Вы тут

Вас наведае «мабільны паштальён»


На дапамогу работнікам Дзяржынскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі прыходзіць сучаснае электроннае абсталяванне.


У апе­ра­цый­най за­ле АПС «Дзяр­жынск-2».

— Наш рэгіянальны вузел паштовай сувязі абслугоўвае тры раёны, — паведаміла начальнік Дзяржынскага РВПС Алена Баднарашак. — Дзяржынскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі. Работа наша ўдасканальваецца пастаянна. Усе працэсы аўтаматызуюцца. Напрыклад, нядаўна ўведзена ў дзейнасць сістэма «мабільны паштальён». Прылада, з якой усе паслугі ажыццяўляюцца ў рэжыме анлайн, што вельмі зручна як для насельніцтва, так і для саміх паштальёнаў.

Без ніякіх праблем дома можна выканаць прыём плацяжоў, аформіць падпіску, выдаць паштовае адпраўленне. Сама прылада нагадвае звычайны смартфон з невялікім электронным блокам. Наўпрост дома цяпер можна выканаць плацяжы, іншыя грашовыя аперацыі ў рэжыме рэальнага часу, ажыццявіць продаж спажывецкіх тавараў, прычым не толькі наяўнымі грашыма, але і пры дапамозе аплатнай карткі. Ісці ў паштовае аддзяленне цяпер неабавязкова. Асабліва такая паслуга спатрэбілася з пачаткам пандэміі. Для людзей сталага веку яна вельмі зручная.

Па словах Алены Валер'еўны, больш за 80 % населеных пунктаў трох раёнаў Мінскай вобласці абслугоўваюцца пры дапамозе аўтамабіляў. Гэта дае магчымасць аператыўна наведаць кожнага кліента нават у самай аддаленай вёсцы. Вялікія адлегласці пешшу паштальёнам пераадольваць ужо не даводзіцца.

Пастаянна ўдасканальваецца праграмнае забеспячэнне ў аддзяленнях паштовай сувязі, пашыраецца кола так званых няпрофільных паслуг: набыць неабходныя спажывецкія тавары, здзейсніць банкаўскія аперацыі і іншыя.

Калектыў Дзяржынскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі з улікам супрацоўнікаў Стаўбцоўскага і Уздзенскага ВПС налічвае каля 300 чалавек. Большая частка, зразумела, жанчыны. Мужчыны ў асноўным кіроўцы. Апошнім часам калектыў актыўна папаўняецца маладымі работнікамі. Асабліва гэта заўважна ў аддзяленнях сувязі Дзяржынскага раёна. Вопытныя работнікі пераважаюць у калектыве Уздзенскага ВПС. У Стаўбцоўскім ВПС — 50 на 50.

— Прыемна, што да нас ідзе моладзь, — адзначыла начальнік РВПС. — Кожны год мы прымаем у наш калектыў маладых работнікаў. А нашы вопытныя, заслужаныя супрацоўнікі шчодра дзеляцца з маладымі калегамі сакрэтамі прафесійнага майстэрства.

Сярод нашых найлепшых настаўнікаў — такія вопытныя работнікі, як Марыя Доўжык і начальнік аддзялення паштовай сувязі і адначасова паштальён АПС «Волма» — выдатны перадавік сваёй працы; Зінаіда Грыль, начальнік АПС «Данілавічы»; паштальёны Жанна Шамко і Таццяна Грыль і многія іншыя. А яшчэ ў нашам РВПС працуе цэлая дынастыя кіроўцаў паштовых аўтамабіляў — браты Генадзь, Павел і Вадзім Вольскія. На гэтай рабоце яны змянілі свайго бацьку, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця.

Як паведаміла начальнік Дзяржынскага РВПС, у найбліжэйшы час на вуліцах Дзяржынска і Фаніпаля да паслуг насельніцтва з'явяцца паштаматы — прылады для выдачы паштовых адпраўленняў. Атрымаць іх людзі змогуць незалежна ад часу работы пошты. У саміх паштовых аддзяленнях уведзена электронная чарга. Аперацыйныя залы аснашчаны сучасным электронным абсталяваннем.

Кожны год па традыцыі ў калектыве рэгіянальнага вузла сувязі праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства. Пераможцы потым прадстаўляюць РВПС на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ў маі у Дзяржынску для работнікаў РВПС адбылося цікавае сямейнае свята з конкурсамі, віктарынамі і канцэртам. Гэта першае мерапрыемства, арганізаванае прафсаюзнай арганізацыяй. Усе яго ўдзельнікі былі вельмі задаволены святочнай праграмай і атрымалі шмат станоўчых эмоцый. Чакаецца, што падобнае сямейнае свята ў будучыні стане традыцыйным, паколькі найлепшым чынам спрыяе добрым адносінам у калектыве і дорыць добры настрой.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.