04 снежня, пятніца

Вы тут

У БДПУ забяспечваюць індывідуальны падыход да кожнага выпускніка


Футуролагі сцвярджаюць, што ў сярэдзіне бягучага стагоддзя ў тройку самых запатрабаваных прафесій увойдуць тры: спецыяліст у сферы ІТ, урач і педагог. Таму шанцы застацца без працы ў настаўнікаў — мінімальныя. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова завітаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе гэтымі днямі праходзіць размеркаванне выпускнікоў. На фоне іншых ВНУ, дзе ў сувязі з двайным выпускам спецыялістаў склалася няпростая сітуацыя з забеспячэннем усіх выпускнікоў першым працоўным месцам, у галоўным педагагічным універсітэце напружання не адчуваецца.


Першыя настаўнікі з «асаблівага» факультэта

Учора тут размяркоўваліся студэнты трох факультэтаў: пачатковай адукацыі, філалагічнага і факультэта эстэтычнага выхавання. Ва ўсе папярэднія гады самы высокі попыт з боку заказчыкаў кадраў быў на настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дашкольных устаноў. У сталіцы апошнімі гадамі асабліва адчуваўся дэфіцыт адпаведных спецыялістаў.

У бягучым годзе для 66 выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі было 86 планавых месцаў плюс ва ўніверсітэт паступіла 50 дадатковых заявак. Каб пераканацца, што іх патэнцыйныя кадры ніхто не пераманіць, на размеркаванні прысутнічаюць і дырэктары некаторых школ.

— Стаўленне да прафесіі педагога ў грамадстве змяняецца. Мы гэта бачым і па якасці падрыхтоўкі абітурыентаў, якія да нас паступаюць, і па павелічэнні колькасці медалістаў, што выбіраюць настаўніцкі шлях, — канстатуе рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК. — Да таго ж у гэтым годзе адбудзецца першы выпуск з профільных педагагічных класаў, выпускнікам якіх дадзена права паступаць без уступных іспытаў па выніках гутаркі. Таму нашы чаканні — самыя аптымістычныя. Упэўнены, што мы атрымаем высокаматываваных дзяцей, якія стануць у будучыні выдатнымі педагогамі. Але факультэт пачатковай адукацыі ва ўніверсітэце — асаблівы. Менавіта тут рыхтуюць першых настаўнікаў. Першы настаўнік быў ва ўсіх нас. І ў кожнага з ім звязаны свае ўспаміны. Менавіта ад першага настаўніка будзе залежаць стаўленне дзяцей да школы. Усе першакласнікі прыходзяць у школу з жаданнем вучыцца, але, на жаль, здараецца, што ўжо да 4-га класа гэта жаданне знікае. Чыя гэта віна? Я жадаю ўсім нашым выпускнікам стаць Педагогамі з вялікай літары, якіх дзеці запомняць на ўсё жыццё і якім яны будуць удзячныя. І папрашу ўсіх не забываць пра імідж галоўнага педагагічнага ўніверсітэта краіны — ён знаходзіцца менавіта ў вашых руках...

Рэдкі «экзэмпляр» у пачатковай школе

Вельмі хутка высвятляецца, што пэўная частка выпускнікоў ужо маюць педагагічны досвед і яшчэ падчас вучобы сталі выкладаць у школе. Таму многія прынеслі на сябе персанальныя заяўкі са сталічных школ, дзе іх чакаюць і вучні, і іх бацькі...

Нечакана пытанне з размеркаваннем выпускніцы з самым высокім балам атэстата ў Фрунзенскі раён сталіцы ўпіраецца ў адсутнасць рэгістрацыі ў сталіцы. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама настойвае на наяўнасці рэгістрацыі.

— Скажыце, а калі студэнт жыве, напрыклад, у Жодзіне ці ў Смалявічах, чаму яму нельга ездзіць на працу ў сталіцу? Калі ў Мінску ёсць дэфіцыт педагагічных кадраў, то гэта пытанне трэба прынцыпова вырашаць, — падкрэслівае Аляксандр Жук.

Дзяўчына з Бабруйска вяртаецца ў Бабруйск. У яе за плячыма год працы выхавальнікам у групе прадоўжанага дня.

— Ну, вы ўжо амаль прафесіянал. Поспехаў вам, — падбадзёрвае выпускніцу рэктар.

Мінчанка Дар'я хацела б размеркавацца ў Ленінскі раён сталіцы, але там няма планавага месца.

— Няхай размяркоўваецца на камітэт адукацыі, а мы ёй месца знойдзем, — абяцаюць прадстаўнікі камітэта.

Алена, не мінчанка, выбрала планавае месца ў Заводскім раёне сталіцы.

— А вы не жадаеце паехаць у Жодзіна? Там прасцей з жыллём. Абяцаюць інтэрнат. І Мінск зусім недалёка будзе, — спрабуюць пераманіць выпускніцу кадравікі з упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

Наступны аб'ект іх увагі — дзяўчына са Столінскага раёна, якая мае заяўку ад Столінскага райвыканкама.

— Толькі дамоў? А можа, хочаце застацца ў Мінскай вобласці? — цікавяцца ў яе, хутчэй, на ўсялякі выпадак. Але выпускніца не змяняе сваё рашэнне, як і яе аднакурсніца з Мазырскага раёна, якая на прапанову застацца працаваць у Мінскім раёне ці Жодзіне адказвае: «Дзякуй, але я лепш дадому».

