Вы тут

Вандроўка па нязведаным


Трэцяя канферэнцыя міжнароднага гуманітарнага праекта «Мінская ініцыятыва», якая прайшла ў снежні, была арганізаваная Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. І, безумоўна, стала падзеяй у гісторыі нацыянальнакультурнага ўзаемадзеяння ўсходнеславянскіх народаў.


А прымеркаваная канферэнцыя да выхаду альманаха маладой паэзіі «Terra poetica», які злучыў на сваіх старонках прадстаўнікоў творчай моладзі Беларусі, Украіны і Расіі. Гэта выдатная магчымасць для прадстаўнікоў трох народаў убачыць, пачуць і зразумець адзін аднаго пры няпростых знешніх абставінах.

Як распавяла ўкладальніца і адна з аўтараў украінка Леся Мудрак, назва выдання мае перадгісторыю. Пад назвай «Terra poetica» ва Украіне праходзіў Міжнародны паэтычны фестываль, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі 16 краін свету і вынікам якога стаў зборнік паэтычных твораў у перакладзе на англійскую мову. Так была закладзеная традыцыя, наступным складнікам якой стаў альманах усходнеславянскай паэзіі маладых аўтараў. Вялікае значэнне зборнік мае для саміх паэтаў, якія набываюць магчымасць супрацоўнічаць, перакладаць свае творы.

Знамянальна, што альманах выходзіць напярэдадні гістарычна значнага для краін — удзельніц сустрэчы юбілею. Неўзабаве ўсходнеславянскі свет будзе святкаваць пяцісотгоддзе з дня выхаду першай друкаванай кнігі, якой мы абавязаныя асветніку Францыску Скарыну. Удзельнікам падалося сімвалічным, што трэцяя «Мінская ініцыятыва» і прэзентацыя альманаха адбыліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

«Terra poetica» ўяўляе сабой выданне вялікага фармату, аздобленае ілюстратыўным матэрыялам ды здымкамі аўтараў мастацкіх тэкстаў. Зборнік мае тыраж у паўтары тысячы экзэмпляраў, што, з аднаго боку, многа, з іншага, калі ўлічыць тры краіны як яго асноўнага адрасата, — не так і шмат. Кніга адкрываецца прадмовай акадэміка, паэта і палітычнага дзеяча Украіны Барыса Алейніка, прапанаванай чытачу адразу на трох мовах — украінскай, беларускай і рускай. У альманаху ў арыгінале прадстаўленыя вершы дваццаці пяці аўтараў, прычым маладыя людзі настолькі арганічна паядналіся адзін з адным на старонках выдання, што, «калі б не моўны маркер, вызначыць, хто з іх украінец, хто — расіянін, хто — беларус, было б праблематычна».

Сярод іншых у мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання — першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, экс-кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Сяргей Філатаў, экс-міністр культуры Расійскай Федэрацыі Міхаіл Швыдкой, а таксама — супрацоўнікі выдавецтваў, СМІ і Акадэміі навук Беларусі.

На прэзентацыі альманаха аўтары, прыгожыя не толькі ў сваёй маладосці, але і ў творчай адкрытасці ды смеласці, чыталі ўласныя творы. Вершы іх прымушалі задумацца над тым, што робіць паэта пазачасавым — фаварытам вечнасці. Універсальным элементам, відаць, была і застаецца зафіксаваная ў творы эмоцыя. Менавіта яна дазваляе сучаснікам і наступнікам далучыцца да агульначалавечага, універсальнага, пазачасавага ў нашым жыцці. Гартаючы старонкі «Terra poetica», заўважаеш, што многім з аўтараў удалося гэтую эмоцыю ўвасобіць, матэрыялізаваць у слове.

Прысутнічае гэты элемент у любоўных вершах беларускай паэткі Ніны Лістоты, аб’яднаных жаноцкасцю з яе праявамі мяккасці, клапатлівасці, самаахвярнасці («Залатой мелодыяй адроджаных струн…», «На тым беразе зімы»). Расійскі аўтар Уладзімір Казлоў дзеліцца пачуваннем «унутры кахання», пасродкам якога жанчына, здольная так шмат даваць мужчыне, пагражае яму пазбаўленнем сябе самога: «и мне страшно, что я проскочу своё “я”, как нужную остановку». Па-свойму эмоцыя выяўляецца і ў вобразах, створаных украінскім паэтам Вано Кругерам, што ўзнаўляе ўражанні асобных момантаў жыцця, у якім аказваюцца непадзельна спалучанымі элементы прыроднага і тэхнічнага свету («Вітражі з метеликами на фоні радіодеталей і чебурашки / розхристаний вірш»).

Уражвае, што за маштабныя, філасофскія тэмы бяруцца маладыя людзі і часам надзвычай ярка й паспяхова іх рэалізуюць. Верш «Эвалюцыя» беларускай аўтаркі Кацярыны Ваданосавай акунае ў «глыбіню» нашай прысутнасці на планеце. Чалавек як істота паўстае бясконцым у сваіх продках і нашчадках, а каханне мужчыны і жанчыны разумеецца як магутны імпульс руху ўсяго існага. Эпічнасць падобных твораў дазваляе адчуць адзінства ўсяго, што некалі было, ёсць зараз ці яшчэ будзе ў Сусвеце:

Я помню цябе ды сябе

Са скрэблам, сякерай, сахою,

А тысячы нашых дзяцей

Ссякалі магутныя хвоі.

Выданне альманаха твораў маладых паэтаў  — падрыхтоўка глебы для з’яўлення постацей у гісторыі ўсходнеславянскай літаратуры. А магчыма, гэтыя постаці ўжо прысутнічаюць на старонках «Terra poetica» сярод шматлікіх імёнаў украінскіх паэтаў?.. На гэтае пытанне, як звычайна бывае, нам адкажа час.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.