Вы тут

Да апошняй дэталі…


Выстаўка партрэтаў знакамітых дзеячаў беларускай культуры

Цяпер амаль кожны, хто карыстаецца фотаапаратам, за адну хвіліну можа зрабіць сотню кадраў, а пасля спакойна адбіраць лепшыя. Раней уявіць такую сітуацыю было практычна немагчыма: фатографы прымудраліся ствараць цудоўныя здымкі з першага кадра, якія пасля ўваходзілі ў гісторыю. Так, напрыклад, здымкі знакамітага беларускага фатографа Юрыя Іванова можна назваць летапісам культуры нашай краіны. Праз гады іх можна пабачыць на персанальных выстаўках аўтара. Літаральна год таму фотамастак прадставіў выстаўку невядомых фотаздымкаў Уладзіміра Мулявіна, а сёлета ў сакавіку ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрыў фотапраект «Творцы», дзе дэманструюцца партрэты знакамітых дзеячаў беларускай культуры.

На здымках Юрыя Іванова — яркія прадстаўнікі культурнага пантэона Беларусі: пісьменнікі Іван Мележ, Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, кампазітары Эдуард Зарыцкі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, мастакі Міхаіл Савіцкі, Гаўрыла Вашчанка, Андрэй Смаляк, дырыжоры Міхаіл Дрынеўскі, Рыгор Сарока, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, оперная спявачка Тамара Ніжнікава, акцёр Расціслаў Янкоўскі і іншыя.

Як кажа сам аўтар, праз партрэты ён імкнуўся перадаць энергетыку герояў, паказаць іх не толькі працавітымі, адданымі справе, але ж і ўсмешлівымі, добрымі, шчырымі... А гэта, дарэчы, не так і лёгка. Калі чалавек кожны дзень варыцца ў творчым катле, аддае сябе цалкам справе, кіруе людзьмі, то злавіць момант, калі ён расслаблены, спакойны, падуладна толькі прафесіяналу альбо вельмі блізкаму чалавеку. Юрый Іваноў адзначае, што фатаграфія збліжала яго з людзьмі на працягу ўсей прафесійнай дзейнасці. І сёння ў экспазіцыі прадстаўлены партрэты яго сяброў. Так, напрыклад, у 1965 годзе аўтар выстаўкі па загадзе газеты «Савецкая культура» здымаў Ігара Лучанка. Фотасесія праходзіла ў парку Янкі Купалы: побач з кампазітарам сядзеў невялічкі голуб, але здымак аказаўся няўдалы. І тут нечакана да Ігара Міхайлавіча падляцеў маленькі верабей... Так і атрымаўся знакаміты кадр, дзе, растрапаны, як той жа верабей, Ігар Лучанок усміхаецца. Майстру вельмі спадабаўся гэты фотаздымак, з таго часу ў Юрыя Іванова з’явіўся дарагі сябар.

Удалы партрэт можа атрымацца толькі тады, калі паміж фатографам і героем існуе павага і ўзаемаразуменне. А што тычыцца работы з дзеячамі культуры, то ўвогуле фатограф павінен прадумаць фотаздымак да апошняй дэталі, каб у выніку не было крыўд і непаразуменняў.

Падчас адкрыцця выстаўкі ў сценах галерэі адбывалася важная падзея — сустрэча людзей, якія падарылі нам вялікую спадчыну. Кампазітары Эдуард Ханок і Эдуард Зарыцкі, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, скульптар Іван Міско, дырыжоры Міхаіл Казінец і Віктар Бабарыкін і многія іншыя ахвотна пазіравалі побач са сваімі партрэтамі. У выніку творцы арганізавалі своеасаблівы флэшмоб — спрабавалі зрабіць дакладную копію партрэта ў жыцці.

Праект «Творцы» ўпершыню быў прадстаўлены Юрыем Івановым падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Года культуры і рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2016 года» ў Палацы культуры Маладзечна. Юрый Іваноў плануе далей арганізоўваць падобныя экспазіцыі, напрыклад, сёлета задумаў праект, прысвечаны вучоным Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.