Вы тут

Лета, як маленькае жыццё


«Хутка восень, за вокнамі жнівень...» А пакуль...

Спёка, вёска. У цэнтры яе спыняецца вялізны МАЗ. Ад яго ў бок пошты ідзе кіроўца. З адзежы на ім — толькі майка і шорты, з абутку — сланцы.

З кабіны вылез, а нібы з-пад коўдры.


Дарагая дарога

...Як нам жаніцца, то й ноч малая, гэта значыць, калі часу няма, то патрэбны тралейбус (на табло напісана) прыйдзе аж праз дзесяць хвілін.

Каб не марнаваць іх, перабягаем на прыпынак трамвая.

Ён (што, вядома ж, добра) пад'язджае хутка, што дрэнна — недалёка вязе. Недзе напаўдарозе расчыняе дзверы: маўляў, прабачце, машына далей не ідзе. Наперадзе ў яе — трэба разумець — нейкая аварыя ці затор, у нас жа — два прыпынкі пехатой, да метро.

Аднак мы дабягаем і на ім такі даязджаем — мінута ў мінуту, не спазніўшыся, але ж змарыўшыся, знерваваўшыся і аж тройчы (на тралейбус у нас праязныя) аплаціўшы праезд...

Капейкі, як быццам, спаганяць не будзеш... Ці, можа, трэба было б?


Урок

Пакуль аднакурснікі рабілі кар'еры, Рома будаваў дом і гадаваў-выхоўваў дзяцей, прычым — не толькі сваіх.

На тынковачныя работы ён майстроў наймаў. Харошыя хлопцы папаліся — нічога не скажаш. Адзінае...

Дзён праз пяць Раману пазваніў сусед, сказаў, што тынкоўшчыкі з «аб'екта» як быццам з'ехалі, а дзверы зачыніць забыліся — ветрам ганяе... «Дык я падыду, замкну, пакуль ніхто не ўлез», — прапанаваў Міхайлавіч. — «Дзякуй... Не трэба, — не згадзіўся Раман. — Я зараз брыгадзіру пазваню. Хай сам пад'едзе». — «Дык яму ж далёка: і час змарнуе, і бензін», — пашкадаваў небараку сусед. — «Затое навука будзе», — адказаў гаспадар.

Нібы ў ваду глядзеў: амаль месяц гэтыя хлопцы працавалі ў яго на доме. Ні з дзвярыма, ні з чым іншым праблем больш не было.


Хто стараецца...

Пятніца, надвячорак, людзей у метро амаль як селядцоў, але ж неяк варушацца — выходзяць, заходзяць, з сумкамі, з рукзакамі.

У жанчыны, што стаіць наперадзе, ён за спінай, верхняя кішэнька адкрыта.

— Не баіцеся, — ціха пытаю, — што нешта скрадуць?

Тая мігам сцягвае ношу, зазірае ў кішэньку і тут жа бялее тварам:

— Дык жа ўкралі!

— Кашалёк? Шмат грошай было? — спачуваюць людзі.

— Ды не, ён амаль пусты і на дне, — ледзь не плача жанчына. — Акуляры сцягнулі, а я без іх — як без рук... І футарала шкада.

...Злодзея, між іншым, таксама: ён, бядак, разжыцца хацеў, а тут — кукіш, можна сказаць, хоць і ў футарале.


Тыповы партрэт

Да дзеда Мацвея ўнучкі прыязджаюць рэдка. Ён не крыўдуе: мінчанкі, студэнткі, прыгажуні — безліч месцаў, куды можна пайсці ды паехаць. І да яго можна. Ды нават трэба, але ў жніўні, ці ўвосень, калі пойдуць грыбы. Дзяўчатам толькі шумні тады, — як бачыш заявяцца, каб пазбіраць, каб трафеі свае паздымаць на мабільнікі і потым пахваліцца, каб неяк (да слова прыйшлося) дзеду сказаць, што ў лесе дзядзьку сустрэлі.

— І што? — насцярожыўся той.

— Ды нічога: мы з ім павіталіся, ён з намі.

— А хто ж такі? Як выглядаў?

— Ну, трохі маладзейшы за цябе, няголены, бяззубы...

— То, пэўна, Лёшка.... Альбо Ігар Васілёў ці Віцька Малаток...

У вёсцы, апроч дзеда, — трое мужыкоў (чужыя ў іх лес ні нагой). І, здаецца, усе яны падыходзяць пад апісанне дзяўчат.


