Вы тут

«Рады я, і рад мой брат…»


Вывеў радок з верша ў назву — і разумею, што шмат хто, прачытаўшы гэтыя словы, зразумее, успомніць: гэта ж — з верша Алеся Пісьмянкова. А знайшоў гэткі вершаваны ўспамін у новай кнізе Алеся Пісьмянкова «Чаму вожык не стрыжэцца?», выдадзенай у «Мастацкай літаратуры».


Прыгожыя малюнкі, добрая папера, з густам зробленыя дызайн, макет, вёрстка кнігі, адрасаванай самым юным чытачам. Усяго толькі дзевяць вершаў сабраны пад адной вокладкай, а якая вялікая асалода ад перачытвання даўно знаёмага. Колькі асацыяцый звязана з памяццю пра выдатнага паэта, сімпатычнага чалавека, галоўнага рэдактара «Літаратуры і мастацтва», часопіса «Вожык», аднаго з яркіх арганізатараў літаратурнага жыцця ў нашай краіне ў 1980 — 1990-я — на пачатку 2000-х гг. Алесь Пісьмянкоў няшмат пісаў, няшмат друкаваўся. Але ж літаральна ўсё з напісанага ім перачытваецца, знаходзіць водгук у чытачоў розных пакаленняў. Ён меў талент ствараць сваімі мастацкімі адкрыццямі выключную атмасферу прыязнасці, шчырасці, адкрытасці.

«Рады я, і рад мой брат: / Нам купілі самакат! / І цяпер суседка Надзя / З намі дружыць, / З намі ладзіць, / А яе сяброўка Лера / Лічыць нас за кавалераў». Ёсць і яшчэ карацейшыя вершы. Напрыклад, вось гэты — «Як быць?»: «Без марожанага гіну. / А з марожаным — ангіна». Чытаючы творы Алеся Пісьмянкова, які быў і застаецца для мяне асабіста цудоўным лірыкам, ды і таксама паэтам высокага сацыяльнага, грамадзянскага гучання, думаю пра яркіх дзіцячых творцаў Расіі — Карнея Чукоўскага, Самуіла Маршака, Агнію Барто, Сяргея Міхалкова, Ірыну Такмакову… Думаю пра нашых Васіля Вітку, Эдзі Агняцвет… Лёгкасць і даступнасць уяўленняў, яркая вобразнасць, мастацкая рэльефнасць, майстэрства адным сказам стварыць дынамічную дзею, вымаляваць з’яву — вось што вылучае дзіцячыя вершы Алеся Пісьмянкова. Вось што якраз прыцягвае і да згаданай кнігі.

А што да малюнкаў, якімі Анастасія Сакалоўская праілюстравала зборнік Алеся Пісьмянкова, то яны з’яўляюцца красамоўным пацверджаннем сімпатый да вершаў, да саміх герояў — Алёшкі, Максіма, іх сяброў і сябровак. Мне не даводзілася раней разглядаць графічныя работы гэтага кніжнага мастака. Але ўжо і гэтай сустрэчы дастаткова, каб склалася пэўнае ўяўленне пра багатую аўтарскую фантазію. Поруч з прэзентацыяй кнігі А. Пісьмянкова трэба абавязкова праводзіць выстаўку малюнкаў Анастасіі Сакалоўскай. Гэта той выпадак, калі вершы і іх графічнае прачытанне супалі, знайшлі агульную інтанацыю па дарозе да чытача і гледача. Застаецца толькі павіншаваць выдавецтва «Мастацкая літаратура» з такой удачай, як выданне зборніка вершаў Алеся Пісьмянкова «Чаму вожык не стрыжэцца?».

 Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.