Вы тут

Як правільна пахудзець?


Усе гэтыя абмежаванні ў ежы паводле Аткінса або Мантын'яка не проста састарэлі, а даказалі сваю неэфектыўнасць для атрымання доўгатэрміновага выніку. А яшчэ прадэманстравалі шматлікія пабочныя эфекты аднабаковага харчавання. Тэма пахудзення сёння — гэта не столькі абстрактная эстэтыка, колькі прафілактыка грозных захворванняў і падаўжэнне актыўнага жыцця.


Вырашылі бліжэй да вясны прыйсці ў форму? Што ж, дыеты — кефірную, агурковую, шакаладную — адразу на сметнік. Іх прынцып заснаваны на выкрэсліванні з рацыёну тых ці іншых прадуктаў, аднак пратрымацца на такіх абмежаваннях усё жыццё немагчыма. Бывайце, добрая скура, пазногці ды валасы! Вітаем праблемы «ўнутранага» кшталту. Перастанем ужываць бялковыя прадукты, значыць, страцім мышцы, без тлушчаў атрымаем гарманальны збой. А без вугляводаў увогуле — ні энергіі, ні нармальнага, прабачце, стулу, адна дэпрэсія.

Урачы-дыетолагі пастаянна звяртаюць увагу на індывідуальны падыход у справе пахудзення. Бо ўсе мы маем розны целасклад, нейкія хранічныя захворванні, узрост і вопыт пазбаўлення ад лішніх кіло. Гэта трэба ўлічваць. Але ёсць і добрая навіна. Пры любым раскладзе для добрай формы патрэбны дзве рэчы: здаровае харчаванне і фізічная актыўнасць. Самае цікавае, што адно без другога не спрацоўвае. Харчаванне — рацыянальнае, разнастайнае, збалансаванае. Актыўнасць — на ўсе групы мышцаў, рэгулярна, паболей. Некаторым жанчынам 50+ для падтрымання сваёй ідэальнай вагі спатрэбіцца, напрыклад, гармоназамяшчальная тэрапія (у шэрагу развітых краін яе прымаюць да 80 працэнтаў жанчын). Але здаровага ладу жыцця таблеткі не заменяць.

Галоўнае, што трэба ведаць пра фізічную нагрузку, — гэта тое, што яна фактар №1 у справе пахудзення! Па-другое, харчаванне неабходна арганізаваць так, каб бліжэй да 60 мы не ператварыліся са сваімі дыетычнымі эксперыментамі ў хранічна хворых людзей з камянямі ў нырках, з тлушчавым гепатытам, панкрэатытам ды халецыстытам. Самым важным, спадарыні, як ні круці, будзе для нас падлік калорый. Неабходна спажываць прыкладна на 20 працэнтаў калорый менш, чым нам удаецца патраціць. (Напрыклад, траціце 2000 калорый удзень — павінны спажываць 1600.) Даведацца, колькі наогул вы траціце і колькі траціць неабходна, каб пазбавіцца лішняй вагі, можна па спецыяльных формулах энергазатрат, якія няцяжка адшукаць у інтэрнэце. Важным будзе менавіта працэнт — 20. Так вага будзе сыходзіць павольна. А пры імклівым пахудзенні арганізм пазбавіцца не тлушчу, а мышцаў. Або мы наогул у нейкі момант перастанем худзець. Бо змяншэнне колькасці ежы для арганізма — сітуацыя крытычная, мабілізуючая. Запасай усё, што можна, нічога не аддавай — прыкладна такой можа быць рэакцыя на рэзкае зніжэнне колькасці калорый.

Трэцім важным момантам будзе частае ўжыванне ежы. Чатыры-шэсць разоў на дзень. Трываць голад нельга! Ежа павінна паступаць прыкладна кожныя чатыры гадзіны. Чым даўжэй перапынкі, тым мацней арганізм будзе трымаць тлушч, бо не ведае, калі яго пакормяць наступны раз.

Чацвёртае — суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Рэкамендуецца 0,5 грама тлушчаў, 1,5 грама бялкоў і 2—2,5 грама вугляводаў на 1 кг вагі цела на суткі. Дысбалансу быць не павінна. Калі не дабяром тых жа вугляводаў, знізяцца і працаздольнасць, і фізічная актыўнасць. А фізічная актыўнасць, як мы памятаем, у нас на першым месцы!

Ёсць і крыху менш значныя рэчы. Можна адсочваць, напрыклад, глікемічны індэкс прадуктаў (табліцы ёсць у інтэрнэце) і ўжываць пераважна тыя, што з нізкім індэксам — яны ператраўліваюцца больш павольна. Вядома, што пірожнае ператраўліваецца хутка, хлеб —
павольней. Дарэчы, ёсць прысмакі з індэксам ніжэйшым за 70, ад якіх зусім не абавязкова адмаўляцца.

Не самым важным з'яўляецца і тое, ці выпіваеце вы 2 ці нават 3 літры вады за суткі. Тры лішнія шклянкі вады будуць дарэчы, а вось болей, калі вы працуеце ў офісе, хутчэй за ўсё, не патрэбна. Калі ваша фізічная актыўнасць павышаецца, тады можна і вады паболей выпіць. Не мае значэння і тое, да ці пасля трэніроўкі вы ўжываеце ежу. Тым больш — якую менавіта. Падобная драбяза толькі ўскладняе ваша існаванне і прымушае наогул плюнуць на ўсе абмежаванні адразу. Цікава яшчэ, што абсалютна не мае значэння і тое, у які час сутак есці вугляводы, або ўстрыманне ад ежы на ноч. На спальванне тлушчу гэта ніяк не паўплывае, калі вы будзеце вытрымліваць першыя чатыры-пяць рэкамендацый.

Небяспечныя гармоны

Нярэдка можна чуць, як нехта апраўдвае сваю вялікую вагу «нізкім метабалізмам» або тым, што «па мамінай лініі ўсе былі не хударлявыя». На самай справе ў лішняй вагі няма адной прычыны. Гэта, хутчэй, комплекс... нашых няправільных паводзін.

Зразумела, гены і метабалізм іграюць сваю ролю, але не ключавую. Каларыйнае харчаванне і пасіўны лад жыцця — вось адкуль ногі растуць. Калі ў вашай сям'і ёсць людзі з вялікай вагой або атлусценнем, гэта павялічвае шанцы мець той жа галаўны боль на 30 працэнтаў. Гены будуць уплываць на тое, з якой хуткасцю арганізм назапашвае тлушч і ў якіх месцах ён адкладваецца ў першую чаргу.

І ўсё ж такі перш чым пачаць барацьбу з лішняй вагой, прыгадайце, як даўно вы праходзілі медабследаванне і здавалі аналізы, у тым ліку на гармоны. Асабліва гэта будзе важным для тых, хто выйшаў з маладога ўзросту, калі потым пачынаюць з'яўляцца нейкія хранічныя захворванні. Прычынай набору вагі могуць стаць эндакрынныя парушэнні, напрыклад гіпатырэоз, пухліны або траўма галаўнога мозга, полікістоз яечніка. Словам, вы будзеце пацець у спартзале, а вага будзе трымацца.

Віялета РУЖАНСКАЯ

Загаловак у газеце: Прэч, калорыі!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг