Вы тут

Досця адкрывае для сябе праект TheatreHD


У хуткім часе “Маладосць” з’явіцца на паліцах буккросінгу ў кінатэтры “Цэнтральны”. Цяпер, у чаканні фільма ці спектакля кожны зможа пагартаць старонкі любімага часопіса. Больш за тое, сярод гледачоў можна будзе сустрэць Досцю, якая ўжо склала для сябе спіс найбольш цікавых сеансаў праекта TheatreHD (TheatreHD – гэта трансляцыі на экранах кінатэатра спектакляў найлепшых тэатраў свету).

Так, ужо 2 мая наша дзяўчына адправіцца на прагляд спекталя па п’есе Генрыка Ібсена  «Геда Габлер», якая стала класічнай, у пастаноўцы Каралеўскага Нацыянальнага тэатра. Існуе меркаванне, што для актрысы сыграць Геду – гэта тое ж самае, што для акцёра сыграць Гамлета. Дарэчы, беларускія гледачы змогуць ацаніць майстэрства акцёраў знакамітага Royal National Theatre яшчэ і 16 мая, калі ў кінатэатры “Цэнтральны” будзе ісці трансляцыя камедыі Уільяма Шэкспіра «Дванаццатая ноч».

На гэтым дарагая сэрцу нашай Досці «шэкспіраўская»  тэма не будзе вычарпана,  паколькі 30 мая ў межах TheatreHD пройдзе паказ пастаўленнай Royal Shakespeare Company палітычнай трагедыі «Юлій Цэзар». У пэўнай ступені звязана з Шэкспірам і ўславіўшая Тома Стопарда інтэлектуальная камедыя «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» — «Гамлет» навыварат.  Галоўнымі героямі п’есы з’яўляюцца другасныя персанажы знакамітай шэкспіраўскай трагедыі Розенкранц і Гільдэнстэрн, вакол якіх і адбываюцца падзеі арыгінальнага «Гамлета». Таму 27 мая Досця абавязкова пойдзе на трансляцыю п’есы Стопарда ў пастаноўцы лонданскага тэатра Old Vic.

Але інтарэсы Досці не абмяжоўваюцца аднымі толькі літаратурай і тэатрам, таму 13 мая яна разам з сябрамі прыйдзе ў кінатэатр “Цэнтральны” на прамую трансляцыю з легендарнай Metropolitan Opera, дзе будзе ісці камічная опера Рыхарда Штраўса «Кавалер ружы».  Можна зразумець нашу дзяўчыну, бо, урэшце рэшт, не кожны дзень з’яўляецца магчымасць акунуцца ў фрывольную атмасферу імператарскай Вены канца XVIII стагоддзя.

Парэлаксаваць жа Досця вырашыла на паказе новага фільма-выставы знакамітага брытанскага кінадакументаліста Філа Грабскі «Сад мастака: Амерыканскі імпрэсіянізм», які 20 мая з’явіцца на экране кінатэатра «Цэнтральны». У параўнанні з еўрапейскімі майстрамі, амерыканскія мастакі ў нас амаль невядомыя. Чым не нагода пазнаёміцца, напрыклад, з прадстаўнікамі знакамітай Бостанскай школы? Тым больш, што амерыканскі імпрэсіянізм цесна звязаны з прыродай, якая была галоўнай крыніцай натхнення для Філіпа Хэйла, Фрэнка Бэнсана, Фрэдэрыка Вінтана і іншых мастакоў. Хто ведае, можа пасля прагляду гэтай стужкі і Досця возьмецца за пэнзаль?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.