Вы тут

Кодэкс аб адукацыі: што зменіцца для навучэнцаў і бацькоў?


Норма напаўняльнасці класаў у школах можа быць перагледжана, а праводзіць факультатыўныя заняткі ў школах па суботах дазволяць не толькі для старшакласнікаў. Міністэрства адукацыі агучыла змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.


— Каб разгрузіць навучэнцаў у вучэбны тыдзень, мы прапануем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў з 5-га па 11-ты класы, — растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Ірына КАРЖОВА. — Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння яна вар'іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца напаўняльнасць у класе да 20 навучэнцаў, на другой і трэцяй ступенях — да 25. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі: у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, а ў гімназіі і ліцэі — 20.

У новай рэдакцыі кодэкса мы прапануем прыйсці да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі будзе прымаць заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, што пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Хачу адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.

Наступная навіна можа зацікавіць бацькоў будучых школьнікаў. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца дзеці, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня.

Па словах Ірыны Каржовай, у новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей і ў больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. «Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і бацькі на месцы змогуць вызначыцца, што ім рабіць: аддаваць дзіця ў школу, калі яно ўжо псіхалагічна і фізічна падрыхтаванае да вучобы, альбо пакідаць у дзіцячым садзіку», — растлумачыла яна.

Таксама Міністэрства адукацыі прапануе скараціць колькасць відаў устаноў. У прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы «дзіцячы сад — школа». «Хоць комплексу «дзіцячы сад — школа» як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца, і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны», — заспакоіла спецыяліст.

Ёсць і прапанова прадаставіць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. «Такім чынам мы зможам арганізаваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі розныя формы работы для развіцця здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з умовамі канкрэтнай установы і запытамі бацькоў, — тлумачыць сэнс новаўвядзення начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна ДАВІДОВІЧ. — Акрамя таго, мы прадастаўляем магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі па жаданні бацькоў. Яшчэ адзін з кірункаў, якія плануецца адлюстраваць у кодэксе, звязаны з забеспячэннем даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. На жаль, для мікрараёнаў-новабудоўляў актуальная праблема — забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, і таму прануецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса норму аб надзяленні паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па змяненні нормаў напаўняльнасці ў дзіцячых садках пры наяўнасці аб'ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Такая прапанова была ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Але я падкрэсліваю, што гэта магчыма толькі ў выключных выпадках і ў тых мікрараёнах, дзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі існуе праблема з забеспячэннем месцамі.

Яшчэ адзін з кірункаў — падтрымка і развіццё прыватных устаноў дашкольнай адукацыі. У праект кодэкса мяркуецца ўнесці прапанову аб фінансаванні часткі расходаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Каментары

Упершыню пра неабходнасць унясення паправак у дзеючы Кодэкс “Аб адукацыі” загаварылі яшчэ ў 2013 годзе. І ўжо тады казалі, што жыццё настолькі імкліва змяняецца, што ўсяго праз два—тры гады, магчыма, зноў давядзецца штосьці карэктаваць. Так навошта, скажыце, ствараць такі механізм, калі ўсе змяненні на перспектыву вымагаюць шматступеньчатага зацвярджэння? Мы ўсе ўжо пераканаліся, што пакуль тыя змяненні будуць прымацца, яны страцяць сваю актуальнасць. На двары 2017 год. Профільнае навучанне вярнулася ў старшую школу і без унясення паправак. А што было б, калі б мы чакалі новую рэдакцыю кодэкса? Таму трэба думаць, якія з прапаноў замацоўваць у кодэксе, а што можна прапісаць на ўзроўні галіновых нарматыўных прававых актаў, якія значна прасцей будзе адкарэктаваць. Чатыры гады грамадскасць абмяркоўвае, ці трэба браць у дзясятыя класы ўсіх ахвотных? У нас абавязковая — дзевяцігадовая базавая адукацыя, а ў старшыя класы павінны прыходзіць толькі тыя вучні, якія не проста жадаюць, але і могуць засвойваць вучэбную праграму. А калі няма ні жадання навучацца, ні імкненняў, ні здольнасцяў? Будзем і надалей цягнуць усіх штучна да атрымання атэстата сталасці? Ці будзе гэта пытанне, нарэшце, адрэгуляванае ў кодэксе, невядома… Не бачу нічога дрэннага ў тым, што дзецям, якія амаль дасягнулі шасцігадовага ўзросту, дазволяць стаць перашакласнікамі. Каб вы ведалі, колькі просьб ад бацькоў пяцігодак паступае штогод у школы! А вось трымаць дзіця ў дзіцячым садзіку да 7 гадоў, што робяць многія, няма ніякага сэнсу! Мы кідаемся з адной крайнасці ў іншую… З чым катэгарычна не магу пагадзіцца, так гэта з пераўтварэннем школьнай суботы ў вучэбны дзень, прысвяціўшы яе факультатывам. Фактычна мы вернемся да вучэбнага шасцідзённага тыдня. Афіцыйнае тлумачэнне “гэта зроблена для таго, каб змешыць вучэбную нагрузку цягам тыдня”, гучыць проста наіўна… Давайце проста ў такім выпадку вернем шасцідзёнку, -- гэта будзе больш эфектыўна.
А што будзе з групамі падоўжнага дня? Ці будзе вызначаны для іх мінімальны і максімальны нармытў па напаўняльнасці? У сельскай мясцовасці, дзе дзеці залежаць ад школьных аўтобусаў, пытанне мінімальнай напаўняльнасці -- прынцыповае!
Класы па 30 вучняў - знішчэнне якасці ведаў! Сучасныя навучэнцы проста ня змогуць навучацца ў такіх умовах па псіхічных ды фізіялагічных прычынах. Гэта зусім іншае пакаленне. Трэба, наадварот змяншаць колькасць вучняў да 16 чалавек, каб была магчымасць ужываць сучасныя методыкі, працаваць у медыяпрасторы, даваць дзіцяці магчымасць развівацца ўсебакова. Апошнія настаўнікі, якія дбаюць пра вучня, збягуць з такой школкі. Застануцца тыя, якім усё роўна, абы справаздачы патрэбныя пісаць атрымлівалася. Гімназіі лягуць бясспрэчна.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.