Вы тут

Дыяменты таленту: да 110-годдзя Наталлі Вішнеўскай


У 1926 годзе ў Мінску адбылася не зусім звычайная для таго часу падзея: выйшаў сумесны зборнік вершаў, трыма аўтаркамі якога былі жанчыны, дакладней — маладыя дзяўчаты: Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская і Яўгенія Пфляўмбаўм.


Сучасныя даследчыкі ацэньваюць гэтую кнігу як «новую фемінісцкую з’яву ў літаратурнаграмадскім жыцці» (Ірына Багдановіч, «Авангард і традыцыя», 2001). І калі ўжо закранаць гендарны аспект, то менавіта згаданыя тры аўтаркі вылучаліся найбольшай актыўнасцю сярод іншых паэтак тагачаснага літаратурнага аб’яднання «Маладняк»: у 1920-х гг. іх вершы перыядычна друкаваліся на старонках газет і часопісаў. Але далейшы іх жыццёвы шлях нельга назваць спрыяльным для паэтычнай творчасці. Толькі ў канцы 1980-х, пасля больш як паўвекавога пісання ў шуфляду, здолела вярнуцца ў літаратуру Яўгенія Пфляўмбаўм. Напаўзабытай засталася заўчасна памерлая ў 1959 г. Зінаіда Бандарына, а многія яе творы не апублікаваныя дагэтуль. Але ў яшчэ гусцейшым цені засталося імя Наталлі Вішнеўскай: у даведніках і энцыклапедыях яно пачало з’яўляцца толькі з 1990-х.

Нарадзілася Наталля Вячаславаўна Вішнеўская 3 мая 1907 г. у горадзе Коўна (цяпер Каўнас, Літва) у сям’і настаўнікаў. Падчас Першай сусветнай вайны (1914 — 1922) Вішнеўскія жылі ў эвакуацыі ў Самарскай губерні. Паводле ўласнага прызнання, вершы Наталля пачала пісаць у 1922 годзе, калі сям’я прыехала на Беларусь і пасялілася ў Капыльскім раёне. Менавіта тады талент юнай паэткі заўважыў і падтрымаў Якуб Колас, які выкладаў яе маці беларускую мову на настаўніцкіх курсах у Слуцку і першым заўважыў талент маладой паэткі. Ён жа дапамог Наталлі паступіць у мінскі Белпедтэхнікум, дзе таксама выкладаў.

У беларускай сталіцы Наталля Вішнеўская актыўна ўключылася ў літаратурнае жыццё. Пасябраваўшы з Зінаідай Бандарынай, уступіла разам з ёю ў «Маладняк». Акрамя ўжо згаданага «феміністычнага» зборніка «Вершы», творы Н. Вішнеўскай з’яўляліся на старонках часопісаў «Маладняк», «Чырвоны сейбіт», «Полымя», у газеце «Савецкая Беларусь» і літаратурным дадатку да яе. У асобных вершах («Да Дня жанчыны», «Беларусь», «Камсамольскі паход») яна звярталася да грамадзянскай тэматыкі, але большасць з іх мелі асабісты характар — як пісаў крытык М. Байкоў, — суб’ектыўны лірызм. Менавіта ў такіх вершах і праявіўся найбольш яскрава талент Н. Вішнеўскай. Іх гераіня — маладая дзяўчына з усёй уласцівай ёй гамай пачуццяў: яна кахае і захапляецца, марыць і спадзяецца, радуецца і смуткуе... Яна не проста эмацыянальная, а здольная сваёй эмацыянальнасцю запоўніць усю навакольную прастору:

Плакала дзяўчына... Сыпаліся слёзы,

Ручаінай беглі пацямнелым долам,

Абмывалі ногі белае бярозы,

Зіхацелі росна... зіхацелі полем.

