Вы тут

Як у будынку былой майстэрні ўзнік невялікі вясковы бізнес


Колькі зараз у вёсках можна сустрэць пустуючых будынкаў школ, клубаў, вытворчых памяшканняў! Апошнім часам у спіс актыўна дабаўляюцца былыя лазні. Без гаспадара ўсё гэта паступова разбураецца, зарастае бур'яном і становіцца галаўным болем для мясцовай улады. Таму прыклады, калі пустуючыя аб'екты набываюць новае жыццё, усяляюць пэўны аптымізм — бо даюць надзею на далейшую перспектыву вёскі. Адзін з такіх прыкладаў удалося пабачыць у глыбі Палесся, у вёсцы Літоўск Драгічынскага раёна.


Цяс­ляр  Аляк­сандр Жар­ко.

Да нядаўняга часу ў Літоўску размяшчалася рамонтна-механічная майстэрня сельгаспрадпрыемства «Закозельскі». Але, як цяпер нярэдка бывае, у выніку рэарганізацый, узбуйненняў, аптымізацый аб'ект трапіў пад скарачэнне, а капітальная пабудова засталася.

Наяўнасць трывалага будынка і падштурхнула Аляксандра Галабурду распачаць тут свой бізнес. Аляксандр — не заезджы інвестар, нават не прадпрымальнік са стажам. Ён жыхар суседняга Закозеля, а нарадзіўся і вырас у Літоўску.

Да нядаўняга часу працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам, вадзіцелем, на іншых участках. А калі памяшканне майстэрні вызвалілася, пралічылі ўсё з жонкай-бухгалтарам, склалі свой бізнес-план і вырашылі рызыкнуць.

Будынак Аляксандр Аляксандравіч купіў у 2014 годзе за 120 мільёнаў рублёў і адкрыў у ім пілараму. Ёсць ужо неабходная тэхніка, абсталяванне — справа ладзіцца. Першыя тры гады паказалі, што попыт на паслугі па распілоўцы драўніны ёсць. З рэгістрацыяй новага вясковага прадпрыемства «Літоўск-Прам» сем чалавек атрымалі работу.

— Драўніну бяром у лесе, — расказвае Аляксандр Галабурда. — Мы аказваем паслугі лясгасу па распрацоўцы лясных дзялянак. Наша брыгада нарыхтоўвае лес, а лясгас разлічваецца часткова грашыма, а часткова драўнінай. Для работы ў лесе ёсць трактар, гідраманіпулятар, усе неабходныя прыстасаванні. Такім чынам у парадку ўзаемаразліку мы атрымліваем дзелавую драўніну. Распілоўваем яе на сваёй вытворчай базе, атрымліваем будаўнічы матэрыял. 80 працэнтаў нашых спажыўцоў — гэта фізічныя асобы, забудоўшчыкі прыватнага жылля.

Цяпер, як вядома, тэмпы будаўніцтва крыху запаволіліся, крэдыты атрымаць стала больш складана, але нягледзячы на гэта жыццё працягваецца, людзі пакрысе ўзводзяць жыллё. І нават пры наяўнасці канкурэнта, яшчэ адной піларамы ў вёсцы Заверша, заказаў на піламатэрыялы хапае.

Ас­но­ва  для аль­тан­кі.

Аляксандр гаворыць, што яны працуюць і з матэрыяламі заказчыка, напрыклад, аказваюць паслугі па распілоўцы. Але гэта здараецца вельмі рэдка, бо людзям нявыгадна. Ехаць у лес самастойна, нарыхтоўваць драўніну, вывозіць бярвенні абыдзецца надта дорага. Лепш купіць гатовыя матэрыялы — дошкі ці кроквы — на пілараме. Забудоўшчыкам тут прапануюць таксама драўляныя лесвіцы для катэджа. А яшчэ робяць альтанкі, сталы, крэслы для дачнага інтэр'ера...

Цікавасць да драўніны Аляксандру перадалася ад бацькі. Той быў цесляром на ўсю вёску. Вось і ў сына ўвесь час жыла любоў да работы з дрэвам, якую ён змог увасобіць у невялікім уласным прадпрыемстве. І людзей для вытворчасці падабраў з аднадумцаў-умельцаў. Калектывам сваім Аляксандр ганарыцца, кажа, што хлопцы могуць усё: як у лесе з дрэвам разабрацца, так і зрабіць з драўніны якасны матэрыял альбо рэч.

