Вы тут

Сёння стартуе чэмпіянат свету па хакеі


81-ы чэмпіянат свету па хакеі трэці раз у гісторыі прымуць адразу дзве краіны — Францыя і Германія. Група А выступіць у нямецкім Кёльне, матчы пройдуць на самай буйной у Еўропе пляцоўцы — «Ланксес-Арэна», якая ўмяшчае 18 500 гледачоў. Тут жа адбудуцца і вырашальныя матчы плэй-оф. Апошні раз Германія прымала хакейны сусветны турнір у 2010 годзе, а наогул на яе рахунку ўжо 7 такіх хакейных спаборніцтваў. Францыя ў гэтым сэнсе менш вопытная, папярэдняе планетарнае хакейнае першынство прымала ажно 65 гадоў таму, а наогул у гісторыі гэтай краіны іх было 4. Група В згуляе ў Парыжы на арэне «Берсі» ўмяшчальнасцю 15 000 гледачоў, там будзе выступаць і наша зборная.


Сёлетні чэмпіянат можа стаць асаблівым, бо менавіта зараз у турніра ёсць выдатная магчымасць перахапіць званне самага прэстыжнага і цікавага міжнароднага хакейнага спаборніцтва планеты. Па забароне Нацыянальнай хакейнай лігі яе гульцы не змогуць прымаць удзел у Алімпійскіх гульнях, таму адзіная магчымасць убачыць зорак НХЛ — гэта планетарнае першынство. Да таго ж чэмпіянат свету 2017 з'яўляецца перадалімпійскім і для некаторых зборных менавіта ён будзе апошняй пробай сіл перад Гульнямі ў Пхенчхане.

Што датычыцца зборнай Беларусі, то яна дыслакуецца ў Францыі ўжо з пачатку месяца, у Бардо наша каманда завяршыла падрыхтоўку да чэмпіянату апошнімі матчамі Еўравыкліку і перабралася ў Парыж.

Дарэчы, па дарозе з камандай здарыўся інцыдэнт. Калі цягнік, у якім знаходзілася наша зборная, прыбыў на вакзал, паліцыя правяла пільны надгляд багажу галоўнага трэнера Дэйва Льюіса, яго памочнікаў Крэйга Вудкрафта і Алега Антоненкі, а таксама некалькіх ігракоў зборнай. Адзін з відавочцаў расказвае: «Такое адчуванне, што мы папалі на мытны надгляд. Прычым даволі жорсткі: асабістыя рэчы ігракоў і трэнераў вельмі пільна аглядалі. Як здалося, з асаблівай стараннасцю аглядзелі багаж узроставых трэнераў. Што датычыцца ўрача нашай зборнай, то ў яго рэчах перагледзелі кожную таблетку і ампулу». Працэдура заняла каля паўгадзіны, пасля таго, як паліцэйскім не ўдалося нічога знайсці, усе былі адпушчаны.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ў афіцыйным акаўнце твітара паведаміла, што пасольства ў Францыі падтрымлівае кантакт з нашай зборнай. У сувязі з нечаканым надглядам у французскага боку запытаны тлумачэнні. Акрамя таго, у сувязі з інцыдэнтам са зборнай Беларусі па хакеі пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў.

Вернемся да хакея. Мэты ў каманды Дэйва Льюіса наконт чэмпіянату свету па-ранейшаму высокія, перад ад'ездам каманды настаўнік адзначыў, што задача з часу яго прыходу ў зборную не памянялася і сёлета яны па-ранейшаму маюць намер змагацца за ўзнагароды. «Калі не ставіць высокіх задач, немагчыма дасягнуць большага, але, калі няўхільна імкнуцца да высокай мэты, рана ці позна яе дасягнеш. Безумоўна, у нашым выпадку гэта адбудзецца не сёння і не заўтра — наш шлях цярністы», — адзначыў Льюіс.

Галоўны трэнер таксама падкрэсліў, што на сёлетнім чэмпіянаце ён мае найлепшы склад з тых, з якімі даводзілася працаваць у мінулыя гады. Ён адзначыў, што вельмі задаволены абарончай лініяй і выказаў надзею на тое, што нападзенне зможа прыбавіць імпэту ўжо непасрэдна на турніры. «Першыя тры сустрэчы на чэмпіянаце свету будуць дастаткова складаныя. У саперніках — высокапрафесійныя каманды з выканаўцамі ўзроўню КХЛ і НХЛ. На жаль, у нас няма зорных індывідуальнасцяў накшталт Авечкіна або Кросбі, таму наша стратэгія будзе заключацца менавіта ў зладжанасці камандных дзеянняў», — дадаў Льюіс.

Нагадаем, пад кіраўніцтвам гэтага канадскага спецыяліста зборная Беларусі была 7-й на чэмпіянаце свету ў Астраве ў 2015 годзе і 12-й летась у Санкт-Пецярбургу.

Сёлетні чэмпіянат стартуе 5 мая, у гэты ж дзень зборная Беларусі сустрэнецца з фінамі, групавая стадыя прадоўжыцца для нашай каманды да 16 мая, а сам чэмпіянат свету да 21 чысла. Па выніках папярэдняга турніру ў плэй-оф трапяць зборныя, якія занялі першыя 4 месцы ў сваіх групах.

Адзначым, што Белтэлерадыёкампанія дасць магчымасць нашым балельшчыкам пабачыць усе матчы першынства — 64 гульні. Сустрэчы з удзелам зборнай Беларусі на стадыі групавога раўнда і ў выпадку выхаду ў плэй-оф будзе трансляваць тэлеканал «Беларусь 1». «Беларусь 5» і «Беларусь 2» пакажуць астатнія матчы турніру.

Склад зборнай Беларусі:

варатары  Кевін Лаланд, Міхаіл Карнавухаў, Віталь Трус;

абаронцы  Раман Грабарэнка, Ілья Шынкевіч, Крысціян Хенкель, Яўген Лісавец, Дзмітрый Корабаў, Уладзімір Дзянісаў, Павел Верабей, Алег Явенка;

нападаючыя  Сяргей Дрозд, Аляксандр Кулакоў, Арцём Волкаў, Аляксандр Паўловіч, Даніла Карабань, Яўген Кавыршын, Андрэй Стась (к), Сяргей Касціцын, Андрэй Касціцын, Арцём Дзямкоў, Ягор Шаранговіч, Аляксандр Когалеў, Міхаіл Стэфановіч, Шарль Лінгле.

У штаб зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам Дэйва Льюіса ўвайшлі Крэйг Вудкрафт, Уладзімір Бурэ, Алег Антоненка, Яры Каарэла, Андрэй Мезін, а таксама відэатрэнер Вячаслаў Гусаў.

Расклад гульняў з удзелам беларускай зборнай:

5 мая 17.15. Фінляндыя — Беларусь,
6 мая 17.15. Беларусь — Чэхія,
8 мая 17.15. Беларусь — Канада,
10 мая 17.15. Швейцарыя — Беларусь,
12 мая 
21.15. Францыя — Беларусь,
13 мая 
17.15. Славенія — Беларусь,
16 мая 
13.15. Беларусь — Нарвегія.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Няўхільна імкнуцца да высокай мэты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.