Вы тут

Дзе вучацца найлепшыя будучыя паштальёны?


Адказваем — у Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання. Каманда гэтай установы стала найлепшай на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў па спецыяльнасці «Паштовая сувязь».


Перамогу каледжу (прычым другі год запар) прынеслі чацвёртакурсніцы Бажэна Стрэльская, Настасся Данільчык і Вераніка Гавіна. У сваім дамашнім заданні на тэму «Шануем традыцыі — ствараем інавацыі» дзяўчаты паказалі, якой пошта была раней, як дастаўляліся весці ваеннымі пісьманосцамі і што чакае галіну ў будучыні.

— Мы расказвалі пра тое, што будзе праз 50—100 гадоў. Гэта 3D-друк, імгненная дастаўка адпраўленняў, касмічныя аддзяленні, бо пошта будзе не толькі на планеце Зямля, — дзеліцца Бажэна Стрэльская.

На конкурсе студэнткі прадставілі таксама свой дызайн касцюма аператара сувязі. Дзяўчаты хацелі стварыць камплект, які будзе зручны пры рабоце і пры гэтым стыльны. Таму прапанавалі наступны дрэс-код: спадніца-мідзі сіняга колеру з устаўкай з фаціну, белая кашуля, укарочаная свабодная камізэлька, гальштук з эмблемай Белпошты, белыя туфлі і белы раменьчык.

Дзяўчаты адзначаюць, што гэта перамога не толькі іх каманды, але і педагогаў — Акуліч Алены, Акуліча Аляксандра і Ярмольчык Святланы.

На працягу ўсіх курсаў навучання студэнткі актыўна ўдзельнічалі ў жыцці каледжа. Выступалі, напрыклад, на днях адкрытых дзвярэй, дзе залучалі абітурыентаў звязаць сваё жыццё з поштай. Бажэна і Вераніка пісалі даследчую работу па тэме «Фірменны стыль як складальнік брэндынгу на прыкладзе РУП «Белпошта» і ўдзельнічалі з ёй у гарадскім конкурсе. А Настасся ўжо на працягу трох гадоў узначальвае студатрад «Сувязіст».

Цяпер выпускніцы праходзяць практыку, кожная ў сваім аддзяленні. Працоўнымі месцамі найлепшыя будучыя паштальёны забяспечаны: Вераніку чакаюць на Галоўпаштамце, а Бажэна з Настассяй застаюцца ў родным каледжы — рыхтаваць сабе змену.

Афіцыйна

Сяргей ПАПКОЎ, міністр сувязі і інфарматызацыі:

— У сучасных эканамічных умовах перад прафесійнай адукацыяй ставіцца задача падрыхтаваць канкурэнтаздольных спецыялістаў. Навучальныя ўстановы павінны даць сваім студэнтам не толькі глыбокія прафесійныя веды, але і навучыць працаваць у камандзе, планаваць час, умець прэзентаваць інфармацыю, знаходзіць выйсце з канфліктных сітуацый. Конкурс майстэрства — зручная пляцоўка для абмену вопытам і самавыражэння.

Цікава ведаць

На ХХІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі» РУП «Белпошта» правяла акцыю па дабрачыннай падпісцы «Падары дзіцяці радасць». Кожны ахвотны меў магчымасць аформіць падпіску на дзіцячыя газеты і часопісы на адрас малых, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах. На сімвалічным дрэве дабрыні (на здымку) можна было выбраць «яблык», дзе пазначана імя дзіцяці, і адпаведна яго ўзросту падабраць перыядычнае выданне. Пасля выстаўкі дрэва пераехала ў будынак Галоўпаштамта, дзе знаходзіцца і цяпер.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Аператары касмічных аддзяленняў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.