Вы тут

Выстава нямецкага мастака Германа Штрука праходзіць у Віцебску


130-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага мастака будзе адзначацца 7 ліпеня. У віцебскім музеі Шагала днямі аб'явілі пра афіцыйны пачатак святочных мерапрыемстваў.


Ка­лек­цы­я­нер Ула­дзі­мір Баг­да­наў і ды­рэк­тар му­зея Ша­га­ла ў Ві­цеб­ску Іры­на Во­ра­на­ва.

Цяпер тут, упершыню ў краіне, можна пазнаёміцца з творчасцю аднаго з настаўнікаў Шагала. Дзякуючы нямецкаму мастаку-гравёру Герману Штруку, наш славуты зямляк стаў графікам. Спадар Штрук вучыўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў і там жа пасля выкладаў. Ён у пэўным сэнсе абнавіў гравёрнае мастацтва: уносіў у яго імправізацыю. Вядомы і тым, што выпрацаваў уласную тэхніку, па-майстэрску спалучаючы розныя прыёмы гравіравання. Гэта давала новыя магчымасці ўвасаблення партрэта і пейзажа. Напісаная ім кніга аб мастацтве гравюры мела вялікі поспех.

Цікава, што Герман Штрук маляваў Беларусь падчас Першай сусветнай вайны.

— Ён зрабіў замалёўкі будынкаў, тутэйшых жыхароў, калі знаходзіўся ў Беларусі, Літве і Курляндыі. І што цікава, не толькі па ўласнай ініцыятыве, а па загадзе камандавання. Падчас той вайны гэта актыўна практыкавалася, — расказвае калекцыянер Уладзімір Багданаў.

Дзякуючы Штруку, можна, у прыватнасці, убачыць, якімі былі Гродна, Ліда, як выглядалі жыхары яўрэйскіх мястэчак.

— Тады немцы ставіліся да яўрэяў не горш, чым да беларусаў, літоўцаў, эстонцаў і іншых. Дзятве паказвалі кіно, — удакладняе суразмоўца.

47 арыгінальных чорна-белых літаграфій Германа Штрука, датаваных 1916 годам, калекцыянер набыў на аўкцыёне. Творчасць менавіта гэтага мастака зацікавіла Уладзіміра Багданава з-за таго, што той навучыў Шагала рабіць афорты. Уладзімір падарыў віцебскаму музею кнігу з работамі Штрука, выдадзеную ў 1916 годзе ў Берліне.

У музеі падкрэсліваюць, што імя Германа Штрука (гады жыцця: 1876—1944) цесна звязана з Маркам Шагалам.

— Вядома, што яны пазнаёміліся ў Берліне ў 1922 годзе. Літаральна за тыдзень Шагал як добры вучань авалодаў тэхнікай афорта. І з ашаламляльным вынікам пачаў ствараць гравюры. Яго першым вопытам у гэтай тэхніцы сталі ілюстрацыі да аўтабіяграфічнай кнігі «Маё жыццё». Вучоба ў Германа Штрука дазволіла Шагалу ажыццявіць даўнюю мару — асвоіць розныя графічныя тэхнікі. Пасля ён пісаў: «Мне здаецца, што мне чагосьці не хапала, калі б я, пакінуўшы ўбаку колер, не заняўся ў пэўны момант жыцця гравюрай і літаграфіяй», — расказвае дырэктар музея Ірына Воранава.

Адну з першых работ «Бабуля» Шагал падарыў настаўніку. Апошні сам яе выбраў, ацэньваючы графічныя пачынанні вучня. Між іншым, яе можна ўбачыць у Віцебску. Твор падарыў гораду мецэнат з Германіі доктар Генрых Мандэль, які купіў яго ў Штрука. Дзіўная гісторыя «кругавароту афорта».

Выстава будзе працаваць па 12 лютага.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Хто навучыў Майстра графіцы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.