Нямала ў Н. Вішнеўскай і пейзажнай лірыкі, але гэта так званыя настраёвыя пейзажы, якія, зноў жа, шмат у чым адбіваюць уласны ўнутраны стан гераіні. Свае вершы паэтка імкнулася аздобіць яркімі, прыгожымі (паводле семантыкі) эпітэтамі: так, раса ў яе — брыльянцістая, слёзы — дыяментавыя, далеч — крыштальная, хмары — залатыя, вусны — пурпуровыя…

У канцы 1927 ці на самым пачатку 1928 г. Наталля Вішнеўская выйшла замуж за вядомага паэта, сакратара «Маладняка» Алеся Дудара. Аднак у сакавіку 1929 г. А. Дудар быў арыштаваны за «контррэвалюцыйныя» вершы і высланы ў Смаленск. Жонка «ворага народа» ў тым самым годзе цудам здолела закончыць Белпедтэхнікум і паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Неўзабаве ёй зрабіў прапанову іншы паэт-маладняковец — Алесь Звонак, і разам з новым мужам Наталля Вішнеўская ў 1930 г. пераехала ў Маскву. Праз чатыры гады сям’я вярнулася ў Мінск, а ўвосень 1936 г. Алеся Звонака арыштавалі. Апынулася ў «амерыканцы» і Н. Вішнеўская, але неўзабаве яе вызвалілі. Пэўны час яна разам з маці хавалася ў цёткі на Украіне, а потым пераехала ў Ленінград, дзе яе трэцім мужам стаў паэт Янка Бобрык, які тады атрымаў працу галоўнага рэдактара Упраўлення па справах мастацтва Ленінградскага гарвыканкама.

У час Вялікай Айчыннай вайны Наталля Вішнеўская працавала ў дзіцячым доме, разам з ім і эвакуявалася ў Горкаўскую вобласць. А вось Янка Бобрык, колькі яго ні ўгаворвалі, вырашыў застацца ў Ленінградзе. Там ён і памёр 25 жніўня 1942 г. Калі вайна скончылася, Н. Вішнеўская вярнулася ў пустую кватэру: у блакадным горадзе загінулі і ўсе рукапісы Я. Бобрыка. Чацвёрты раз выходзіць замуж Н. Вішнеўская ўжо не адважылася — на яе душы было і без гэтага зашмат ранаў. Яна адна выхавала двух хлопчыкаў з дзіцячага дома — абодва сталі капітанамі далёкага плавання.

Да самага выхаду на пенсію, у 1962 годзе, Наталля Вішнеўская працавала ў бібліятэцы Стаматалагічнага інстытута. «На сваёй сціплай пасадзе Наталля Вішнеўская трымалася з вялікай годнасцю. Яна была вельмі ўладарная, важная. Я здзіўлялася, калі да яе ў кабінет заходзілі людзі і не ведалі, як ля яе стаяць, як размаўляць з ёю. Усе ставіліся да яе з вялікай павагай», — успамінала пляменніца Алеся Звонака Нэлі Аляксандраўна, з якой мне аднойчы давялося сустракацца.

Памерла Наталля Вішнеўская 3 мая 1989 г. Да паэзіі яна так і не вярнулася. Але засталася яе эпісталярная спадчына, якая цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэта каля 100 лістоў і паштовак да паэта Сяргея Грахоўскага, напісаных у 1961 — 1989 гг. Некаторыя з іх апублікаваў у газеце «Голас Радзімы» (1999, 24 чэрвеня — 1 ліпеня; 8 ліпеня) Леанід Маракоў, аўтар артыкула «Тры замужжы Наталлі Вішнеўскай» («Голас Радзімы», 1999, 10 — 17 чэрвеня). У гэтых лістах — і трапныя характарыстыкі беларускіх пісьменнікаў, і малавядомыя гістарычныя факты, і прагнае жаданне пабываць на Беларусі, якое, на жаль, так і не здзейснілася...

Выглядае сімвалічным, што ў гэты юбілейны для Н. Вішнеўскай год убачыла свет анталогія жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы». І пачэснае месца ў ёй займае нізка яе вершаў.

Віктар ЖЫБУЛЬ, кандыдыт філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ

Фота з фондаў БДАМЛМ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.