Вы тут

У наступныя чатыры дні сіноптыкі прагназуюць моцныя дажджы


А ў пятніцу і суботу ўдзень магчымы нават град.

Апошні тыдзень красавіка запомніцца нам дажджлівым і кантрастным па тэмпературы надвор'ем, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


У гэтыя дні ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць маларухомыя атмасферныя франты, якія ідуць да нас з боку паўднёвага захаду Еўропы. Яны падзеляць краіну на дзве зоны, калі халадней будзе па паўночным захадзе і істотна цяплей па паўднёвым усходзе Беларусі.

Увага! Сёння спецыялістамі нават аб'яўлены аранжавы ўзровень па прычыне моцных дажджоў. І ў пятніцу амаль паўсюдна па тэрыторыі Беларусі таксама пройдуць дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымы навальніцы, моцныя дажджы, а таксама град. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 7 градусаў, удзень — 4—11 цяпла; па паўднёвым усходзе ўначы будзе плюс 8—11, удзень — ад плюс 12 да плюс 17 градусаў, а па Гомельскай вобласці — да 18—22 цяпла. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць толькі кароткачасовыя дажджы, але ў асобных раёнах прагназуюцца навальніцы, моцныя дажджы, а ўдзень ізноў магчымы град. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—10 цяпла, па паўднёвым усходзе да плюс 12 градусаў. Удзень будзе 9—16 цяпла, а па ўсходзе — ад плюс 17 да плюс 23 градусаў.

А цяпер добрая навіна. У нядзелю атмасферныя франты будуць павольна сыходзіць на ўсход, і надвор'е пачне паляпшацца. Прагназуецца, што ўначы ў цэнтральных і ўсходніх раёнах, а ўдзень пераважна па ўсходняй частцы Беларусі чакаюцца толькі кароткачасовыя дажджы, аднак у асобных раёнах — навальніцы, моцныя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 цяпла, па ўсходзе — плюс 9—12, удзень чакаецца ад плюс 9 да плюс 16 градусаў, па паўднёвым усходзе — 17—20 цяпла.

Істотных падтапленняў не чакаецца

Як паведамілі карэспандэнту «Звязды» гідролагі Белгідрамета, у апошнія дні на большасці рэк краіны адбываецца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1—8 сантыметраў. Так, на Дняпры каля г. Рэчыца, Прыпяці каля г. Нароўля і яе прытоку рацэ Сцвіга ў в. Кароцічы вада ўвайшла ў рэчышча. Вада знаходзіцца на пойме на прытоку Нёмана рацэ Шчара ў г. Слонім,
прытоку Заходняга Буга рацэ Нараў у
в. Нямержа, Дняпры каля г. Жлобін, Прыпяці каля в. Чэрнічы і г. Мазыр, яе прытоках рэках Стыр у в. Лапаціна, Случ каля в. Ленін, Пціч каля в. Першая Слабодка.

Спецыялісты паведамляюць, што ў найбліжэйшыя дні ў выніку выпадзення ападкаў на рэках будуць адзначацца невялікія ваганні ўзроўня вады. А вось нейкай дадатковай паводкі ў сувязі з гэтым яны не прагназуюць.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: На ногі — боты, у рукі — парасоны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.