Вы тут

Першы рэспубліканскі чэмпіянат па паранні прайшоў у Мінску


У мінулую суботу ў сталічным Палацы спорту прайшлі незвычайныя для Беларусі спаборніцтвы – першы рэспубліканскі чэмпіянат па паранні ў лазні. Дванаццаць чалавек з’ехаліся, каб высветліць, хто ж лепш за ўсіх валодае майстэрствам лазневага парыльшчыка. Паназіраць за гэтым займальным працэсам мог любы ахвотны – спецыяльная кабіна была ўсталявана прама ў выставачнай зале. Перамогу святкаваў жыхар Мінска Арнольд Пятроў. Якому, між іншым, споўнілася 70 год!


Арнольд Афонавіч мае лазневы “стаж”, які перавысіў адзнаку ў паўстагоддзя. Па адукацыі ён – інжынер. У савецкія часы працаваў у абароннай прамысловасці. Дзякуючы гэтаму аб’ездзіў усю вялікую краіну. І кожны раз імкнуўся наведаць лазню.

- Сібір, Поўнач, Закаўказзе – дзе мы толькі не парыліся. І ва ўсіх мясцовасцях лазні адрозніваюцца, часам моцна адна ад адной. Напрыклад, лазня ў Краснаярску зусім не падобная на беларускую. Яна нават пабудавана па-іншаму. У Варкуце, напрыклад, у лазню на вугальнай шахце падавалася перагрэтая пара. А ў Грузіі наведаў лазню турэцкую. Але нічога лепшага за нашы ўсё ж не сустракаў.  Гэта цяпер задаюцца пытаннем: “Лазня? А навошта, у нас дома ванна”. У маім дзяцінстве такога выбару не было. Дзякуючы гэтаму і ўцягнуўся. Ды так, што лазня стала часткай майго жыцця. Гэта ж азначае не толькі памыцца. А яшчэ і пагутарыць з сябрамі, і песні праспяваць…  І таму лазневы дзень для нас – як свята.

Кожны парыльшчык выступаў дуэтам з мадэллю. У ролі апошняй для Арнольда Пятрова пагадзіўся стаць яго сябар яшчэ са школьных часоў, з якім ён часта ходзіць папарыцца.

На выступленне кожнаму ўдзельніку адводзілася паўгадзіны. За гэты час ён мусіў падрыхтаваць парылку, прадставіць сябе і лазневую праграму, папарыць напарніка ў адпаведнасці з заяўленай праграмай і падвесці вынікі. Для ацэнкі майстэрства парыльшчыка журы спатрэбілася ажно 12 крытэрыяў! Гэта знешні выгляд, прэзентацыя, тэхніка працы венікам, аўтарскае майстэрства, бяспека мадэлі, парыльшчыка, масажныя тэхнікі, праца з парай…

- Але як ацаніць адчуванні чалавека, які ляжыць пад лазневымі венікамі?  - задаецца пытаннем суддзя Уладзімір Веялкін, які займаецца лазневым майстэрствам больш за трыццаць год. – Бо асноўная мэта парыльшчыка – гэта даставіць задавальненне таму, каго ён парыць.

Чэмпіянаты па паранні ў лазні праходзяць у краінах Балтыі, Расіі, ва Украіне. А вось у Беларусі чагосьці падобнага дагэтуль не было. Хаця нашы парыльшчыкі ездзілі ажно на пяць спаборніцтваў у сумежныя краіны. З чатырох з іх вярнуліся з медалямі: 2 сярэбранымі і 2 бронзавымі.

- Наш чэмпіянат адметны тым, што сёлета ў ім удзельнічаюць выключна аматары, - расказаў суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым майстэрстве, бронзавы прызёр 3-га міжнароднага чэмпіянату па паранні, арганізатар лазневых фестываляў Генадзь Мароз. - У кожнага з іх ёсць свая філасофія лазні. Яна заключаецца ў тым, як чалавек ставіцца да гэтага працэсу, чалавека, якога ён парыць, што ён укладвае ў гэты працэс… Запрасіць прафесійных лазеншчыкаў мяркуем у наступныя разы. Чэмпіянат праводзіцца па стандартах Міжнародных асацыяцый лазневага майстэрства, спартыўнага парання. Так мы адначасова закладваем глебу і для сусветных спаборніцтваў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Пачастуйцеся лазняй!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.