Вы тут

Кацярына Захарэвіч. Мядзведзік




Мядзведзік

Кацярынка не можа заснуць, бо ў акно да яе заглядае поўня. Кася жыве на дзясятым паверсе, і да яе вельмі рэдка хтосьці заглядае ў акно. На шчасце, толькі поўня. Поўні Кася рада. Ад яе святла пакой стаў больш зразумелым і прадказальны. Толькі вось той цень ад стала крыху напружвае. Яшчэ поўня асвятліла гармідар на стале і крэсле. Захацелася ўстаць і прыбрацца, але лянота перамагла.

Маленькая Касечка вельмі баялася цемры і не засынала без святла. Бо цемра хавае ўсё, што ёсць, і паказвае тое, чаго няма. Маме даводзілася запальваць лямпачку, пакуль дачка не засне. Мама скардзілася, што бабуля прывучыла дзіця спаць пры святле замест таго, каб прывучыць — без. Кацярынка ведае, што бабуля была вельмі добрая і не магла супрацьстаяць яе жаданням і капрызам.

Потым хтосьці — ці Касечка, ці мама, а можа і разам — прыдумалі, як падмануць Касечкін страх. Завешваючы акно маленькай спальні шторамі, мама пакідала месца для невялікай палоскі святла. Святла ноччу, канешне, не было, але была бачная вуліца, крыху больш выразнымі рабіліся абрысы мэблі ў пакоі. Пакуль зусім не засыналася, Касечка ўпівалася зрокам у гэтую палоску начнога святла, а потым заплюшчвала вочкі і спала да раніцы.

Час ад часу ёй дапамагала засынаць кацянятка Барсік. Ён быў чорны, з белым мятлікам і ў белых майточках. Яго мама — бабуліна котка Нюся, якая забылася сваё імя і адгукалася на Котку, таксама насіла белы мятлік. Калі Касечка была зусім маленькая, Котка прыходзіла да яе ў калыску. Яе, праўда, праганялі, бо Котка была напаўдваровая, і як казаў потым Касечкін сябар Арцёмка, «нервовая».

Калі Барсік падрос настолькі, што Котка стала выпускаць яго са сваёй скрыні без нагляду, Касечка стала браць яго да сябе. Барсік падпаўзаў пад самы твар і засынаў, гучна мурлыкаючы. Барсіка таксама хацелі праганяць, бо ён, хоць і быў вельмі ласкавы, але, як і мама, напаўдваровы. Але Касечка ўсё адно брала яго да сябе. І штораз ён выдаваў яе ўчынак бацькам, гучна мурлыкаючы.

Калі Барсік стаў дарослы настолькі, што нашмат больш цікавымі яму падаваліся ночы на вуліцы, Касечцы зноў зрабілася сумна. Барсіка яна вельмі любіла, але вырашыла завесці сабе мядзведзя. Плюшавага. Яна шмат разоў бачыла ў фільмах, мульціках і кніжках, як прыгожа засынаюць прынцэсы, прыціскаючы да сябе бурага плюшавага мішку. Барсіка так не прыціснеш. Нават з цацкамі так не атрымлівалася, бо праз гадзіну цацка была на падлозе, разам з коўдрай і часткай Касечкі. Але мішка патрэбны.

Як на зло, Касі дарылі малпачак, сабачак, лісічак… Найбольш сабачак чамусьці. Мішку аднойчы таксама падарылі. Белага, касматага. І ён не сядзеў, як ва ўсіх мульціках і кніжках, а стаяў на чатырох лапах. Браць яго спаць было нязручна, бо на падлозе ён апынаўся ўжо праз гадзіну. Касечка назвала яго Умкам і паставіла на палічку. І стала чакаць таго самага мішку. Той самы з’явіўся ў яе ў дванаццаць гадоў. Яго звалі Мімі, ён быў прыгожы. Але калі Касечка ноччу выпадкова націскала яму на жывоцік, ён не вельмі прыгожа, але вельмі доўга спяваў. Таму чаканне працягваецца.

Кацярынка ўстала з ложку, падміргнула поўні і ўзяла са стала плюшавага пінгвіна з вялікімі вачыма. Дзіўнаваты цень ад стала яе больш не пужае.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.