Вы тут

Дзмітры Гурскі: ІТ — гэта ўнікальны шанц для любога чалавека


«ІТ — гэта ўнікальны шанц для любога чалавека атрымаць поспех у сусветным маштабе». Такую думку выказаў вядомы беларускі бізнесмен Дзмітрый Гурскі па выніках сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі ІТ-сферы ў Парку высокіх тэхналогій.


«Я ўспамінаю час два гады таму: гэта была вясна, паступіла даручэнне ад Прэзідэнта падрыхтаваць дакумент, які разняволіць ІТ-галіну. Мы папрацавалі, сабралі ўсе праблемы — атрымаўся такі доўгі-доўгі спіс, у сотні пунктаў. Многія з іх былі рэвалюцыйныя. Ніхто не верыў, што Прэзідэнт падпіша, таму што занадта рэвалюцыйна, занадта складана, занадта шмат аспектаў, — але Прэзідэнт падпісаў. Гэта быў велізарны імпульс веры ў тое, што ў нашай галіны ўсё будзе добра. Бо, у прынцыпе, гэта самае галоўнае: калі чалавек разумее, што ўсё будзе добра, ён пачынае інвеставаць, ён пачынае лепш працаваць, ён пачынае расці», — падкрэсліў Дзмітрый Гурскі.

Паводле яго слоў, той візіт беларускага лідара ў Парк высокіх тэхналогій толькі ўзмацніў аптымізм — зразумела, што ў адносінах дзяржавы і ІТ усё будзе ў парадку. Такім чынам, сумесна з ростам аптымізму будзе адбывацца рост галіны, упэўнены бізнесмен.

Чаго цяпер не хапае ў ІТ? На яго думку, ёсць адна буйная праблема — гэта кадры. У прыклад ён прывёў канкрэтныя лічбы: цяпер у Беларусі каля 50 тысяч праграмістаў. Гэта значыць, на кожную сотню эканамічна актыўнага насельніцтва прыпадае адзін праграміст. Аднак у той жа Эстоніі іх тры на 100 чалавек, у Ізраілі і Славеніі — чатыры на 100, нават у Польшчы — два на 100. Дзмітрый Гурскі падкрэсліў: такая сітуацыя ў нашай краіне з кадрамі вельмі моцна абмяжоўвае развіццё галіны.

«Дзякуючы ПВТ у нас сталі высокія зарплаты, яны вышэй за маскоўскія. Калі раней мы бачылі паток людзей, якія з'язджаюць у Маскву — гадоў 15 таму, бо там былі заробкі вышэйшыя, — цяпер людзі едуць да нас. Мы асабіста рэлацыруем вельмі шмат людзей з Расіі з прычыны кадравага дэфіцыту», — дадаў бізнесмен.

Ён таксама звярнуў увагу, што кадравы дэфіцыт — гэта не толькі нерэалізаваныя магчымасці бізнесу, але і нерэалізаваныя магчымасці людзей. «ІТ — гэта ўнікальны шанц для любога чалавека атрымаць поспех у сусветным маштабе. Таму што ты можаш жыць тут, а зарабляць там. І ты можаш рабіць сусветны поспех, будучы тут».

У прыклад бізнесмен прывёў сябе самога: ён нарадзіўся ў простай сям'і, рос без бацькі, выхоўваўся бабуляй і мамай, «карміўся з агарода». Стартавага капіталу, зразумела, не меў. «Усё было проста, зусім нічога асаблівага, — сказаў ён. — Зараз я стварыў кампанію, якая з'яўляецца сусветным лідарам у сваёй вобласці [Дзмітрый Гурскі — заснавальнік і прэзідэнт кампаніі Flo Health Іnc. — распрацоўшчыка мабільнай праграмы для жанчын Flo. — «Зв.»]. Нашы карыстальнікі — гэта кожная дзясятая жанчына Амерыкі, у нас 25 мільёнаў карыстальнікаў у месяц, гэта самы буйны праект у сваёй галіне ў свеце. Гэта сусветны поспех і прыклад таго, што я застаюся ў Беларусі, жыву тут, я падатковы рэзідэнт Беларусі, нікуды не збіраюся».

Бізнесмен і яго калегі актыўна дапамагаюць дзецям з рэгіёнаў, каб яны маглі ўцягнуцца ў ІТ-сферу. Дзмітрый Гурскі падкрэсліў: важна паказаць гэтую мадэль, бо нічога ўнікальнага ў ІТ-спецыялістах няма. «Гэта звычайныя людзі, проста яны пайшлі ў вобласць, якая дазваляе добра зарабляць. І мы хочам паказаць дзецям з правінцыі, што ёсць такі шлях», — сказаў ён.

Аднак на сёння, дадаў бізнесмен, іх магчымасці некалькі абмежаваныя: набор у вышэйшыя навучальныя ўстановы маленькі, а конкурс — вялікі, прахадныя балы —
высокія. Платную адукацыю пацягне далёка не кожная сям'я, саманавучанне таксама няпростая справа. Такім чынам, комплексная работа для ПВТ і дзяржавы — даць магчымасць таленавітым дзецям уцягнуцца ў галіну.

«Я лічу, што самая галоўная задача ПВТ (зразумела, што экспарт, мільярды — усё гэта важна) — інтэнсіўна працаваць на тое, каб у значна большай колькасці нашых людзей была магчымасць скарыстацца шанцам і дасягнуць гэтай беларускай мары — сусветнага поспеху, жывучы ў Беларусі. Я са свайго боку хачу працягнуць гэтую работу, але павінны ўключыцца ўсе: і ПВТ павінна змяніць сваю місію і накіраваць на гэта свае рэсурсы, і ІT-галіна, і дзяржава. Мы ўсе павінны аб'яднацца ў тым, каб даць шанц усім удзельнічаць у гэтым поспеху», — падкрэсліў Дзмітрый Гурскі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.