Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада


Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.

Жыхары ваеннага гарадка Уручча, асабліва тыя, чые вокны выходзяць акурат на страявы пляц ваеннай камендатуры, ужо амаль на памяць ведаюць, хто за кім пройдзе па мінскім праспекце Машэрава падчас ваеннага парада 3 ліпеня. У гэтыя летнія дні рэпетыцыі тут ладзяцца ледзь не штодзень — для многіх вялікі гонар удзельнічаць у адной з галоўных урачыстасцяў краіны.


Менавіта пешая калона па традыцыі адкрые ўрачыстае шэсце, якое разгорнецца ў Дзень Незалежнасці на праспекце Машэрава. Першымі перад трыбунамі пройдуць юныя барабаншчыкі — выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Суворавец Глеб Яршоў у парадзе ўдзельнічае ўпершыню. Хлопец не хавае, што вельмі хвалюецца. І ў першую чаргу таму, што трэба апраўдаць ускладзены на яго давер: перш чым трапіць у парадны разлік, выхаванцы вучылішча прайшлі сур'ёзны адбор. «Цябе выбралі — значыць ты самы лепшы, і гэтаму трэба адпавядаць, — лічыць падлетак. — Мой прадзед, які дайшоў да Берліна, думаю, вельмі ўзрадаваўся б, калі б даведаўся, што яго нашчадак — у парадным страі!».

Сцяг Перамогі і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў — менавіта гэтыя вайсковыя злучэнні ўдзельнічалі ў Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», у ходзе якой была вызвалена наша краіна, — следам за самымі юнымі ўдзельнікамі парада пранясуць вайскоўцы роты ганаровай варты. Але сваё майстэрства прыгажуны з шашкамі і карабінамі (у пляц-канцэрце разам з вайскоўцамі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта) па традыцыі прадэманструюць у канцы ўрачыстасці.

— Выступленне роты ганаровай варты сёлета запланавана больш рытмічным і відовішчным дзякуючы новым элементам, якія будуць выконвацца не пад ваенны марш, а пад сучасную музыку беларускага кампазітара, — раскрыў інтрыгу камандзір зводнай роты ганаровай варты маёр Павел ШПАРЛА.

Асобныя элементы вайскоўцы ў белых пальчатках пачалі развучваць яшчэ ў сакавіку. Пасля індывідуальнай падрыхтоўкі трэніраваліся сінхроннасці. Але самае складанае — рэпетыцыі зводнай роты. Кіраваць калектывам у 118 чалавек Паўлу Шпарлу не ўпершыню. Як ён прызнаецца, бывала і больш. Дарэчы, для самога камандзіра роты гэта парад стане адзінаццатым. Тройчы ён удзельнічаў у якасці курсанта, столькі ж — як камандзір узвода, і ўжо пяты раз Павел выступіць як камандзір роты.

— Упершыню на сталічны праспект выйдуць войскі тэрытарыяльнай абароны, дзеля гэтых мэт прызваны і ваеннаслужачыя рэзерву, — расказаў начальнік штаба — першы намеснік ваеннага каменданта Мінскай ваеннай камендатуры падпалкоўнік Сяргей ІВАНОЎ. — Дагэтуль ніколі не ўдзельнічалі ў парадзе вайскоўцы 19-й і 6-й асобных гвардзейскіх механізаваных брыгад. Сёлета прынята рашэнне і аб тым, што ў парадныя разлікі ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх брыгад сіл спецыяльных аперацый.

Акрамя таго, паўдзельнічаць у ваенным парадзе выпаў гонар і курсантам Ваеннай акадэміі Беларусі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцам 120-й і 11-й асобных гвардзейскіх механізаваных брыгад. У складзе пешай калоны таксама пройдуць разлікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усяго — 20 парадных разлікаў.

Яшчэ 27 разлікаў — сучаснай ваеннай тэхнікі. Пасля таго як мінчане і госці сталіцы пабачаць усе амаль 220 адзінак баявой тэхнікі, каля якой, дарэчы, па заканчэнні парада можна будзе сфатаграфавацца, у небе над сталіцай з'явяцца асноўныя тыпы крылатых машын Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны.

Генеральныя трэніроўкі войскаў Мінскага гарнізона, якія сёлета пройдуць 24 і 28 чэрвеня каля абеліска «Мінск — горад-герой», ніколі не былі закрытымі для гледачоў. У тых, у каго на 3 ліпеня іншыя планы, ёсць магчымасць далучыцца да галоўнай урачыстасці краіны крыху раней.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота і відэа Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.