Вы тут

Добрая штука


— Ну, хто тут з краю, хто ў чарзе апошні? — цяжка апіраючыся на мыліцы і пры гэтым лагодна ўсміхаючыся, ад весніц у двор Васіля Прохарава ішоў-шкандыбаў сусед Мікалай Смоляк. Па-вясковаму яго ўсе звалі Мікалай Бязногі. Ён звяртаўся да двух мужчын-суседзяў у гадах і двух хлопчыкаў, якім было гадкоў па сем-восем. Тыя сядзелі на шырокай лаўцы каля палісадніка ў той самай чарзе. А перад імі на табурэтцы, укрыты пад самую бараду старой цыратай, — яшчэ адзін сусед. З машынкай для стрыжкі ў руках над яго галавой шчыраваў гаспадар. Мікалай Смоляк з палёгкай апусціўся на вольнае месца лаўкі, з якой мужчыны, што сядзелі на ёй, тут жа сагналі занятых гульнёй мальцоў.

Для ўсіх, хто сабраўся ў гэтым двары, карціна была знаёмая і звыклая: перад паходам у лазню лясніцтва суседзі па вуліцы, што былі ўжо ў гадах, рэгулярна, у апошнюю суботу месяца, ішлі сюды стрыгчыся. Прыводзілі і сваіх унукаў, над якімі не патрэбна было асабліва варажыць, а ўсяго толькі абчакрыжыць пад нуль, пакінуўшы спераду маленькі чубік. Дабірацца па гэту патрэбнасць на другі канец пасёлка, у так званы Дом быта, дзе, акрамя цырульні, былі размешчаны яшчэ швачная і шавецкая майстэрні, ім было не пад сілу і без усялякага задавальнення. А тут, у суседа, падчас чакання сваёй чаргі можна было адвесці душу: пачуць шмат цікавага ад іншых, падзяліцца ўласнымі навінамі. Да таго ж «свайму цырульніку» і плаціць не патрэбна было, хіба толькі пару медзякоў сунуць яго дзецям на кіно.

Галоўная ж перавага гэтай «цырульні» была не ў тым, не ў другім, і не ў трэцім, а ў той самай машынцы, якой тут наводзілі прыгажосць на галовах. Машынка Васіля, па іх аднадушнай думцы, «не скубла». Гэта значыць, не рвала валасы падчас стрыжкі, а плаўна здымала пасму за пасмай. Яе салдат прынёс з вайны ў сваім паходным заплечным рэчавым мяшку. Яна была ў ліку трафеяў, якія ўмясціліся ў яго «сідары» разам з парай сподняй бялізны ды зменных ануч з ручніком і кавалкам мыла.

Стрыг усіх сам гаспадар, яго самога — жонка. Потым машынку даверылі старэйшаму сыну, за ім — сярэдняму. А калі яны адзін за адным былі прызваны на абавязковую службу ў войска і ўжо не вярнуліся да бацькоўскай хаты — засталіся ў гарадах вучыцца і працаваць, чарга наступіла браць інструмент у рукі малодшаму з сыноў — Шурку. А той упёрся і — ні ў якую, заявіўшы прылюдна: «Яшчэ чаго, я да гэтай фашысцкай заразы і дакранацца нават не буду!» Падлетак ужо праходзіў у школе гісторыю і да Германіі, з яе гітлераўцамі-фашыстамі, якія напалі на нашу краіну, у яго было поўнае непрыманне, як не сказаць нянавісць.

У той дзень на такі рэзкі выпад хлопчыка Мікалай Смоляк, які сядзеў у чарзе, слушна заўважыў:

— Ну, ты, браточак, не маеш рацыі — такія добрыя штукі не мог рабіць фашыст. Не інакш яе рабіў сапраўдны майстар. У Германіі ж былі не толькі фашысты, але і антыфашысты і проста звычайны рабочы люд. Ні за што я не паверу, што той, хто сваім мазалём зарабляў на хлеб, мог быць нягоднікам.

