Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Н. ЗІГУЛЯ. «Мішкава справа»

(«Звязда» ад 27 снежня)

— Было прыемна даведацца, што на ўзроўні дома-інтэрната ўзнімаюцца такія актуальныя пытанні. Адразу бачна, што тут працуюць неабыякавыя людзі, якія не сядзяць склаўшы рукі. Лічу, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама трэба даць шанц быць карыснымі нашай краіне. Хопіць рабіць выгляд, што такіх людзей не існуе, што яны нейкі цяжар для грамадства. Дарэчы, у мяне дома ёсць складны зэдлік, зроблены выхаванцамі Веснаўскага дома-інтэрната. Убачыў на адным з фестываляў і набыў. Вельмі зручная і якасная рэч. Да таго ж з натуральнага дрэва. Памятаю яшчэ той перыяд, калі ў гаспадарчых крамах можна было набыць дробязі, зробленыя на прадпрыемстве для глухіх. Зараз чамусьці яны зніклі з продажу, замест іх прадаецца кітайскі шырспажыў. А гэта ж таксама добрая магчымасць даць зарабіць нашым інвалідам. Цалкам згодны і з тым, што калі рабіць другую групу інваліднасці рабочай, то трэба захаваць і пенсію для гэтай катэгорыі людзей. Яны ў любым выпадку павінны быць сацыяльна абаронены.

Аляксандр Міхайлавіч Зелянкоў, Бабруйск


С. БУСЬКО. «Пенсіі працуючых пенсіянераў не зменяцца»

(«Звязда» ад 27 снежня)

— Добра, нам павысілі пенсійны ўзрост. «Звязда» ўжо столькі пісала пра дэмаграфічную сітуацыю, што неабходнасць гэтага ўжо стала, напэўна, усім відавочна. Але, як я думаю, разам з гэтым трэба павышаць якасць і даступнасць нашай медыцыны.

У нас, каб трапіць да мамолага, трэба чакаць 3-4 месяцы, аналізы трэба здаваць платна, бо ў паліклініцы няма неабходных рэагентаў... Што часцей за ўсё чуе ад доктара 55-гадовая жанчына ў адказ на свае скаргі? Правільна: «А што вы хочаце ў вашым узросце?» Дык давайце вызначымся: чаго мы хочам ва ўзросце, які прызналі працаздольным? Калі камусьці незразумела, скажу: якаснай і своечасовай медыцыны, каб мець сілы працаваць, а не валяцца на бальнічным.

М.К, г. Мінск


І. СІДАРОК. «Ці можна арэндную кватэру перавесці ў сацыяльную?»

(«Звязда» ад 28 снежня)

— Дзяржаўную кватэру робяць камерцыйнай, потым яе пераўтвараюць у сацыяльную. Навошта гэтыя лішнія рухі? Толькі паперу пераводзіць на афармленне дакументаў ды людзей ганяюць па інстанцыях і чэргах. Вядома, што тыя, у каго не было грошай на прыватызацыю, не аформілі яе і раней, не аформілі і зараз. Упэўнены, што далёка не ва ўсіх гэта быў «свядомы» выбар. Тым больш што для складання дагавора патрэбна згода ўсіх, хто жыве ў кватэры. А як жа тыя, хто не змог дамовіцца паміж сабой? Не захацеў даваць грошы на сваю частку, якая яму павінна належаць пры набыцці жылля ва ўласнасць? Ці проста, каб нашкодзіць сямейнікам, адмовіўся падпісаць згоду? У іх цяпер і дома разлад у адносінах, і грошы немаленькія вылятаюць штомесячна. Вось такія, мне здаецца, і ёсць самыя першыя патэнцыяльныя кандыдаты ў бамжы. І куды ім ехаць? Хіба да нас, у вёску.

Валерый Іванавіч, уладальнік уласнай хаткі, Дзяржынскі раён


С. Куркач. «За цяпло і ў студзені заплацім менш за палову»

(«Звязда» ад 28 снежня)

— З новага года пачынаем амаль цалкам плаціць за ваду. Спецыялісты ўпэўнены, што вадзічка зараз робіцца залатой, таму трэба яе максімальна эканоміць. З гэтым пасылам згодзен, але толькі часткова. Зразумела, калі ў кватэры жывуць толькі дарослыя. Напрыклад, у мяне дзве непаўналетнія дачкі, якія часам па паўгадзіны з ванны не вылазяць. Растлумачыць ім пра эканомію вады даволі складана.

Згодны, што падобныя праблемы павінны вырашацца на ўзроўні канкрэтнай сям'і, але я прапаную пра эканомію на бытавым узроўні гаварыць і ў школах. Цяпер пра ацяпленне. У жыроўках гэты радок самы істотны для кашалька. У студзені пачнём плаціць яшчэ больш, не кажучы пра канец наступнага года. З вялікімі тарыфамі можна згадзіцца ў тым выпадку, калі ў людзей ёсць магчымасць памяншаць падачу цяпла ў батарэі. Дарэчы, такія кранікі ў новых дамах ёсць. Аднак у старым жыллі гэта не прадугледжана. Мне здаецца, што спачатку камунальныя службы павінны гэтыя кранікі да ўсіх батарэй «прыляпіць», а толькі потым браць за цяпло ўсе 100%.

Генадзь Бурына, г. Гомель


С. Барысенка. «Адкуль столькі агрэсіі?»

(«Звязда» ад 28 снежня)

— Ішлі неяк за мной дзядуля ды, відаць, дзве малыя ўнучкі. Дзеці звярнулі ўвагу на невялікага сабачку, які гуляў з гаспадыняй непадалёк. Выпадкова чую за спінай размову таго дзядулі са сваімі дзяўчаткамі. «Дзеда, а сабачка не кусаецца?» — «Няхай толькі паспрабуе», — адказвае той. «А калі ўсё ж такі ўкусіць?» — не супакойваецца адна малая. «А мы яго заб'ём тады». Я спынілася, павярнулася і сказала, што гаварыць такое і так думаць... Ну, вы мяне разумееце... Як жа так атрымліваецца, што сярод нас ёсць людзі, якія амаль пражылі жыццё, а абсалютна нічога не зразумелі?! Не кранулі іх душу ні думкі, ні гуманныя каштоўнасці, ні сардэчная цеплыня і дабрыня. Мы сапраўды жывём у грамадстве, прасякнутым жорсткасцю і гвалтам. Не падабаецца нешта — значыць, біць, забіваць, вынішчаць... А там жа і пагрозы рэальнай ні кроплі не было. Сабачка — ёркшырскі тэр'ер. Але хоць бы і даберман?!

Ірына Мікалаеўна, г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.