21 Верасень, пятніца

Вы тут

«Звязда» разабралася ў сітуацыі, якая склалася вакол Крэўскага замка


У сярэдзіне сакавіка сеціва абляцелі фотаздымкі Крэўскага замка, на якіх паказана разварочаная вакол яго зямля. Не ўнікнуўшы ў сітуацыю, многія аматары пачалі пісаць, што беларускую гісторыка-культурную каштоўнасць руйнуюць бульдозерамі... Карэспандэнт «Звязды» вырашыла разабрацца, што ж там насамрэч адбываецца. Высветлілася, не так страшны чорт, як яго малююць.


На замку вялася падрыхтоўка да археалагічных раскопак, таму была выкарыстана цяжкая тэхніка. Навуковы кіраўнік праекта аднаўлення замка Уладзімір Сіняўскі адзначыў:

— Правілы правядзення археалагічных раскопак намі не парушаліся. Мы выкарысталі бульдозеры, каб падняць цяжкія камяні, што ўпалі са сцяны. Гэта патрэбна было для таго, каб пад'ехала буравая вышка і зрабіла свідравіны, неабходныя для даследаванняў. Усе работы мы праводзілі на паверхні, культурны слой не быў парушаны.

Такім чынам, тэхніка выкарыстоўвалася ў межах распрацоўкі праекта аднаўлення замка. Бо ў месцах, дзе патрэбна было правесці інжынерна-геалагічныя даследаванні, аказалася шмат цяжкіх камянёў і друзу, якія перашкаджалі рабіць пошукі. Таму і вырашана было падключыць да падрыхтоўчых работ тэхніку.

З аднаго боку, усё ў парадку — на замку пачаліся работы ў межах падрыхтоўкі праекта рэстаўрацыі. Але, з іншага, ці нельга было выкарыстаць больш ашчадныя метады?.. Каб атрымаць экспертную ацэнку дзеянняў на замку, мы звярнуліся да намесніка дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы. Ён расказаў, што работы на аб'екце праводзіліся без абавязковага ў такіх выпадках археалагічнага нагляду Інстытута гісторыі. Таму іх установай ужо накіраваны лісты з выкладзенай праблемай у Белрэстаўрацыю, а таксама яго копіі ў Міністэрства культуры Беларусі і Гродзенскі аблвыканкам.

— Крэва даследуе наш супрацоўнік Алег Дзярновіч. Але да яго па кансультацыю ніхто не звяртаўся, — тлумачыць Вадзім Лакіза. — Такія работы можна было правесці без бульдозера. А ў выпадку выкарыстання тэхнікі не такім варварскім чынам. Калі мы кажам пра рэстаўрацыю, то гэтыя камяні не варта проста ссоўваць убок — іх можна выкарыстаць пры аднаўленні замка.

Прывабныя руіны і Княская вежа

«Крэўскі замак цалкам адноўлены быць не можа, бо няма ніякіх звестак пра яго гістарычнае аблічча, — адзначае археолаг архітэктуры Ігар Чарняўскі. — Таму падрыхтаваны праект кансервацыі муроў з магчымай, пры наяўнасці сродкаў, рэканструкцыяй Княскай (паўночнай) вежы — гэта дазваляюць зрабіць яго выявы на здымках пачатку мінулага стагоддзя і матэрыялы натурных даследаванняў.

Удала пададзеная руіна з адпаведным уладкаваннем тэрыторыі можа быць вельмі інфармацыйнай і прывабнай. Гэта сусветная практыка, якая грунтуецца на захаванні дакументальных вартасцяў аб'екта. Такая практыка выпрацавана пакаленнямі прафесійных рэстаўратараў».

Відавочна, у гэтай сітуацыі ўсё не так адназначна. Праблема значна глыбейшая, чым падаецца на першы погляд. У нас адсутнічае сістэма, тэхнічныя нарматыўныя дакументы, якія б тлумачылі, як менавіта павінны праходзіць работы на помніку гісторыка-культурнай спадчыны. Ці можа быць выкарыстаны бульдозер у месцы з гісторыяй у некалькі стагоддзяў? А калі можа, то на колькі сантыметраў ці метраў дазволена парушыць цэласнасць зямлі, каб захаваць культурны слой, у якім будуць працаваць археолагі?.. Пытанняў больш, чым адказаў. Відавочна, бракуе і спецыялістаў, якія дапамаглі б разабрацца і далі б кампетэнтныя парады... Нярэдка даводзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі на аб'ектах, унесеных у дзяржаўны спіс каштоўнасцяў, працуюць звычайныя будаўнікі. Вось таму і атрымліваем мы на выхадзе не зусім якаснае аднаўленне.