Аднаногага Мікалая Смоляка паважалі не толькі на вуліцы, але і ва ўсім пасёлку. Аднапасельцы ведалі, што ён, пакуль ваяваў, страціў сям'ю: жонку і дваіх дзяцей фашысты спалілі разам з іншымі жыхарамі суседняй вёскі, зачыніўшы людзей у былой калгаснай стайні. Пасля вайны, будучы інтэрнатаўцам і не маючы родных, ён трапіў у мясцовы інтэрнат для інвалідаў. Там такіх, як ён, — бязногіх, бязрукіх гаротнікаў, — было сабрана некалькі вялікіх драўляных карпусоў. Застаўшыся ўдовамі, мясцовыя жанчыны і нават дзяўчаты паразбіралі ўсіх мужчын і хлопцаў-інвалідаў, якія маглі хоць неяк рухацца, і павыходзілі за іх замуж.

Аднаногія, тыя, што маладзейшыя, уладкоўваліся на работу. У адным толькі пасялковым клубе іх працавала трое: кінамеханік, загадчыкі бібліятэкі і самога клуба. Кінамеханік перасоўваўся з дапамогай мыліц, а «начальства» — на пратэзах. На гэтай жа вуліцы, акрамя Мікалая Смоляка, у якога нагі не было па самы пах, жыло яшчэ двое інвалідаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх, Рыгор Аверын, быў без рук, замест іх — дзве куксы па самыя локці. Яшчэ адзін жыхар вуліцы быў без ног і перасоўваўся на цялежцы-каталцы. Да іх усе прывыклі, ім дапамагалі, хто як і чым мог: тым жа бясплатным пастрыжэннем, узараннем агарода, падвозам дроў.

Падціснуўшы вусны і насупіўшы для парадку бровы, хлопчык з таго дня вымушаны быў узяць у рукі інструмент. Бацька даверыў яму тых, хто стрыгся нагала, — такіх жа, як сам «майстар», падшыванцаў. Тут ад «цырульніка» асобай прамудрасці не патрэбна было — зачапіў паласу ад ілба і пайшоў шчоўкаць — чык-чырык — да затылка, потым зноў баразну прапахаў. Але кожны раз, прыступаючы да пастрыгання малечы, нягледзячы на довады аднаногага суседа, Шурка надзьмуваўся і аб чымьсці ўпарта думаў.

«Гэта ж машынка не вінаватая, што яе рабіў немец. Яна ж не вінаватая, што з вайны не вярнуўся дзядзька Міша-мінамётчык і дзед Прахор, якіх я нават у вочы не бачыў жывымі, ды і яны мяне таксама. Дзядзька такі яшчэ малады быў і нават не жанаты, а склаў сваю галаву ў той чортавай Германіі. Ды яшчэ і ў самым канцы вайны! Прыкра! Ён такі прыгожы на партрэце ў зале вісіць. З баявымі ордэнамі і медалямі! А дзед? Калі маці спыняецца і глядзіць на яго фотаздымак, які вісіць у сямейнай рамцы пад шклом, дык адразу відно, што яна ўся ў яго ўдалася, — такі ж прамы нос ды бровы шнурочкам. Толькі што без вусоў. У дзеда яны ёсць. Пра яго наогул ніхто нічога не ведае — прапаў, як у ваду кануў, на самым пачатку той праклятай вайны. Вунь бацька ўсё запытанні шле кудысьці», — думаў-апраўдваў сябе хлопчык, з люццю выстрыгаючы-выскубаючы «фашысцкай» машынкай крывыя белыя барозны на маленькіх галовах сваіх суседзяў. Тыя цярпелі яго выкрутасы і толькі ціха саплі.

«А ў чым вінаваты гэты дзядзька Смоляк, што ён з адной нагой застаўся і без дзяцей? Дык няхай хоць бы гэтая д'ябальская машынка паслужыць яму! Тым больш што ён кажа, што яна добрая штука і што яе майстравалі не фашысты. Зразумела, куды ім — тым фашыстам! Ім бы толькі аўтамат у руках трымаць ды страляць-забіваць і калекамі рабіць людзей».

Кожны раз, беручы ў рукі «добрую штуку», Шурык пераконваў сябе, што знаходзячыся тут, далёка ад таго месца, дзе была зроблена, гэтая машынка безадмоўна служыць-вымольвае дараванне за тых салдат-забойцаў, па віне якіх не вярнуліся дамоў яго блізкія родзічы і суседзі, а тыя, што вярнуліся, былі калекамі.

У адказ машынка — «добрая штука» маўчала. А што яна магла сказаць беларускаму хлопчыку, які хоць і нарадзіўся ўжо пасля вайны, але ў сям'і, якую напрамую кранула гэтая страшэнная бяда і ў якой багата што напамінала аб ёй і не давала забыць...

Раіса ДЗЕЙКУН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.