На ўскрайку гарадскога пасёлка Радунь, што ў Воранаўскім раёне, не адно дзесяцігоддзе пустуе былая база перасоўнай механізаванай калоны. Малады бізнесмен Андрэй Масель частку памяшканняў арандуе пад вытворчасць драўніны і шынамантаж. Але большасць плошчаў так і стаяць незанятыя.
Пра бізнес
Мы размаўляем з Андрэем у драўлянай альтанцы пасярэдзіне былой базы ПМК. Некалі тут былі гаражы, майстэрні, кацельная і нават кавярня. Утрымліваць базу ўласніку не пад сілу, вось і стаіць яна без справы, зарастае травой.
На гэта звярнуў увагу малады мясцовы прадпрымальнік. Ён меў уласны млын і ўжо атрымаў у арэнду адно з пустых памяшканняў. Паслуга аказалася запатрабаванай, бо жыхары тут мелі вялікія гаспадаркі. Кажуць, што гадоў 7—8 назад на падворку маглі трымаць да 100 свіней. Але цяпер Радунь, як і большасць населеных пунктаў раёна, апынулася ў зоне рызыкі распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і апошніх тут трымаць нельга. Ад млына Андрэй адмовіўся, але стаў ажыццяўляць сваю новую задумку — аўтасэрвіс.
Легальнага рамонту аўто на той час не было, і Андрэй заняў гэту нішу, атрымаўшы адпаведны сертыфікат. Кажа, што кліентаў хапае, прыязджаюць з усяго наваколля. Так што ў хуткім часе прыйшлося пашырацца. Узяў у арэнду гараж, два гаражныя блокі, былы навес для сельгастэхнікі. Наняў на работу некалькі майстроў.
Андрэй не тоячыся расказвае пра крокі на шляху пабудовы ўласнага бізнесу. І адзначае — не трэба займацца тым, што не можа прынесці прыбытак. Калі гэта не выгадна — варта змяніць кірунак і знайсці тое, што будзе карыстацца попытам. Яго наступным крокам стала апрацоўка драўніны.
— Мае родныя абураюцца, што я ўсе сродкі ўкладваю ў вытворчасць, — кажа ён з усмешкай. — Але ў мяне такі прынцып — спачатку станок, затым тое, што жонка папросіць.
Пра экспарт
Разам з тым Андрэй не бярэцца сцвярджаць, што прадбачыць эканамічны эфект ад новай справы. Ён хутчэй з тых, хто спачатку нешта набывае, а затым размяркоўвае, што рабіць з вынікам. Так адбылося і з вытворчасцю драўніны. Для гэтых мэт была закуплена піларама і лесавоз. Машыну ўдалося яшчэ без растаможвання набыць за мяжой.
Андрэй заняўся распілоўкай драўніны. Спачатку лес набываў у калгасе, затым заключыў дагавор з лясгасам. Ёсць у яго зараз і вальшчыкі лесу, і пільшчыкі. За некалькі гадоў знайшоў партнёраў за мяжой: у Літве, Польшчы, Латвіі. Ёсць і гадавыя кантракты, і асобныя заяўкі. Напрыклад, у Польшчы з беларускай драўніны робяць скрыні для яблыкаў. Бывае так, што радунскі лес плыве цераз мора ў кантэйнерах, і толькі праз два месяцы трапляе да пакупніка.
— Я лічу, што адгружаць піламатэрыял на экспарт — не зусім правільна, — разважае Андрэй. — Сыравіну трэба перапрацоўваць у сябе. Напрыклад, мы маглі б прадаваць больш дарагую прадукцыю — дошкі для падлогі, вагонку, блок-хаусы. Для гэтай вытворчасці патрэбна іншае абсталяванне. У першую чаргу — сушыльная ўстаноўка. Але на арэндныя плошчы яе не паставіш, бо гэта стацыянарны комплекс, трэба падводзіць электрыку, камунікацыі. Мне на гэта ніхто не дасць дазволу.
Магчыма, у будучым з Радуні будуць адпраўляць на экспарт не толькі сыры лес, але і перапрацаваны. Такі намер у бізнесмена ёсць.
Пра льготы
Андрэй у гэтым сэнсе рэаліст. Вядома ж, ад ільгот не адмовіцца, але ён ведае правілы гульні і лічыцца з імі. Тым больш што для развіцця прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці ёсць свае прэферэнцыі: тут значна меншыя падаткі.
