Вы тут

Запомні сам і перадай калегу па хобі


Чым можа абярнуцца для паляўнічага нявыплата дзяржаўнай пошліны за прадастаўленне права на паляванне? Хто павінны рэгуляваць распаўсюджванне і колькасць баброў на тэрыторыі населеных пунктаў, калі жывёлы раптам з'явяцца на іх? Як рыбаку не трапіць у няёмкае становішча: што трэба ведаць пра дадатковыя — часовыя або пастаянныя, што могуць устанаўлівацца апроч агульнавядомых — забароны на лоўлі рыбы? Сёння кампетэнтныя адказы на гэтыя пытанні ў нашай экалагічнай рубрыцы даюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


На паляванне — пасля выплаты дзяржпошліны

Грамадзяне пры правядзенні палявання ў абавязковым парадку павінны мець пры сабе сапраўднае дзяржаўнае пасведчанне на права палявання. У адпаведнасці з пунктам 98 Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, пасведчанне з'яўляецца сапраўдным пры наяўнасці карткі ўліку парушэнняў і выплаты дзяржаўнай пошліны з адзнакай альбо з квітанцыяй аб яе выплаце. Картка ўліку парушэнняў і выплаты дзяржаўнай пошліны з'яўляецца неад'емным дадаткам да дзяржаўнага пасведчання на права палявання.

Дзяржаўная пошліна выплачваецца да пачатку палявання і пацвярджае права на паляванне на працягу дванаццаці месяцаў з дня яе выплаты. Памер дзяржпошліны вызначаецца Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь і ўстаноўлены ў памеры адной базавай велічыні (23 рублі на сёння).

Такім чынам, перш чым адправіцца на паляванне, варта звярнуць увагу на тэрмін дзеяння дзяржаўнага пасведчання, а таксама тэрмін дзеяння адзнакі аб выплаце дзяржпошліны або квітанцыі аб яе выплаце.

Адзнака аб выплаце дзяржпошліны робіцца службовымі асобамі «Белдзяржпалявання» або лесагаспадарчых устаноў Міністэрства лясной гаспадаркі, завяраюцца асабістымі подпісамі службовых асоб і штампамі (пячаткамі) гэтых арганізацый.

У выпадку, калі выплата дзяржпошліны пацвярджаецца квітанцыяй аб яе выплаце, паляўнічаму варта звяртаць увагу на наступныя акалічнасці:

— дата плацяжу і тэрмін дзеяння дзяржпошліны (12 месяцаў),

— сума плацяжу павінна складаць не менш за адну базавую велічыню,

— код плацяжу ў любой квітанцыі аб выплаце дзяржпошліны за прадастаўленне права на паляванне — 03003. Прызначэнне плацяжу — дзяржаўная пошліна за прадастаўленне права на паляванне з фізічных асоб. У выпадку, калі ў квітанцыі ўказаны іншы код і прызначэнне плацяжу, дзяржпошліна лічыцца нявыплачанай.

Паляванне з пратэрмінаваным дзяржаўным пасведчаннем на права палявання, з нявыплачанай або пратэрмінаванай дзяржаўнай пошлінай за прадастаўленне права на паляванне з'яўляецца незаконным (без належнага на тое дазволу). Здабытыя ў такіх выпадках паляўнічыя жывёлы з'яўляюцца здабытымі незаконна.

Калі ад бабра не чакаць дабра...

З'яўленне бабровага паселішча на тэрыторыі населенага пункта, садаводчага таварыства, дачнага кааператыва або ў непасрэднай блізкасці ад іх можа прынесці сур'ёзныя нязручнасці і непрыемнасці для іх жыхароў. Бабры не толькі могуць прыстасоўвацца да розных умоў пражывання, але і здольныя пераўтвараць навакольнае асяроддзе з улікам сваіх патрэб, у тым ліку змяняць характарыстыкі вадаёма ці вадацёку, берагавой лініі, драўнінна-хмызняковай расліннасці паблізу.

Норы, хаткі, паўхаткі, плаціны, каналы, лазы і хады — такі пералік збудаванняў баброў. У выніку будаўнічай дзейнасці жывёлы пашкоджваюць дарогі, гідратэхнічныя і іншыя збудаванні, падтопліваюцца ўчасткі і домаўладанні грамадзян. Акрамя таго, бабры ў населеных пунктах пашкоджваюць пабудовы, знішчаюць пладовыя дрэвы і хмызнякі.

У адпаведнасці з заканадаўствам праблема вырашаецца шляхам правядзення мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёл. Як правіла, мерапрыемствы ажыццяўляюцца шляхам арганізацыі бяззброевай здабычы баброў. Спосабы рэгулявання распаўсюджвання і колькасці без вымання жывёл неэфектыўныя, паколькі бабры здольныя ў самыя кароткія тэрміны аднаўляць знесеныя чалавекам плаціны, разбуранае жыллё і іншыя збудаванні. Згодна з Правіламі рэгулявання распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёл, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.01.2008 №126, здабыча дзікіх жывёл у мэтах рэгулявання іх распаўсюджвання і колькасці ажыццяўляецца на падставе дазволаў на адабранне дзікіх жывёл з асяроддзя іх пражывання, якія выдаюцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Такія дазволы атрымліваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы або ўпаўнаважаныя імі арганізацыі. Як правіла, рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці баброў на тэрыторыі населеных пунктаў ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі работнікамі карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў.

