку: мы знайшлі, нарэшце, аўтара для “перакуленай” калонкі! Тэкст у № 1 ён ужо здаў.

Для 2017-га падрыхтавалі шмат новага, уключаючы і праект-альбом “Нашы Руіны”, і адмысловую храналогію беларускага кнігадрукавання “Варштат”, і…

Пра ўсё даведаецца той, хто чытае версію “Маладосці”, якая ствараецца для падпісчыкаў. І калі нехта, атрымаўшы гэты ліст у АПОШНІ ДЗЕНЬ ПАДПІСКІ, яшчэ не аформіў яе, то, мяркуем, толькі таму, што ў яго яшчэ ёсць дзень з паловай.

А “М”ы — чакаем, верым, спадзяёмся і вельмі стараемся. Вы з намі?!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.