Вы тут

Як на станцыі «Негарэлае» апынулася скульптура «Рабочага і калгасніцы»


«Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак — Негарэлае». Мінае некалькі хвалін — і перад вачыма паўстае аграгарадок Дзяржынскага раёна. У яго павольным ладзе жыцця цяжка заўважыць населены пункт, у якім 80 гадоў таму дзіўнымі хвалямі віравала жыццё, а чыгуначная станцыя была шырока вядомая ва ўсім свеце. Паспрабуем адматаць стужку часу, ажывіць пажоўклыя старонкі архіўных спраў і зазірнуць у тое Негарэлае.


Негарэлаўская станцыя, знішчаная падчас Вялікай Айчыннай вайны. Фотаздымак 1930-х гадоў.

Насычанае мінулае

27 снежня 1935 года аташэ японскага пасольства Каанэн Кацумі, прагінаючыся пад цяжарам двух велізарных чамаданаў, сеў у цягнік Масква — Берлін. У гэты ж час пад Мінскам зазвінеў тэлефон: начальнік КПП «Негарэлае» Пётр Босы атрымаў даволі дзіўную тэлефанаграму з Масквы. Існавала імавернасць, што праз мяжу праследуе японскі дыпламат, які паспрабуе вывезці ў багажы дзвюх жанчын. Быў атрыманы загад аб недапушчэнні вывазу. Падобныя асобы валодалі высокай ступенню недатыкальнасці і атрымлівалі шэраг ільгот паводле нормаў міжнароднага права, замацаваных у Гаванскай канвенцыі аб дыпламатычных служачых 1928 года. Дыпламатычныя рэчы падпадалі пад мытны надгляд толькі пры наяўнасці бясспрэчных і вельмі важкіх прычын. Выяўленне ў атшуканым багажы толькі дазволеных да правозу прадметаў цягнула вялікую адказнасць і непрыемнасці. Такія ж наступствы абяцаў і вываз шпіёнаў за мяжу.

Па загадзе начальніка КПП Пятра Босага мытнікі ўсяляк зацягвалі працэс афармлення дакументаў і правядзення мытных фармальнасцяў. Пры аглядзе чамаданы варочалі, «неспадзявана» кідалі на падлогу, незаўважна праколвалі шылам. У выніку нелегалкі не вытрымалі доўгай адсутнасці свежага паветра і свайго цяжкага становішча ды выявілі сябе самі. Аперацыя была бліскуча выканана.

А вось яшчэ адзін выпадак, які прыгадвае савецкі дыпламат Іван Майскі: «Калі вярталіся з паездкі ў Лондан, нам расказалі, што днямі на станцыі Негарэлае пры перасадцы з вагона заходнееўрапейскай каляіны ў наш вагон, насільшчык, што нёс багаж польскіх дыпкур'ераў у мытную залу, выпадкова выпусціў на бетонную падлогу іх драўляную скрыню. Скрыня разбілася, і з яе пасыпаліся... жаночыя панчохі, цюбікі губной памады, пудра, парфума. У зале знаходзіўся начальнік пагранічнай аховы, і яму нічога не заставалася, як сказаць польскаму дыпкур'еру: «Ай-яй-яй, як усё гэта непрыемна... Паверце, я б хацеў пазбегнуць галоснасці, але прыйдзецца скласці акт». Акт быў складзены з пералікам усяго, што было ў пабітай скрыні...».

Ад вярблюдаў да фармальдэгіду

Звернем увагу і на легальны бок — вялікую колькасць самых разнастайных тавараў, што праходзілі праз станцыю. Чытаем зварот Абрама Яўгенавіча Магідсона, кіраўніка Саюзпушніны, ад 7 студзеня 1937 г.: «Мытнай станцыі Негарэлае. Просім не чыніць перашкод вывазу 6 галоў вярблюдаў, што накіроўваюцца ў Германію і належаць спадару Эймэнэ, з якім мы маем дамоўленасць. Перадача вярблюдаў даручаецца таварышу Скобелеву, якому выдадзена даверанасць».

