Вы тут

Мецэнаты ёсць, нават калі іх не заўважаеш


У той час, як у краіне і ў прыватнасці ў сталіцы арганізуюцца буйныя і не вельмі культурныя праекты, мы можам не заўважыць працу арганізатараў і абысці ўвагай спонсараў — у сённяшнім кантэксце так прыгожа названых мецэнатамі.


Тэатральны форум «ТэАрт», кінафестываль «Лістапад», «Славянскі базар у Віцебску», мерапрыемствы Нацыянальнага мастацкага музея, Вялікага ці Купалаўскага тэатраў, Цэнтра сучасных мастацтваў, іншых устаноў, шэраг рознага кшталту фестываляў, форумаў, івэнтаў прыцягваюць да сябе неабыякавых бізнесменаў, каб у выніку ажыццявіць свае праекты. Мы завялі прыгожую традыцыю кожны год аддаваць даніну «сацыяльна адказным» арганізацыям. Чарговая цырымонія ўшаноўвання пераможцаў акцыі «Мецэнат культуры Беларусі», якая бярэ свой пачатак з 2012 года, адбылася ў чацвер у Палацы Рэспублікі.

Мы назіраем апошнім часам даволі актыўны ўдзел банкаў і прадпрыемстваў у культурным жыцці краіны, што відаць, напрыклад, па імкненні збіраць (ці вяртаць) беларускі жывапіс у карпарацыйныя калекцыі. У гэтым рэчышчы да цырымоніі ўшаноўвання мецэнатаў можна прымеркаваць дзве падзеі. У галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі зараз праходзіць выстаўка карпарацыйнай калекцыі сучаснага беларускага жывапісу «Белінвестбанка», дзе прадстаўлена каля сарака пяці работ. У цэлым калекцыя налічвае каля ста твораў у розных тэхніках і жанрах, напісаных пачынаючы з 1990-х гадоў, «Белінвестбанк» таксама фінансава дапамагаў арганізацыі «Лістапада» і «Славянскага базара».

Да таго ж на пляцоўцы Палаца Рэспублікі распачала работу «галерэя Арт-Беларусь» (яна была таксама прадстаўлена 13 красавіка), як карпарацыйная выставачная пляцоўка Белгазпрамбанка. Гэта значыць, у Мінску стварылася новая экспазіцыйная прастора — тут прадстаўлена каля пяцідзесяці твораў беларускіх аўтараў, якія Белгазпрамбанк збірае з 2011 года. У экспазіцыі — Марк Шагал, Хаім Суцін, Леон Бакст, Фердынанд Рушчыц, Восіп Цадкін, Валенцій Ваньковіч і іншыя. Праект «Арт-Беларусь» уключае ў сябе разнапланавую дзейнасць па такім, можна сказаць, лікбезе — правядзенне выставак, стварэнне кніг і фільмаў. Карпарацыйная калекцыя Белгазпрамбанка налічвае каля ста твораў, напісаных з пачатку XVІ стагоддзя, а новая галерэя стане пастаяннай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў у рамках праекта «Арт-Беларусь».

Вось прыкладна як гэта працуе — на карпарацыйнай сацыяльнай адказнасці, якую сёння можна прыпісаць дзевяноста арганізацыям — столькі кандыдатур разглядаў аргкамітэт перад цырымоніяй ушаноўвання пераможцаў акцыі, а дыплом «Мецэнат культуры Беларусі» прызначыў сямідзесяці шасці. У розных намінацыях на цырымоніі ў Палацы Рэспублікі былі адзначаны Белгазпрамбанк, Беларусбанк, Беларуськалій, Белдзяржстрах, Белавіа, Белтэлекам, Беларуская чыгунка, Мінскі завод пеністых він і іншыя.

Прыемна ў гэтым кантэксце адзначыць, што арганізацыі-мецэнаты становяцца і ініцыятарамі культурных праектаў і што яны застаюцца спонсарамі нават не ў лепшыя часы.

Соф'я КІСЯЛЁВА

Загаловак у газеце: Мецэнаты і кампанія

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.