Вы тут

Як пчолы праславіліся на вайне


Як наконт арміі, якую нельга палічыць і ацаніць звыклымі метадамі? Ці паверыце вы ў тое, што камарыны ўкус не выпадковы, а ненавісны ўсімі беларусамі каларадскі жук з'явіўся на бульбяных кустах па загадзе ваеннага начальства? Пра гэтыя таямнічыя падзеі і з'явы правёў даследаванні часопіс «Мая Планета».


Энтамалагічная зброя (як від біялагічнай зброі, які выкарыстоўвае насякомых для атакі ворага) хоць і забаронена на ўзроўні міжнародных канвенцый, але, як паказвае практыка, цалкам сабе дзейсная і небяспечная. А гісторыя яе вылічаецца стагоддзямі. Гэтыя хваробы ледзь не сцерлі чалавецтва з зямнога шара. Калі б Пётр Чайкоўскі не выпіў некіпячонай вады, унук Пятра І не захварэў воспай, а Антон Чэхаў змог бы зрабіць прышчэпку ад туберкулёзу, свет быў бы іншым. Многія даследчыкі настойваюць, што першая прылада такога роду была выкарыстана пры імператары Септыміі Северы падчас вайны Рыма з Месапатаміяй. Крэпасць Хатрой адбіла чарговую атаку рымскіх легіянераў, скідваючы на іх зверху... што б вы думалі? Скарпіёнаў!

Біт­ва на­ём­най ар­міі Манс­фельд і вой­скаў Ка­та­ліц­кай лі­гі пад Цаб­ла­там у час Трыц­ца­ці­га­до­вай вай­ны (1618—1648).

Не толькі мёд

Выкарыстанне пчол і вос супраць ворага, як мяркуюць энтамолагі, мела месца яшчэ ў каменным веку. Дзейнічаў такі механізм элементарна. У пячору, дзе, як меркавалася, хаваўся праціўнік, закідвалі гудучыя раі, каб выманіць непрыяцеля са сховішча і адначасова нанесці яму калецтвы.

Нямала прыкладаў пчалінай дапамогі ў ваенным супрацьстаянні захавалася з часоў Сярэднявечча. Так, напрыклад, у 908 годзе англійскі горад Чэстэр быў абаронены ад вікінгаў дзякуючы таму, што англічане кідалі пчаліныя вуллі ў падземны ход, па якім спрабавалі прабрацца ворагі. У перыяд Трыццацігадовай вайны (1618—1648) нямецкі горад Кісенген быў абложаны шведамі. Пітэр Хейл, адзін з жыхароў, прапанаваў скідаць на захопнікаў пчаліныя вуллі. Воінаў пчолы не вельмі турбавалі, але вось коней пакусалі, чым аслабілі шведскую армію. Такім чынам, метад спрацаваў, аблога скончылася. А ў горадзе адна з вуліц была названая ў гонар здагадлівага абаронцы. Аб сапраўднасці гэтай гісторыі сведчыць афіцыйны гарадскі партал сучаснага Бад-Кісінгена.

У Англіі, Шатландыі і Уэльсе пайшлі яшчэ далей. Замест таго каб выкарыстоўваць збаны з пчоламі аднаразова, кінуўшы іх у ворага, яны палічылі за лепшае пасяліць пчол у мурах, зрабіўшы для іх сярод камянёў спецыяльныя нішы і забяспечыўшы такім чынам дадатковую абарону ад тых, хто нападаў. Гэты метад не раз спрацоўваў, і патрывожаныя падчас нападу насякомыя накідваліся на крыўдзіцеляў. Адзіным мінусам, як высветлілася, была магчымасць сяліць пчол толькі з паўднёвага боку будынкаў.

Нігерыйскія плямёны ціў выкарыстоўваюць пчол супраць ворагаў і цяпер — на свой, не зусім бяспечны лад. Яны папросту запускаюць крылатых у трубку і дзьмуць з аднаго краю, накіроўваючы такім чынам джалячую зброю на ворага. Досыць сучасны ўспамін аб выкарыстанні пчол у якасці зброі захаваўся з часоў супрацьстаяння паміж Італіяй і Эфіопіяй ў 1935—1936 гадах, калі эфіопскія партызаны закідвалі пчаліныя вуллі ў танкі ворагу.