— Давайце адпусцім яе бліжэй да бацькоў, — падтрымлівае сваю студэнтку рэктар.

Хлопцы на факультэце пачатковай адукацыі — яшчэ больш рэдкая з'ява, чым сярод будучых філолагаў, і ўсё ж яны ёсць. Такі «экзэмпляр» многія былі б рады займець у сваёй школе.

— А можна размеркаваць выпускніка ў 56-ю школу Фрунзенскага раёна сталіцы? У нас у наступным годзе адкрываецца аж 20 першых класаў, — чуецца голас з залы.

Пачуць і дапамагчы

На факультэце эстэтычнага выхавання — двайны выпуск: тых, хто навучаўся па чатырох- і пяцігадовай праграме вышэйшай школы. Спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва, камп'ютарная графіка» і «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы». Але тут усяго 18 выпускнікоў, якія навучаліся на бюджэтнай форме, і 50 студэнтаў-платнікаў. Ніхто з платнікаў па атрыманне першага працоўнага месца не звяртаўся...

Амаль усіх бюджэтнікаў месцамі забяспечваюць. Маладыя педагогі размяркоўваюцца ў каледжы, Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, у дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак» і гэтак далей.

Пытанне ўзнікае толькі з двума выпускнікамі. Факультэт просіць у камісіі па размеркаванні свабоднае працаўладкаванне для хлопца, які з'яўляецца сіратой. За ім замацаваная кватэра ў Баранавічах, але аддзел адукацыі паведаміў на запыт, што даць працоўнае месца яму не зможа.

— Кодэкс аб адукацыі дае выпускнікам, якія маюць статус сіраты, права свабоднага працаўладкавання, калі яны гэтага пажадаюць, — расстаўляе кропкі над «і» начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый АЛАВЯННІКАЎ.

Яшчэ адна студэнтка хацела б паехаць да мужа ва Уздзенскі раён, але планавага месца ў гэтым раёне няма. Яе просяць застацца, звязваюцца з аддзелам адукацыі і заспакойваюць: «Размяркоўвайцеся. Будзеце працаваць або педагогам дадатковай адукацыі, або ў дашкольнай установе. На месцы вызначыцеся, якая з вакансій для вас больш блізкая». «Можаце паведаміць мужу, што яму не давядзецца вас утрымліваць, будзеце самі на сябе зарабляць», — жартуюць услед члены камісіі.

— Бачыце, які ў нас індывідуальны кропкавы падыход жа кожнага, — кажа Валерый Алавяннікаў. — Безумоўна, мы цудоўна ведалі пра сітуацыю з двайным выпускам спецыялістаў, таму загадзя пачалі да яе рыхтавацца. У гэтым годзе ў нас размяркоўваюцца 946 выпускнікоў першай ступені навучання і 46 магістрантаў. На 1 лютага было 896 планавых месцаў плюс 105 персанальных заявак ад базавых арганізацый. Але заяўкі працягваюць паступаць ва ўніверсітэт кожны дзень. Плюс на размеркаванне традыцыйна асабіста прыязджаюць кіраўнікі школ, бо сітуацыя змяняецца, гэта жыццё: хтосьці з педработнікаў пайшоў у дэкрэт, змяніў сямейнае становішча і месца жыхарства, сабраўся на пенсію. Дырэктары школ таксама спадзяюцца на ўдачу.

Днём раней у нас размяркоўваліся выпускнікі 8 спецыяльнасцяў факультэта прыродазнаўства. Накіраванне на працу выдадзена 179 выпускнікам. З іх 12 чалавек з'яўляюцца студэнтамі платнай формы навучання, якія пажадалі атрымаць статус маладога спецыяліста. У папярэднія гады прыкладна 20—25 выпускнікоў платнай формы навучання прасілі забяспечыць ім першае працоўнае месца. Мяркую, што ў гэтым годзе іх будзе ўдвая больш.

Што датычыцца факультэта дашкольнай адукацыі, дзе заўсёды быў шалёны попыт на выпускнікоў, то ў гэтым годзе сітуацыя крыху змянілася: для 137 выпускнікоў у нас ёсць 144 планавыя месцы і 30 дадатковых заявак. Але без працы ніхто не застанецца. Увогуле, у нас прыкладна 10 працэнтаў студэнтаў выпускных курсаў ужо працуюць па сваёй спецыяльнасці, а на факультэце дашкольнай адукацыі прыблізна 20 працэнтаў. І гэта проста выдатна, калі выпускнік размяркоўваецца ва ўстанову адукацыі, дзе ён праходзіў педагагічную практыку ці працаваў. Адзін з прынцыпаў работы камісіі па размеркаванні — зрабіць усё для таго, каб працоўная дзейнасць выпускнікоў пачыналася ў максімальна камфортных для іх умовах. Натуральна, не парушаючы пры гэтым заканадаўства.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Размеркаванне... гэта не страшна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная хвароба». Прастытуцыя ў БССР у часы НЭПа

«Сацыяльная хвароба». Прастытуцыя ў БССР у часы НЭПа

Сярод прыхільнікаў тэорыі вольнага кахання было шмат высокапастаўленых бальшавікоў і бальшавічак.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.