На вочы трапляецца зварот нямецкага консульства ў Новасібірску па дапамогу негарэлаўскіх мытнікаў у пошуку грузу (малярнага клею і фарбы для рамонту будынка консульства), што згубіўся між Негарэлым і Новасібірскам. Ці былі адшуканыя гаротныя матэрыялы — застаецца загадкай. А вось справаздача мытні за 27 мая 1936 г.: «Польскі кур'ерскі цягнік даставіў астранамічныя інструменты французскай экспедыцыі. Лідар экспедыцыі — грамадзянін Дзюфен. Каб пазбегнуць магчымай затрымкі прадметаў, аформлена адпраўка дадзенага грузу без накладання мытных пломбаў, што паказана ў правазных дакументах, такім чынам чыгунцы былі дадзены ўсе магчымасці для адпраўкі са станцыі Негарэлае кур'ерскага цягніка 27 мая гэтага года. Аднак 27 мая гэты груз адпраўлены не быў, хоць чыгунка і мела дастаткова часу для здзяйснення гэтай аперацыі. Намеснік кіраўніка Негарэлаўскай мытні Фёдараў».

Атрутны эфект фармаліну і фармальдэгіду вядомы ўсім. Быў час, калі такія рэчывы прапускаліся праз мяжу абсалютна бяспошлінна, аб чым і сведчыць наступнае пісьмо на адрас Негарэлаўскай мытні ад 16 чэрвеня 1926 г.: «Галоўнае мытнае ўпраўленне паведамляе для выканання, што пастановамі Мытна-тарыфнага камітэта ад 25 мая і 15 чэрвеня фармалін (водны раствор фармальдэгіду) выключаны са спісу прэпаратаў для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, якія прапускаліся бясплатна. Начальнік ГМУ Пацяеў».

Агульны выгляд рэвізійнай залы станцыі Негарэлае. Фота І. Салавейчыка ў часопісе «Чырвоная Беларусь», 1932 год.

Негарэлаўская станцыя магла пахваліцца і прадметамі мастацтва, перавозка якіх заўсёды выклікала шмат пытанняў: «У ГМУ. 27 мая 1932 г. Негарэлаўская мытня паведамляе, што пры выездзе за мяжу амерыканскага грамадзяніна В. Друкера, у яго пашпарце значыліся зарэгістраваныя пры ўездзе ў СССР чатыры фота-кіназдымачныя апараты і адна труба фірмы Бах, якая падлягае зваротнаму вывазу за мяжу. У сапраўднасці ім вывезены толькі фота-кіназдымачны апарат, а труба, па яго заяве, падораная артысту Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі Вялікага тэатра Міхаілу Табакову (заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай расійскай школы выканання на гэтым інструменце. — Аўт.), у пацвярджэнне чаго ім прадстаўлена даведка ДАВТ №2305 за 1932 г. Кіраўнік мытні Бабаян».

Мастацтвазнавец С. Ратгаўз успамінаў: «Першая мая сустрэча са скульптурай «Рабочы і калгасніца» адбылася не ў Маскве, а ў Беларусі, на станцыі Негарэлае. Гэта было ў канцы сакавіка 1937 г. Нехта паказаў на вялізны груз, які займаў адзін з чыгуначных шляхоў: «Скульптуру вязуць у Парыж на выстаўку». Я здзівіўся: «Такую вялікую?» Для яе быў пададзены цягнік, які складаўся з 26 платформаў. Разам з асноўным каркасам груз важыў каля 75 тон. Асобныя дэталі займалі цэлыя платформы. <...> Група савецкіх і французскіх спецыялістаў — інжынеры, зваршчыкі, мантажнікі — сабрала і ўсталявала скульптуру ў савецкім павільёне за 11 дзён. А праз некаторы час пасля закрыцця выстаўкі ўжо шырока вядомая свету кампазіцыя «Рабочы і калгасніца» такім жа шляхам перасякла мяжу ў Негарэлым у зваротным напрамку».

