Марыя Бадзей
нарадзілася 10 красавіка 1997 года ў Ваўкавыску. Скончыла Ліцэй БДУ, студэнтка філфака БДУ. Пераможца конкурсу «Брама-Мар» (2015), выпускніца Школы маладога пісьменніка (2016). Умее рабіць яблычнае віно і любіць вандроўкі — але не дзеля пунктаў прыбыцця, а дзеля дарогі да іх.
Пад скураю — ціш
***
Мора любові выкінула мяне на бераг,
я ляжу на ім, думаю, я — не я,
адкусваю ад паветра па каліву,
глыбей закапваюся ў пясок,
не магу зразумець, хто я на гэты раз:
зацвярдзелае дрэва? Кіт? Ракушка? Бурштын? —
аскепак разбуранага палаца і сляза —
Зуб акулы? Костка пірата?
Я гляджу.
У высокім небе Хосэ д’Анкоста малюе ветахі
кітайскімі іерогліфамі.
Неба не падае, а акуратна спускаецца
Па канатах, вяровачных лесвіцах,
правальваецца у дзіркі закінутых сходаў у ноч —
звычайная справа —
я бачу ў ім знаёмыя абрысы
і не пазнаю іх.
Але стамлёныя яго хвалі, крыклівыя хвалі яго
перашліфуюць тое,
што запомніў пясок.
***
Вусцішны вусны дотык да гарачай шчакі
робіцца нечым большым, чым усё, што мы маем,
большым, чым я, большым, чым ты
ёсць
і, напэўна, будзем,
пад забытым трамваем —
слухай казку! —
ляжаць дзіцячыя цацкі:
усё, што мы колісь згубілі,
спяць каты, п’юць шляхі з зорных каўшоў,
я хацеў быў аднойчы прачнуцца і выйсці знянацку,
мяўкнуць сціпла: маю май. мяняю на малако. залажу ў мяхі.
я аднойчы паспрабаваў, але, ведаеш, азірнуўся, прыйшоў —
у цябе з вачэй пырскалі і каціліся знічкі,
паміраючай мовай пад тваімі рукамі спявалі імхі.
А я сядзеў і ўслухоўваўся
ў душы невядомых паэтаў,
галасы дрэў,
цішу.
***
Мора кідае на бераг хвалі прагорклай пяшчоты,
хвалі таго, што яднае паветра з табой.
Я пішу ўслых, я не трапляю ў ноты
зычных шыпячых, якія шапоча прыбой.
Ведаеш, гэта каменне, што дыхае на ўзбярэжжы,
створана з часу і з памяці — там, дзе сігналяць агні,
створана з рэчаў, якія, зрэшты, не маюць межаў,
створана з рэчаў, якія бяруць у палон камяні.
Бачыш, на гэтым — крывавіць колераў захаду змова,
чуеш, на тым — расплятаюць маланкі праклён
замку падводнаму, разбітаму словам, адным толькі словам.
На, трымай аскялепак з яго, мой сонечны сон.
Бераг вятроў, і так горача-горача ступням,
ад успамінаў пячэ, ад прыгажосці — маўчыш,
толькі валоссе глытае кроплі і гукі,
толькі пальцы — каменне ў ваду,
а пад скураю — ціш.
***
Пасля кавалка горада ў роце суха і гэта напэўна
адзінае што ты можаш сказаць рыбам бегучы пад дажджом
калі на вейках тваіх павісаюць гукі
вусны-абрысы
маланкі выбіваюць новыя стужкі на старых мапах лёсаў
якія ты парвеш па швах пойдзеш іншай дарогай
напрасткі па брудзе па лужынах снезе
дзікі птах перабежчык-звярына
бо калі не хочаш біцца — то варта сыходзіць
часам, праўда, за гэты сыход давядзецца кусацца.
***
Познім летам захад паліць траву,
палымнеюць кастры,
кругавід спапяляюць, сплываюць у дымнае неба,
у якім на зямлю расхінаюцца рэдкія вокны,
і тамтэйшыя гаспадыні льюць за шыю табе вятры,
і тамтэйшыя жабракі не шкадуюць уласнага срэбра,
толькі стой ты пад ім, ад ягоных дотыкаў
мокні.
***
Гэта ўсё мова я вар’яцею бо я па-за межамі мовы
я ў віне перад мовай я глытаю яе і знову
вырастаюць на столі знакі з-пад падлогі сачацца зномы
мой пакой затопіць я не выпаўзу
з вокан
пальецца вада і раскінецца вокам шырока
толькі дому ўсё гэта выльецца бокам выблісне скокам
у прасторы дзе сонца далёка а дно за паўкрока
мова сыдзе і толькі фанетыка — песні і гукі
акуратна пастукаюць у скроні — пра іх не даложаць
я іх буду лавіць за хвасты і браць сабе ў рукі
я іх буду хапаць за дзюбы, цягнуць сабе ў ложак
стукай цемра ў мяне тры чацвёртыя дня разлівайся ў бутэлькі
тагабочныя голыя дрэвы бывайце здаровы
калі зможаце так
вам — трываць да вясны здагадацца.
слізкі вецер — у цябе сёння такая крывая хада.
а на небе — сляды як свярбячыя раны ад словаў
на мяне з іх ліецца чужое вар’яцтва чужое вар’яцтва
з неба падае ў вочы вада ў вочы вада
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.