Ну вось, напрыклад, Аляксандр Жарко спецыяльнай адукацыі не мае, а рукі залатыя. Раней паспяхова зарабляў на жыццё ў Расіі. Такога сталяра-цесляра на любую будоўлю бралі. А цяпер сітуацыя памянялася, жыхар Драгічына задумаўся аб тым, што трэба было б напрацоўваць пенсійны стаж. Ды і наогул працаваць дома, на месцы, лепш, чым жыць па інтэрнатах, перакусваць, чым давядзецца. А тут і работа падвярнулася. Застаць майстра давялося за работай над крыжам для царквы вёскі Валавель. За гэту работу, дарэчы, піларама ўзялася на ўмовах дабрачыннасці. І было відавочна, што дрэва ў руках Аляксандра Жарко ператвараецца ў твор мастацтва. А яшчэ ёсць сталы, крэслы, паліцы ў якасці ўзору альбо пробных экзэмпляраў, якія выглядаюць надзвычай прывабна.

— Вось і Міхаіл Маркоўскі, Сяргей Галабурда таксама нашы ўніверсальныя работнікі, якія ўмеюць усё, — расказвае гаспадар піларамы. — Зарплата ў работніка выходзіць ад 400 да 500 рублёў, болей пакуль плаціць не атрымліваецца, прадпрыемства яшчэ на стадыі станаўлення. Нядаўна давялося браць крэдыт на куплю абсталявання.

Аляк­сандр Га­ла­бур­да  і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та  Мі­ха­іл Ва­лад­ке­віч.

Пагаджаемся, што ў сельскай мясцовасці далёка не кожны мае такую зарплату. Галоўнае, што новы вясковы прадпрымальнік мае намер развіваць сваю вытворчасць. Ужо сёлета ён купіў будынак былой лазні за адну базавую велічыню — там паступова будзе абсталяваны цэх для сушкі драўніны. Каб вырабляць якасныя элементы мэблі, іншыя драўляныя рэчы, дошкі павінны быць высушаныя да кандыцыі. Пакуль такой магчымасці не было. Матэрыял складваецца на двары або ў памяшканні самой майстэрні.

Цяпер, з наступленнем вясны, узняўся попыт на садовыя альтанкі. Гатовая альтанка з лаўкамі пад металічным дахам абыдзецца спажыўцу ў 500 рублёў. Заказы ёсць, выраб адной з іх падыходзіць да завяршэння. Паводле слоў гаспадара, абсалютная большасць кліентаў піларамы — жыхары свайго раёна, таму рэклама ў раённай газеце яго пакуль задавальняе.

А рэкламай матэрыялу для агароджы з'яўляецца новы акуратны плот па ўсім перыметры двара былой майстэрні. Старшыня Закозельскага сельскага Савета Міхаіл Валадкевіч адзначыў, што вясковыя жыхары купляюць тут шчыкетнік.

Старшыня Драгічынскага раённага Савета Святлана БАРТАШ:

— Прадпрыемства «Літоўск-Прам» — не адзіны прыклад прыватнай ініцыятывы ў Закозельскім сельсавеце. У 2014 годзе прадпрымальнік з Брэста купіў комплекс школьных будынкаў у вёсцы Сулічава. Прыватнае прадпрыемства «Іванель» арганізавала тут рамонт колаў буйнагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі. І аграрыі вельмі задаволеныя блізкасцю сэрвісу. Раней колы ад асобных трактароў даводзілася вазіць нават у Брэст, а цяпер усё можна зрабіць на месцы.

Яшчэ адну былую школу раёна прадпрымальнік пераабсталяваў пад прадпрыемства па выпуску тратуарнай пліткі і бетонных вырабаў. Названая вытворчасць знаходзіцца ў вёсцы Леснікі. І гэта толькі асобныя прыклады. У перыяд з канца мінулага і на пачатак гэтага года прададзеныя тры будынкі лазняў. Мяркуецца, што ўсе яны будуць прыстасаваныя пад вытворчасць, там з'явяцца новыя рабочыя месцы.

За папярэднюю пяцігодку ў раёне прыцягнутыя ў гаспадарчы абарот 42 аб'екты, якія не выкарыстоўваліся, агульнай плошчай 12,7 тысячы квадратных метраў. На гэтых аб'ектах пачынаючы з 2012 года створана 28 рабочых месцаў. Асноўным спосабам прыцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, вызначаны продаж. Таму штогод арганізоўваецца каля сотні аўкцыёнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: І попыт ёсць, і прапанова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.