Будні на мытні

Негарэлаўская мытня знаходзілася за 11 вёрстаў ад мяжы з тагачаснай Польшчай, мела 2 мытныя пасты на ст. Коласава і ў мястэчку Магільна. Апошні дзейнічаў падчас сплаву лесу за мяжу па рацэ Нёман. Яе дзейнасць прыпала на росквіт сацыялістычных спаборніцтваў, якія часам мелі і адмоўны ўплыў на дзейнасць працоўных калектываў. Чаго варта наступнае пісьмо «даведачнага характару», накіраванае ў Негарэлае 11 студзеня 1938 г.: «Загад кіруючага характару. Матэрыялы сацспаборніцтваў за 1937 г. паказваюць, што ў шматлікіх выпадках гэтая выдатная форма камуністычных адносін да працы апошлена. Ворагі народа прыклалі да гэтага сваю руку. Так, для выканання пункта «Барацьба за захаванасць форменнага абмундзіравання» ў Мікалаеўскай мытні перасталі залазіць у трумы. Паказчык «скарачэнне тэрміну надгляду судоў» прывёў да таго, што кантралёр ленінградскай мытні надглядаў у месяц 38 722 месцы на параходах (атрымоўваем: у дзень — 1551 месца, у гадзіну — 259 месцаў)». Для параўнання, інфармацыі пра ўхіленне негарэлаўскіх мытнікаў ад надгляду цягнікоў знойдзена не было.

У 1936 годзе адбыўся невялікі канфлікт паміж мытняй і памежным кантрольна-прапускным пунктам у Негарэлым: была затрымана кантрабанда ў грамадзяніна Ірана Ісвагані Гусейна на суму 560 савецкіх рублёў і 15 англійскіх фунтаў стэрлінгаў. Кантрольна-прапускны пункт 16-га памежнага атрада НКУС СССР паведамляў: «У вашых звестках (маецца на ўвазе справаздача Негарэлаўскай мытні. — Аўт.) гэта затрыманне значыцца як самастойнае затрыманне мытні, у той час як затрыманне кантрабанды выключна праведзена па ініцыятыве КПП, нашым кантралёрам Дабрыніным».

У адказ кіраўніцтва Негарэлаўскай мытні пісала памежнікам: «Нават сумесным гэта затрыманне лічыць немагчыма, яно цалкам належыць нашаму кантралёру Краўчуку, які, у сваю чаргу, проста расказаў Дабрыніну аб незвычайным чамадане іранца». Спрэчную справу разглядала Галоўнае мытнае ўпраўленне і стала на бок мытнікаў. Падобныя непаразуменні часам узнікалі і з мясцовай чыгункай. У пратаколе №1 «Тэхнічнай нарады супрацоўнікаў Негарэлаўскай мытні» ад 2 лютага 1932 г. адзначалася, што «вагоны загружаюцца чыгуначнікамі без ведама мытні, а толькі па дамоўленасці з Саюзтрансам. Як вынік, дзяжурны інспектар мытні цалкам пазбаўлены магчымасці зрабіць праверку грузаў, што загружаюцца ў зборныя вагоны». Барацьбу з нелегальным правозам рэчаў ускладняў і той факт, што рэвізійная зала мытні вельмі слаба асветлялася і была «не выключана магчымасць пасажыра ўцячы з багажом ад мытнага надгляду».

Памежныя раёны заўсёды былі своеасаблівымі. Мяжа, што падзяліла беларускія землі ў 1921 годзе, прынесла росквіт кантрабандзе і бандытызму ў памежных раёнах. Аб'ём кантрабанды і колькасць людзей, якія ёй займаліся, былі большыя, чым калі-небудзь у беларускай гісторыі. Важнай старонкай гэтага перыяду з'яўляецца і станцыя Негарэлае, дзейнасць якой хавае яшчэ шмат цікавага і невядомага.

...Ішоў 1928 год. Пасля візіту ў Германію і Францыю Уладзімір Маякоўскі ў вершы «Они и мы» пісаў:

На горизонте — белое.

Снега и Негорелое...

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

mytnaya.supolka@gmaіl.com

Загаловак у газеце: Вялікія агні Негарэлага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.