Вы тут

Інстаграм, турнік, мужчыны


Па чацвяргах я хаджу ў басейн. Плаваю не надта хутка, таму звычайна прапускаю ўсіх на дарожцы наперад. Заўважыла, што адзін з мужчын, перш чым стартаваць, праводзіць цэлы рытуал. Распраўляе плечы, размінае рукі, некалькі разоў папраўляе падводныя акуляры, акідвае позіркам увесь басейн і, нарэшце, з пачуццём уласнай годнасці нырае ў ваду. І так перад кожным заплывам!


Дзяўчат любяць папракаць: ходзіце на фітнес, каб пакрасавацца. Здаецца мне, што мужчыны ў гэтым ад нас не адстаюць. Мода на здаровы лад жыцця захапіла і іх. Мой знаёмы амаль пасля кожнай трэніроўкі дзеліцца сваімі фатаграфіямі ў сацыяльных сетках. Значнага прагрэсу, калі шчыра, няма, але гэта не перашкаджае яму хваліцца сваёй сілай волі.

Ці вось нядаўні святочны забег сапраўдных мужчын. На прабежку ў цэнтры сталіцы 23 лютага сабралася каля 800 прадстаўнікоў дужага полу. У шапках і з аголеным торсам. Дыстанцыя — 3,5 кіламетра, але наўрад ці хто прыйшоў, толькі каб патрэніравацца. Як той казаў, на іншых паглядзець, сябе паказаць. Ну і памятны медаль не лішнім будзе.

Хлопцы і спорт — гэта, вядома, асобная тэма. Як заявіць на ўсю залу, што ты прыгажунчык? Правільна, падняць як мага большую вагу. Часам жаданне прыцягнуць да сябе ўвагу даходзіць да абсурду. Памятаю, як у трэнажорцы хударлявы юнак, яўна навічок у свеце спорту і жалеза, навесіў на штангу некалькі «бліноў» і пачаў прысядаць. Вельмі стараўся, каб не ўпасці ў вачах іншых наведвальнікаў. Будучага бодзібілдара не спыняў нават хруст у каленях.

Цікава, што мужчыны ніколі не скажуць, што займаюцца спортам, бо незадаволены сваёй знешнасцю. Прынамсі, я такой прычыны ні разу не чула. Трэніруюцца, каб выглядаць яшчэ лепш: яны і так сабе падабаюцца. (Памятаеце карцінку, дзе дзяўчына і хлопец глядзяцца ў люстэрка, і першая бачыць замест сябе пышку, а другі — спартсмена з шырокімі плячамі? Усё праўда.) Ці, каб стаць больш моцнымі. Мой муж, напрыклад, цяпер паставіў сабе мэту — вярнуцца ў сваю найлепшую форму, калі ён мог адціскацца па 100 разоў. Пакуль што максімум за адзін падыход — 50.

Што ні кажыце, а мужчыны павінны быць спрытнымі і моцнымі (каб насіць нас на руках). Гэта дзяўчаты могуць дазволіць сабе ўрок фізкультуры прасядзець на лаўцы, бо форму забылі («адмазка» на ўсе часы), і хадзіць па зімовым лесе ў ботах на высокіх абцасах, а не на лыжах. А хлопцы мусяць шчыраваць і даказваць, хто з іх «хутчэйшы, вышэйшы, мацнейшы». Бо калі юнак не можа зрабіць падачу ў валейболе ці хоць бы пару разоў падцягнуцца на турніку — зусім бяда.

Дарэчы, калі верыць даследаванню амерыканскіх навукоўцаў, мужчыны любяць спорт больш, чым жанчыны. Кажуць, уся справа ў эвалюцыі: прадстаўнікі дужага полу з даўніх часоў імкнуліся да саперніцтва.

Пры выбары віду спорту мужчыны катэгарычныя — толькі трэнажорная зала. Ніякіх аэробік, пілатэсаў і шэйпінгаў. Маўляў, несур'ёзна, пакіньце гэта ўсё дзяўчатам (хоць падазраю, не кожны хлопец здольны вытрымаць гадзіну энергічных танцаў). Але чамусьці найлепшымі трэнерамі па гэтых, «жаночых», відах фітнесу лічацца ўсё роўна мужчыны. Можа, таму, што дзяўчатам падабаецца павышаная ўвага з боку процілеглага полу, няхай і чыста прафесійная?

Для мяне добры прыклад здаровага ладу жыцця — мой тата. Ён мог не спытаць у нас з сястрой пра адзнакі па матэматыцы ці літаратуры, але тым, што мы робім на ўроках фізкультуры, заўсёды цікавіўся. Сам ён аматарам фітнесу быў яшчэ ў тыя часы, калі аэробіку называлі «рытмічнай гімнастыкай», а «спартсмен, камсамолец, прыгажун» лічылася найлепшым кампліментам. Лыжы, плаванне, паходы... Тата ў свае 50 і цяпер яшчэ дасць фору маладзейшым. Увесь сеанс у басейне ён плавае без перапынку. (І мне хочацца спадзявацца на добрыя гены.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.