Вы тут

Запрашае «Гасцінія»!


Нацыянальная кухня Беларусі фарміравалася стагоддзямі. У аснове кулінарных традыцый беларусаў — народныя рэцэпты, выкарыстанне пераважна мясцовых прадуктаў. На шчасце, шматлікія старадаўнія рэцэпты захаваліся да нашых дзён. Цікавасць да іх расце, асабліва сярод гасцей нашай краіны. Аб’яднаць назапашаную каштоўную інфармацыю — такую адказнасць узяў на сябе новы амбіцыйны праект — кулінарны сайт «Гасцінія».

— Gastinia.by — сайт, створаны Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы» і студэнтамі факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, — распавяла старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» і кіраўнік праекта Валерыя Кліцунова. — Асновай для яго з’яўлення сталася кулінарная карта, якую падтрымалі многія беларусы на платформе Ulej.by і на добраахвотнай аснове выступілі яе фундатарамі. Задача праекта Gastinia.by — зламаць стэрэатып «Беларусь — гэта драніклэнд». Наша краіна мае багатую кулінарную спадчыну, якая захавалася ў асноўным у глыбінцы, і пра гэта хочацца распавесці ўсім.

Нядаўна сайт Gastinia.by быў адкрыты для наведвальнікаў. Партал знаёміць з вялікай колькасцю страў, рэцэптаў і гісторыяй іх стварэння. Тут можна знайсці інфармацыю пра гастранамічныя маршруты і фэсты, якія ладзяцца ў Беларусі. Цікавым і пазнавальным стане для гасцей сайта раздзел пра стравы, рэцэпты якіх, на жаль, згубіліся.

Цяпер не трэба марнаваць час на пошукі месца, дзе можна пакаштаваць сапраўдную беларускую кухню. На сайце ёсць інтэрактыўная карта, таму можна знайсці інфармацыю пра аграсядзібы, кожная з якіх прапануе смачную беларускую ежу. Gastinia.by таксама ўключае каталог аграсядзіб з усімі каардынатамі.

 — Каб было лягчэй арыентавацца, мы звязалі каталог аграсядзіб са спісам рэцэптаў, — заўважае Валерыя Кліцунова. — Кулінарны сайт «Гасцінія» — сапраўдны народны праект. Нашу карту мы імкнуліся зрабіць як мага больш набліжанай да традыцый. Яна ўтрымлівае не толькі рэцэпты, але і імёны людзей, якія ўсё гэта ўмеюць гатаваць і з радасцю пачастуюць вас. А як інакш навучыцца рыхтаваць страву, калі ніколі яе не каштаваў? У нашых планах — стварыць мабільны дадатак з рэцэптамі, якіх ужо больш як 200. Спадзяёмся, што карта будзе цікавая не толькі жыхарам Беларусі, але і турыстам: для многіх з іх ежа — таксама стымул для наведвання іншай краіны. У вёсцы кумпяк не горшы за хамон, клёцкі з «душамі» не горшыя за цапяліны, а хатняя гарэлка лепшая, чым «Абсалют»! Смакуйце!

Пакуль сайт Gastinia.by працуе ў тэставым рэжыме і чакае водгукаў.

 Міра ІЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.