Вы тут

Гісторыя, якая не адбылася


Сёлета адзначаецца 80-годдзе з дня нараджэння знакамітага архітэктара Сяргея Філімонава, які цяпер жыве ў Ізраілі. На працягу многіх дзесяцігоддзяў ён актыўна ўдзельнічаў у забудове беларускай сталіцы. Менавіта па яго праектах створаныя Палац спорту і спарткомплекс «Дынама» ў раёне Камсамольскага возера, жылы 108-кватэрны дом у Мінску, а таксама Палац культуры ў Салігорску. Праект мінскага Палаца спорту быў паўторна ажыццёўлены ў Чалябінску, Днепрапятроўску, Валгаградзе, стаў прататыпам такога ж палаца ў Вільнюсе. Аднак мінскі Палац спорту мог мець унікальнае аблічча, якое… «не адбылося».


Мурал Фернана Лежэ

Малады архітэктар Сяргей Філімонаў пачаў свой творчы шлях у найбуйнейшым праектным інстытуце рэспублікі — «Белдзяржпраекце». У 1960 годзе ён — выпускнік архітэктурнага аддзялення Беларускага політэхнічнага інстытута — абараніў дыпломны праект «Універсальная глядацка-спартыўная зала на 3000 — 6000 гледачоў у г. Мінску» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Караля. Эскізы яго дыпломнага праекта ўбачыў першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі К. Мазураў, яны зацікавілі яго навізной, незвычайнасцю, і неўзабаве, напрыканцы 1962 года, у «Белдзяржпраекце» была створаная брыгада па праектаванні кінаканцэртнай і спартыўнай залы на Паркавай магістралі горада (цяпер — праспект Пераможцаў). Урачыстае адкрыццё адбылося 7 мая 1966 года — напярэдадні Дня перамогі. І супала з пачаткам гастроляў украінскага мастацка-спартыўнага ансамбля «Балет на лёдзе».

Увосень 1968 года ў Мінск прыехала мастачка Надзея Хадасевіч-Лежэ, удава французскага мастака-манументаліста Фернана Лежэ. Яе суправаджаў пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Н. ХадасевічЛежэ, якая нарадзілася ў Беларусі, на Віцебшчыне, мела асаблівыя пачуцці да Беларусі. Міністэрства культуры БССР зладзіла ў гонар знаных гасцей урачысты прыём, на якім прысутнічаў і Сяргей Філімонаў. Вось як пра гэтую сустрэчу згадваў сам архітэктар: «Надзя Лежэ пахваліла Палац спорту і прапанавала ўсталяваць на франтоне галоўнага фасада частку мурала (аб’ёмнае смальтавае мазаічнае пано), які стварыў яе муж Фернан Лежэ для алімпійскага стадыёна ў Берліне ў 1930 годзе да Алімпіяды 1936 года. Калі ж да ўлады ў Германіі прыйшлі нацысты, мастак адмовіўся выканаць яго ў натуры. Пано на тэму спорту — яркае, абстрактнае па форме і зместу — атрымала сусветнае прызнанне. Адна яго частка ўсталяваная на сцяне-франтоне Мемарыяльнага музея Фернана Лежэ ў Б’ёце на поўдні Францыі. Другую яго частку Надзея Лежэ прапаноўвала ўсталяваць з дапамогай французскіх майстроў-манументалістаў на франтоне Палаца спорту ў якасці падарунка беларускаму народу ад суайчынніцы».

Аднак беларускім партыйным кіраўніцтвам прапанова-падарунак была сустрэта даволі холадна. Падчас наступных сваіх візітаў у Беларусь Надзея Лежэ некалькі разоў вярталася да гэтай тэмы, вяла нават перамовы па арганізацыі і наладжванні працы. У якасці кампрамісу С. Філімонаў прапаноўваў усталяваць пано на спецыяльнай гарызантальнай стэле-сценцы ля палаца. І ўсё-ткі ні ў Міністэрстве культуры, ні ў ЦК Кампартыі БССР прапановы не былі падтрыманыя. Афіцыйная фармулёўка гучала так: «неадпаведнасць ідэйным устаноўкам у мастацтве».

Галіна ШОСТАК, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва навуковатэхнічнай дакументацыі. Фота з фондаў БДАНТД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.