Блы­ха пад мік­ра­ско­пам.

Чума скача па Еўропе

Але не толькі пчолы праславіліся на вайне. Амерыканскі энтамолаг Джэфры Локвуд у сваёй кнізе «Шасціногія салдаты» расказвае, як падчас аблогі старажытнага горада Кафа (тэрыторыя сучаснай Феадосіі) ханам Джанібекам у 1346 годзе татарскае войска стала выміраць ад таямнічай хваробы (гэта была вядомая нам чума). Джанібек загадаў катапультамі перакідваць трупы за вароты горада генуэзцаў. Разам з трупамі ў горад праніклі сапраўдныя пераносчыкі хваробы — блохі, якія з Феадосіі на судах уцекачоў-генуэзцаў затым трапілі ў Еўропу. Так пачалася пандэмія чумы (чорнай смерці), якая забрала тады, па розных звестках, да паловы еўрапейскага насельніцтва.

Кар­ці­на «Тры­умф смер­ці» Пі­тэ­ра Брэй­ге­ля Ста­рэй­ша­га ад­люст­роў­вае на­ступ­ствы пан­дэ­міі чу­мы. 1562 год.

Паўтарыць вопыт з чумнымі блохамі ўзяліся японцы падчас Другой сусветнай вайны. Для распрацовак такога роду зброі быў створаны спецаддзел — «Атрад 731» пад кіраўніцтвам генерала Сіра Ісіі. План быў такі: блохі — пераносчыкі чумы, змешчаныя ў «бомбы» і скінутыя над тэрыторыяй праціўніка, павінны былі заразіць чумнай заразай непрыяцеля. Паўсталі складанасці з транспарціроўкай блох, якія гінулі пры высокіх тэмпературах выбухаў падрыхтаваных бомбаў. У рэшце рэшт быў распрацаваны адмысловы від керамічных бомбаў, і іх выбух адбываўся на гранічнай блізкасці да зямлі. Каля 30 000 заражаных асобін змяшчалася ў кожным зарадзе. Выпрабаванні актыўна праводзіліся на пляцоўках, дзе да слупоў прывязваліся палонныя салдаты і на іх правяралася магчымасць заражэння. Вядома, што чумных блох японцы планавалі задзейнічаць у 1944 годзе на Марыянскіх астравах, захопленых да таго часу амерыканскімі войскамі. Але падводная лодка ЗША патапіла японскае судна. Пазней, пасля наступлення войскаў СССР у Манчжурыі, спецатрад быў ліквідаваны, а ў ваколіцах успыхнула чума.

Аднак, былы камандзір Сіра Ісіі працягнуў сваю дзейнасць па распрацоўцы энтамалагічнай зброі, але ўжо ў ЗША. Вядома, што ў пасляваенныя 50-я гады праводзіліся выпрабаванні, падобныя да японскіх, дзе выкарыстоўваліся жывыя блохі і камары для напаўнення бомбаў. Заразіць ворагаў амерыканцы збіраліся ўжо не чумой, а жоўтай ліхаманкай. Меркавалася, што распаўсюджанне захворвання будзе асабліва эфектыўнае на тэрыторыі СССР, дзе адсутнічалі якія-небудзь прышчэпкі і распрацаваныя прэпараты для лячэння гэтай хваробы. На шчасце, далей палігонных выпрабаванняў справа не пайшла.

Ма­ля­рый­ны ка­мар.