Аднак ёсць у гэтага медаля і іншы бок. Цікава, чаму наша грамадства ўскалыхваецца толькі тады, калі хтосьці пачынае нешта рабіць і, скажам, няправільна? Але і тое абурэнне не выходзіць за межы размоў на кухні і паведамленняў у сацыяльных сетках. Было дзіўна чытаць допісы ўдзельнікаў грамадскай арганізацыі, якія збіраліся ўстаць на абарону «раскапанага» Крэва, але пры гэтым не знайшлі часу, каб выехаць на месца і на свае вочы ўбачыць, што там адбываецца. «Калі раптам будзеце праязджаць міма замка, шчоўкніце фотаапаратам, дашліце нам пару здымкаў, а мы напішам ліст у якую-небудзь інстанцыю», — прыблізна так выглядаў іх пасыл. Можа быць, і гэта крок добры. Але ўсё-такі ён падаецца лянівым. Калі любіш нешта моцна, напрыклад замак, варта быць побач у цяжкі момант. Іначай такая любоў — толькі пыл і вецер.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ адзначыў:

— Мы звярнуліся ў Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва з просьбай выдзеліць фінансаванне для аднаўлення Крэўскага замка. На мінулым тыдні адбылося адпаведнае пасяджэнне. Папярэдне вырашана, што для гэтых мэт нам будзе выдзелена больш за 100 тысяч рублёў. Аднаўленне плануем распачаць з Княскай вежы, затым будуць праводзіцца іншыя работы... Увогуле ж гэты аб'ект мы не пакідалі без увагі. Летась усталявалі агароджу, каб не было свабоднага доступу: гэта небяспечна для жыцця — з-за камянёў, якія могуць адваліцца. На навакольнай тэрыторыі падтрымліваем належны санітарны стан. Але на грошы, якія разлічваем атрымаць у хуткім часе, правядзём работы, якія будуць больш заўважнымі.

Калі паставіць гэту манетку рабром, узнікае і яшчэ адна, трэцяя незразумелая сітуацыя. Ёсць у раёнах помнікі спадчыны, якім сапраўды патрэбна дапамога і догляд неабыякавых людзей. Старажытныя сядзібы, арыгінальныя бровары, нават прыўкрасныя палацы. Але яны так і стаяць занядбанымі, пакуль да іх нарэшце не дабярэцца дзяржава ці рэдкі
энтузіяст, гатовы рызыкнуць і ўкласці ўласныя грошы. Супольнасць быццам не заўважае гэтага. Затое ўсенародны шквал абурэння выклікаюць выпадковыя, неправераныя чуткі пра тое, што нешта робіцца, ды няправільна. Але не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

Як прыклад адразу прыгадваецца Любчанскі замак і яго ваколіцы. Старажытны мур у мястэчку падымаецца з руін дзякуючы неабыякавым людзям — валанцёрам і мясцоваму жыхару Івану Пячынскаму, які вырашыў прысвяціць жыццё справе аднаўлення каштоўнасці малой радзімы. Аднак і гэты выпадак не застаўся незаўважаным — гучаць не толькі добрыя словы падтрымкі, але і крытыка, абурэнне: маўляў, не ўсе работы адпавядаюць нормам. Але асабіста ў мяне, калі кажуць нешта дрэннае пра аднаўленне гэтага замка, у памяці ўсплывае яшчэ адзін адметны мур, які стаіць за 10 кіламетраў ад Любчы, — пры дарозе, як едзеш праз Шчорсы ў Мінск. Гэта былая гаспадарчая пабудова палацавага комплексу славутага роду Храптовічаў. Узведзеная з чырвонай цэглы, у французскім стылі, вянчае яе зграбная вежачка. Аднак з кожным годам гэта архітэктурная цікавінка разбураецца больш і больш, з усіх бакоў шчыльна зарастае хмызняком... Бо няма дбайнага гаспадара, які б узяў адказнасць за яе захаванне. Кажуць, яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму вежачку вянчаў адметны флігель, а па руках у мясцовых жыхароў хадзіла шмат старажытных каштоўных кніг з багатай бібліятэкі Храптовічаў, якія невядомыя «кнігалюбы» скуплялі за бесцань. Аднак сёння пра гэта нагадвае хіба што пыл гісторыі... Мясціна застаецца амаль нікім не заўважанай, але, падаецца, калі б нехта пачаў праводзіць там работы, вельмі рызыкаваў бы таксама трапіць пад раздачу «ўсенароднага гневу» ў сеціве.

Як той казаў, наша спадчына ў нашых руках. Не ўсю адказнасць трэба спіхваць на дзяржаву. Вельмі многае, маленькімі крокамі, маглі б зрабіць і звычайныя людзі, калі б паставілі перад сабой канкрэтныя мэты. Захаваем і ашчадна адновім тое, што атрымалі ад продкаў ці пакінем нашчадкам суцэльныя ўрбаністычныя пляцоўкі, залежыць ад нас саміх.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Крэва. Краевугольныя камяні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!