Улада зацікаўлена ў нармальным, прадуктыўным дыялогу з тымі, хто выступае за мірныя і паэтапныя дэмакратычныя змены. Адказныя асобы гатовы гутарыць, абмяркоўваць розныя тэмы з прадстаўнікамі такіх грамадскіх аб'яднанняў і партый.
У нас прыгожая і ўтульная краіна, якую трэба зберагаць. А розныя погляды на тое, якой павінна быць дэмакратыя, — гэта ўжо і ёсць часцінка апошняй. Пра гэта не раз гаварыў і кіраўнік дзяржавы. Як і пра магчымасць размаўляць пра будучыню краіны з тымі, хто выступае за мірнае жыццё, дасягненне грамадскай згоды. Круглыя сталы, дыялог — адна з формаў падтрымання стабільнасці ў грамадстве.
У Віцебску днямі правялі круглы стол «Дэмакратыя і правы чалавека ў Беларусі». Аргкамітэт рэспубліканскага грамадскага руху «Грамадзянская згода» запрасіў на мерапрыемства прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і партый.
Шэраг заўваг быў выказаны ў адрас прыхільнікаў рэзкіх перамен. Амаль што ўсе спікеры былі супраць такога «кроку да дэмакратыі». Сустаршыня аргкамітэта руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў падкрэсліў, што Беларусь — наша агульная краіна. І ад таго, наколькі мы гатовыя абмяркоўваць і супрацоўнічаць, залежыць стабільнасць у грамадстве.
Адной з важных тэм стала абмеркаванне моўнага пытання, а менавіта — як лепш прапагандаваць любоў і павагу да беларускай мовы.
Прадстаўнікі творчых саюзаў, у прыватнасці мастакі, агучылі свае праблемы. Напрыклад, чаму ў горадзе, які праславіў Шагал, параўнальна высокая плата за арэнду «метраў» майстэрняў. І як няпроста атрымаць дзяржаўную падтрымку на афармленне інтэр'ераў, удзел у мастацкім афармленні вуліц і сквераў...
Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Марчанка расказаў, што круглы стол — добрая магчымасць абмяняцца думкамі людзям з рознымі палітычнымі поглядамі. Ён нагадаў, што пры мясцовым органе ўлады дзейнічае абласны каардынацыйны савет грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый.
Пасля Віцебска аналагічнае мерапрыемства запланавалі правесці ў Гомелі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?