Гудзе і заражае

А вось выкарыстанне камароў — пераносчыкаў малярыі нямецкімі войскамі ў Італіі паказала сваю практычную эфектыўнасць у ваенныя гады. Германія, спрабуючы спыніць уварванне саюзнікаў на італьянскія землі, вырашыла выкарыстоўваць свае лабараторныя распрацоўкі па заражэнні ворага малярыяй. На думку прафесара Ельскага ўніверсітэта Фрэнка Соўдэна, гэта быў адзіны выпадак прымянення энтамалагічнай зброі ў Другой сусветнай вайне. У сваёй працы «Заваяванне малярыяй Італіі» Соўдэн расказвае, што восенню 1943 года немцамі былі затопленыя асушаныя раней балоты на поўдзень ад Рыма. Туды ж былі запушчаны лічынкі камароў, якія пераносілі малярыю, — Anopheles labranchіae. Кіраваў аперацыяй нямецкі энтамолаг Эрых Марціні. 1217 выпадкаў захворвання сярод 245 000 чалавек было зафіксавана ў 1943 годзе і амаль 55 000 у 1944 годзе — такія даныя афіцыйнай статыстыкі. Але сваёй мэты немцы пры гэтым не дасягнулі: брытанскіх і амерыканскіх салдат, якія прымалі антымалярыйныя прэпараты, захворванне абышло бокам.

Так на­цысц­кія на­ву­коў­цы пра­во­дзі­лі да­сле­да­ван­ні па за­ра­жэн­ні пад­до­след­ных ма­ля­ры­яй.

Жук-заваёўнік

Варта заўважыць, што казуркі не заўсёды служаць для прамога паражэння праціўніка. Існуе і апасродкаваны метад выкарыстання насякомых у якасці энтамалагічнай зброі, напрыклад для нанясення эканамічнага ўрону. Тут галоўным героем выступае ўсім вядомы каларадскі жук, здольны масава знішчаць сельскагаспадарчыя пасевы. Упершыню гэтае пытанне было закранута Англіяй, якая абвінаваціла ў 1943 годзе Германію ў закідванні каларадскага жука на палі вострава Уайт. І хоць жукоў не знайшлі, лісты бульбы ўсё ж былі пашкоджаныя. Але асноўным абвінавачаным у справе па распаўсюджванні каларадаў былі ЗША. Урады Чэхаславакіі, Польшчы, ГДР і нават Кубы неаднаразова абвінавачвалі амерыканцаў у аграшкодніцтве. У Савецкім Саюзе гэта тэма таксама была паднятая і, нават, актыўна абмяркоўвалася ў прэсе. Але ўсё ж ніякіх прамых доказаў амерыканскага следу ў гісторыі з распаўсюджваннем паласатага шкодніка няма.

Наступныя — кібаргі

Сучасная навука адышла ў бок ад былых эксперыментаў у галіне выкарыстання насякомых на вайне і цяпер цалкам засяроджаная вакол стварэння новага пакалення хітынавых кібаргаў. Так, гэта ўжо далёка не фантастычны сюжэт, а цалкам рэальныя навуковыя распрацоўкі. Далей за ўсіх у гэтай справе прасунуліся навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта (Берклі) і Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта (Сінгапур). Выкарыстоўваючы электроды і прымацаваўшы на спіну жукам электронныя мікраскрыні, ім удалося кіраваць палётам насякомага, аддаючы каманды на адлегласці. Сістэма не кіруе кожным рухам, але можна прымусіць жука ўзляцець, павярнуць і перасоўвацца з неабходнай хуткасцю. Уздзеянне з дапамогай электродаў адбываецца на лапкі, мышцы і пэўныя долі мозга казуркі. А зараду батарэйкі, размешчанай на спіне, можа хапіць на цэлы дзень, што з'яўляецца безумоўнай перавагай у параўнанні з класічнымі беспілотнікамі. Такія кіраваныя казуркі могуць удзельнічаць у пошукава-выратавальных аперацыях і, магчыма, выкарыстоўвацца для разведкі і сачэння. Пакуль паспяховыя доследы праводзіліся толькі ў закрытых памяшканнях. А нам застаецца гадаць, куды ж могуць прывесці наш свет распрацоўкі насякомых-кібаргаў.

З да­па­мо­гай сіс­тэ­мы кі­ра­ван­ня жу­ком мож­на пры­му­сіць яго ўзля­цець, па­вяр­нуць і ру­хац­ца з не­аб­ход­най хут­ка­сцю.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.