Вы тут

Беларускія гандбалісты прайгралі трэці матч чэмпіянату свету


Карэспандэнт «Звязды» Дар'я Лабажэвіч перадае з французскага Руана, дзе праходзіць 25-ы чэмпіянат свету па гандболе.

Нашы гандбалісты хоць і прайгралі трэці матч чэмпіянату свету, але далі бой немцам і захавалі магчымасць выхаду з групы.


Цяпер, аднак, не ўсё ў нашых руках: каб застацца ў гульні сёння нам трэба перамагаць венграў, а вось з якім лікам — залежыць ад выніку сустрэчы Саудаўская Аравія — Чылі. Калі першыя атрымаюць перамогу, то нас задаволяць любыя лічбы на табло, калі ж гэтага не здарыцца, то беларусам неабходна забяспечыць сабе перавагу не менш, чым у 4 мячы.

Тое, што цяпер варыянты пралічвае ўся наша каманда, пасля гульні са зборнай Германіі не хавалі ні самі гульцы, ні трэнеры. Ды мы ўжо і прывыклі да таго, што трэба спачатку ўласнаручна загнаць сябе ў тупік, а потым разлічваць не толькі на сябе, але і на дапамогу іншых. Але крытыкаваць каманду цяпер зусім не хочацца. Таму што ў паядынках з харватамі і немцамі хлопцы паказалі нядрэнную гульню і «біліся» з грандамі сусветнага гандбола на роўных амаль да канца.

Зборная Германіі ў асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы. Аматары гандбола ведаюць, што чэмпіянат Бундэслігі з'яўляецца адным з наймацнейшых у свеце і, быццам бы па іроніі лёсу, практычна палова складу сённяшняй нямецкай зборнай прайшла праз рукі Юрыя Шаўцова, які доўгі час працаваў у Германіі. Што да сусветных тытулаў, то немцы былі і чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў, і ўладальнікамі залатых медалёў чэмпіянатаў свету. Калі казаць пра апошнія турніры, то яны выйгралі чэмпіянат Еўропы-2016, сталі таксама бронзавымі прызёрамі Алімпіяды ў Бразіліі. На турніры ў Францыі Германія пакуль не ведае паражэнняў, сёння яна згуляе з харватамі, але наўрад ці нешта зможа зрушыць немцаў з першай пазіцыі групы С.

Але, як аказалася, нашы гульцы могуць збянтэжыць нават настолькі масцітага саперніка. Першыя 10 хвілін матча мы ні ў чым не саступалі чэмпіёнам кантынента, а потым Вячаслаў Салдаценка сваім дакладным кідком па чужых варотах нават вывеў нашу каманду наперад. Адрыў павялічыў Арцём Каралёк, што прымусіла нервавацца рулявога немцаў Дагура Сігурдсана і браць тайм-аўт.

На перапынак сапернікі пайшлі з роўным лікам на табло 16:16. А вось пасля адпачынку зборная Германіі змянілася. Немцы прымушалі нас памыляцца, рабіць неабавязковыя страты мяча, пастараўшыся забяспечыць сабе камфортны адрыў у некалькі галоў. Канчатковы лік сустрэчы 25:31 не на нашу карысць.

Іван Мацкевіч:

— Сёння мы ні ў чым не саступалі немцам. Самі прайгралі гэты матч, зрабілі шмат памылак у другім тайме.

Дзяніс Рутэнка:

— Шмат у чым гульня ў нас атрымалася. Яна стала падобнай на папярэдні матч з харватамі. За кошт сваіх памылак у нападзенні атрымалі хуткія контратакі, з-за гэтага немцы і адарваліся. Усе разумелі, што немцы — фаварыты, і многага ад нас не чакалі. Таму мы спакойна, без ціску выходзілі на гэты матч. Былі памылкі, але яны тлумачацца не хваляваннем...

Цяпер, вядома, сочым за гульнямі іншых каманд у групе, пралічваем варыянты. Трэба выходзіць і выйграваць у венграў. Мы паказалі дзве добрыя гульні. Калі будзем так гуляць і з імі, плюс зробім хоць бы на некалькі памылак менш, то праблем быць не павінна.

У нас вельмі добры калектыў, пасля сыходу са зборнай брата няма такога чалавека, які мог бы, як Сяргей, узяць ініцыятыву на сябе, але затое цяпер задзейнічана ўся каманда.

Юрый Шаўцоў:

— Каманда Германіі ўзяла верх за кошт вопыту. Мы вельмі добра згулялі першы тайм, у пачатку другога зрабілі шмат страт, а дагнаць такую каманду ўжо вельмі складана. Было выразна відаць, як немцы каралі нас за памылкі. І зборная Харватыі, і Германія нашмат больш вопытныя за нашых хлопцаў з чэмпіянату Беларусі. Гэта гульцы, якія ў Бундэслізе ў гэтым сезоне ўжо згулялі па 28 матчаў са звышлімітным напалам. А мы, на жаль, толькі вучымся на такіх турнірах, як чэмпіянат свету.

Гульня са зборнай Венгрыі — гэта наш апошні шанц, трэба выходзіць на пляцоўку і паказваць патрэбны нам вынік.

Загаловак у газеце: Шанц яшчэ ёсць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.