Вы тут

Беларуска-таджыкска-афганскі бізнес-форум адбудзецца ў Душанбэ


Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Таджыкістане і Афганістане па сумяшчальніцтве Алег ІВАНОЎ. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках Міжнароднай універсальнай выстаўкі-кірмашу «Таджыкістан-2017» з 27 па 29 ліпеня, і ўжо сёння каля 100 бізнесменаў з Афганістана пагадзіліся прыехаць на форум.


— Нашы двухбаковыя адносіны з Афганістанам знаходзяцца ў стадыі станаўлення, але ўжо ў 2015—2017 гадах адбыліся сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях, візіты дзелавых колаў у Беларусь. Гэта з'яўляецца пацвярджэннем зацікаўленасці афганскага боку ў актывізацыі кантактаў у палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай, сацыяльнай і іншых сферах, — адзначыў беларускі пасол.

Паводле слоў дыпламата, для абодвух бакоў існуе мноства абласцей, у якіх рэальна арганізаваць супрацоўніцтва, выгаднае і для Беларусі, і для Афганістана. Асноўным кірункам з'яўляецца беларуская тэхніка, якую можна пастаўляць на афганскі рынак — прычым, гэта можа быць як сельскагаспадарчае, так і грузавое або спецыяльнае абсталяванне. Сёння беларускае пасольства прасоўвае малочную прадукцыю, лекі, калійныя ўгнаенні, шыны, керамічную плітку і іншыя тавары.

У 2016 годзе тавараабарот Беларусі і Афганістана склаў 26,4 мільёна долараў і ў параўнанні з 2015-ым вырас на 60 працэнтаў. У перыяд са студзеня па май 2017 года тавараабарот склаў 9,1 мільёна долараў — у параўнанні з аналагічным перыядам за папярэдні год можна канстатаваць павелічэнне на 87,7 працэнта.

У адрозненне ад супрацоўніцтва з Афганістанам, якое толькі пачынае набіраць абароты, беларуска-таджыкскія адносіны ў сферы эканомікі знаходзяцца на здавальняючым узроўні. Разам з тым, паказчыкі ўзаемнага гандлю ў апошнія гады не адпавядаюць патэнцыялу эканомік абедзвюх краін. «Але мы робім усе намаганні, каб выправіць сітуацыю, якая склалася», — падкрэсліў дыпламат.

Паляпшэнню эканамічных паказчыкаў можа спрыяць зборачная вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якую плануецца адкрыць на тэрыторыі Таджыкістана восенню. «Там будзе прадстаўлена розная тэхніка такіх брэндаў, як «Бабруйскаграмаш», «МТЗ», «Гомсельмаш», — паведаміў Алег Іваноў.

Сярод патэнцыйных пазіцый — больш за 10 мадэляў, у тым ліку трактары, прычэпы і касілкі для высакагор'я. «Таксама на базе гэтай зборкі мы хочам зрабіць навучальны цэнтр», — дадаў дыпламат.

Беларуская тэхніка не толькі рэалізуецца на тэрыторыі горнай краіны — для яе абслугоўвання і паставак запасных частак арганізаваны спецыяльныя дылерскія і сэрвісныя цэнтры ў некалькіх гарадах Рэспублікі Таджыкістан.

У цэлым, двухбаковы тавараабарот з Таджыкістанам за перыяд са студзеня па май 2017 года павялічыўся ў 2,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам за 2016 год — і склаў больш за 16 мільёнаў долараў. Экспарт і імпарт таксама павялічыліся ў 2,9 і 1,9 разы адпаведна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Беларускі трактар для высакагор'я

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.