— У чым важна падтрымаць бізнес? — ставіць пытанне Андрэй і сам адказвае. — Трэба спрасціць працэдуру атрымання крэдыту. Правяраюць амаль месяц, быццам ты хочаш кагосьці падмануць.
Аднойчы ён паспрабаваў узяць крэдыт на пакупку аўтамабіля, каб вазіць работнікаў у лес. Але пакуль ішлі перамовы з банкам, змяніліся нормы заканадаўства, і самім валіць лес забаранілі, усе работы выконвае цяпер лясгас. Адпала і неабходнасць у транспарце. Андрэй паспрабаваў перанесці крэдытную лінію на набыццё станкоў, але перапрафіляваць крэдыт не ўдалося. Хоць Андрэй больш спадзяецца на сябе, без фінансавай падтрымкі ён не абышоўся — крэдыт спатрэбіўся для пакупкі трактара. Тады прадпрымальніка ўразіў такі парадокс: склады на трактарным заводзе запоўнены, а на пакупку тэхнікі спатрэбіўся амаль месяц.
Пра аб'екты
Андрэй Масель не супраць таго, каб пашырыць сваю вытворчасць. Магутнасцяў хапае, у штаце яго цяпер каля 20 чалавек. І пытанне аб продажы аб'ектаў быццам бы вырашаецца. Навошта яны будуць пуставаць? Тым больш што ёсць прыклад увядзення іх у абарот.
— Я арандую некалькі гаражоў, будынак, дзе раней была тэхніка. Там зараз стаяць мае трактары, — кажа Андрэй. — Гэтыя аб'екты прыведзены ў належны стан, устаўлены новыя вокны, дзверы, зроблены новы дах. Іншыя будынкі таксама можна адрамантаваць, прывесці іх у парадак.
Можна сказаць, што Андрэй Масель адзіны на ўсю Радунь прадпрымальнік-вытворца. Яго паслугамі карыстаюцца і вяскоўцы, і ўстановы. Нядаўна адсюль вазілі піламатэрыялы для рамонту даху крамы ў суседняй вёсцы. Не было б тут сваёй піларамы, прыйшлося б ехаць у суседні, Лідскі, раён.
Кампетэнтна:
Як паведамілі ў Фондзе «Гроднааблмаёмасць», база былой ПМК унесена ў графік па ўключэнні ў гаспадарчы абарот у гэтым годзе. Канкрэтныя тэрміны пакуль невядомыя, бо ўсё залежыць ад таго, калі ўласнік (ААТ «Гроднааблсельбуд») прадаставіць неабходныя дакументы. Трэба падрыхтаваць пашпарты, а гэта не танная працэдура. Плануецца, што база будзе мець некалькі лотаў. Арандатар мае першачарговае права на набыццё аб'ектаў. Таксама ён можа купіць іх па рыначным кошце.
Наша даведка:
У Гродзенскай вобласці назіраецца рост колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў і суб'ектаў гаспадарання. Яшчэ два гады таму складвалася адмоўная эканоміка. Так, у 2015 годзе было мінус 160 юрыдычных асоб, летась толькі мінус 20. Сёлета ствараецца больш, чым ліквідуецца.
Андрэй Свірыдаў, старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама:
— У вобласці ёсць праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. З другога квартала адкрыта льготнае крэдытаванне для суб'ектаў прадпрымальніцтва са штатам да ста чалавек, з любым відам дзейнасці. Сродкі будуць выдзяляцца на другое паўгоддзе, агульны фонд — 8 млн рублёў. Прадпрымальнікі, якія маюць бізнес-праекты, могуць атрымаць транш. Дарэчы, сродкі за апошнія тры гады выдзяляюцца ўпершыню.
Таксама мы працуем у рамках грамадска-кансультацыйных саветаў і абмяркоўваем тыя акты, якія прымаюцца для спрашчэння вядзення бізнесу. Далучаем да гэтай справы экспертаў. Што датычыцца арэнды камунальнай маёмасці, мы працуем над тым, каб у заканадаўчым парадку знізіць гэтыя затраты на 10—15%.
Аляксандр Чубрык, дырэктар Цэнтра «Даследаванні, прагнозы, маніторынг»:
— Згодна з аналізам рэгіянальнага развіцця, «жывое» прадпрыемства, якое арыентавана на экспарт, пачынае развівацца і цягнуць за сабой унутраны попыт. Вакол такога «генератара» могуць пачаць стварацца альбо аднаўляцца іншыя прадпрыемствы малога ці сярэдняга бізнесу.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?