Нягледзячы на маючыя месца факты нападзення баброў на чалавека, заолагі з упэўненасцю сцвярджаюць, што гэтаму віду млекакормячых не ўласцівая агрэсія да чалавека. Разам з тым варта праявіць асцярожнасць пры сустрэчы з бабром, тым больш, калі жывёла не баіцца чалавека. Прыкладам гэтаму служыць выпадак, які адбыўся ў 2013 годзе ў Камянецкім раёне, калі бабёр напаў на цікаўнага рыбалова.

Бабрам ўласцівыя варожыя паводзіны ў адносінах да суродзічаў з «чужых» сем'яў (паселішчаў). На думку спецыялістаў, агрэсіўныя паводзіны жывёл у дачыненні да людзей з'яўляюцца следствам ахоўнай рэакцыі ў выпадках, калі жывёлы расцэньваюць дзеянні чалавека як пагрозу. Акрамя таго, небяспеку можа ўяўляць жывёла, хворая на шаленства.

Што рыбаку трэба ведаць пра забароны

Акрамя агульнавядомых нераставых забарон, вызначаных Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, Мінпрыроды і райвыканкамы могуць устанаўліваць дадатковыя абмежаванні па лоўлі рыбы ў мэтах яе аховы. У цяперашні час дзейнічае некалькі такіх забарон — як часовых, так і пастаянных.

Забаронена аматарскае рыбалоўства:

— па 1 ліпеня 2018 года на ўчастку ракі Нёман ад плаціны Гродзенскай гідраэлектрастанцыі на адлегласці 1000 метраў уніз па цячэнні ракі да месца ўпадзення безназоўнага ручая ў раку Нёман (пастанова Мінпрыроды ад 9.07.2014 №31);

— штогод з 15 кастрычніка па 15 красавіка ў раёне водазабора каўшовага тыпу адкрытага акцыянернага таварыства «Гродна Азот» каля вёскі Пагараны Гродзенскага раёна на ўчастку ракі Нёман працягласцю 50 метраў ад межаў тэрыторыі водапрыёмнага каўша водазабора ўверх і ўніз па цячэнні, а таксама на самім водапрыёмным каўшы (пастанова Мінпрыроды ад 9.07.2014 №31);

— штогод з 1 кастрычніка па 15 красавіка на ўчастку ракі Гарынь у Столінскім раёне ад рыбагадавальніка «Дуброва» да моста-пераправы Беражное—Рубель працягласцю 7 кіламетраў ад пчальніка і сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Новая Прыпяць» да месца ўпадзення ў раку Прыпяць (пастанова Мінпрыроды ад 19.02.2013 №6);

— штогод з 15 лістапада па 20 снежня ва ўсіх рыбалоўных угоддзях Рэспублікі Беларусь забаронена лоўля рапушкі еўрапейскай (пастанова Мінпрыроды ад 2.12.2015 №42);

— штогод з 15 кастрычніка па 15 красавіка на ўчастку Аўгустоўскага канала на адлегласці 350 метраў ад месца яго ўпадзення ў раку Нёман да далёкага ад ракі Нёман краю бетоннага прычала для судоў «Дзмісевічы» (пастанова Мінпрыроды ад 1.04.2016 №10);

— штогод з 1 красавіка па 30 мая ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці:

канал Аўгустоўскі — ад шлюза каля вёскі Нямнова да месца яго ўпадзення ў раку Нёман; пойменныя вадаёмы ракі Нёман: Келбаская затока каля вёскі Келбаскі; Беражанская затока каля вёскі Бережаны; у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці — пойменныя вадаёмы ракі Нёман: возера Стары Нёман-1 каля вёскі Харціца, возера Вінабойскае і возера Новае каля вёскі Навінка, затока без назвы каля вёскі Дубна;

у Магілёве і Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці — на ўчастку ракі Днепр і прылеглых пойменных вадаёмах у межах ад водазабора філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «БелАЗ» — кіруючай кампаніі холдынга «БелАЗ-Холдынг» у г. Магілёве — «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. М. Кірава» да вусця ракі Дзебра;

у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці і Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці — на ўчастку ракі Нараў ад паўднёва-заходняга вугла квартала 176 да паўднёва-заходняга вугла квартала 206 Ашчэпскага лясніцтва дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» (пастанова Мінпрыроды ад 6.10.2016 №31);

— штогод з 20 сакавіка па 18 мая ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці:

канал Мікашэвіцкі — на працягу 2,5 кіламетра ўверх па канале ад месца ўпадзення канала ў раку Прыпяць; рака Прыпяць — на працягу 500 метраў уверх і ўніз па цячэнні ракі ад месца ўпадзення ў яе канала Мікашэвіцкі (пастанова Мінпрыроды ад 6.10.2016 №31);

— па 21 снежня 2017 года на возеры Дыманоўскае (Даманаўская) у Віцебскім раёне (рашэнне Віцебскага райвыканкама ад 7.12.2015 №1547);

— да 31 снежня 2017 года на сажалцы, размешчанай на рацэ Ведзьма ў межах Ляхавіч (рашэнне Ляхавіцкага райвыканкама ад 15.04.2015 №352).

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.