Два бакі медаля

Сталіца, бойкае скрыжаванне. Аднак яно, вось такое — для машын, бо для людзей там — падземны пераход.

А дзявятай раніцы ён амаль пусты. І тым не менш побач, на каленях стаіць мужчына (мажны і зусім не стары), у малітве, трэба разумець, варушыць вуснамі, зрэдчас падымае вочы і хрысціцца — просіць падаць... Шапка — побач, на жаль, пустая.

А зрэшты, ужо не: знайшлася такі добрая душа, нешта ў яе паклала.

Мужчына падзякаваў, пахрысціўся — пачакаў, пакуль дабрадзейка знікне ў глыбіні перахода, і тады ўжо гучна паклікаў:

— Люд, а Люд...

Тая — маладая, увішная — толькі гэтага, відаць, і чакала, бо вырасла, як з-пад зямлі, аб сметніцу патушыла цыгарку, хуценька схапіла грошы і нырнула ў пераход.

Мужчына застаўся стаяць — на каленях, застаўся жабраваць.

...Як жа трэба любіць тую Людку (сужыцельку ці дачку?), каб на гэта пайсці?

І як жа трэба не любіць (сужыцеля ці бацьку?), каб такое дазволіць?


Пад страхам смерці. І толькі?

...Калі верыць відавочцам (а не верыць ім нельга) першы каляровы нумар газеты (што важна, «Звязды»!) выйшаў у Беларусі 3 ліпеня 1945-га.

У Гродне была літаграфія. Туды самалётам завезлі паперу, на першай старонцы аддрукавалі вялікі партрэт Сталіна, потым, і ўжо ў Мінску, дадавалі тэкст.

Якраз тады, падчас набору, нехта заўважыў, што ў асобных нумарах рукі ў Сталіна занадта чырвоныя — нібы ў крыві.

У выніку журналістам прыйшлося перабіраць увесь тыраж: нармальныя, «правільныя» нумары газеты — для чытачоў — складваць у адзін бок, няправільныя — пад нож — у другі.

Цалкам магчыма, што некаму з «сартавальнікаў» карцела «памыліцца» і тым самым яшчэ тады сказаць людзям праўду, ці хоць бы намякнуць...

Не сказалі. Магчыма, таму, што ў пераможным 45-м вельмі хацелася жыць (і, вядома ж, не за кратамі). А магчыма, проста не бачылі сэнсу, бо хто б ім паверыў — тады, калі многія не вераць дагэтуль.


Знак

У лес — як у храм, хоць зазвычай глядзіш пад ногі, бо яно ж хочацца знайсці — то лапік суніц, то сямейку лісічак... Уверх, на плямкі неба, на вершаліны дрэў узіраешся рэдка, але ўжо тады...

Адна кабета расказвала, як выйшла замуж, як цягам двух гадоў нарадзіла дваіх дзяцей, і як пасля гэтага зусім змарнела — ледзьве ногі перастаўляла.

Муж тады запрог каня — адправіў яе да доктара, і ўжо той — прычым не свяціла — сходу паставіў дыягназ: пацыентка сысці не паспела, дзверы за сабой зачыніць, а ён ужо распінаўся, пытаўся ў медсястры: «А яшчэ пазней яна прыйсці не магла?! Анкалогія ж — сто да аднаго... Апошняя стадыя!»

Працяг маналогу хворая (?!) ужо не чула, бо дыягназ «анкалогія і апошняя стадыя» быў для яе, можна сказаць, сямейны: з гэтай хваробы і зусім маладым памёр брат, ад гэтай жа — паміраў бацька. Страшна пакутаваў...

Дачка вось так не хацела. А таму з плачам укулілася ў воз, паехала дамоў, аднак па дарозе спынілася, адматала ад драбін вяроўку, зрабіла пятлю, прыкідваючы, на што б яе зачапіць, рушыла ў лес.

Ён (бажылася!) быў абсалютна спакойны: ні ветру табе, ні шолаху! І раптам... трэск: верхавіна прыгожай елкі, прычым сама па сабе, «ад'ехала» ад ствала, трохі затрымалася ў паветры і гахнула вобзем, пад ногі.

Жанчына, нічога не разумеючы, паглядзела на гэтую перашкоду, потым на вяроўку ў руках і толькі тады падумала:
«А куды гэта я іду? Што я раблю і навошта? У мяне ж дома дзеці!»

Куляй паляцела назад... Сама пагадавала сваіх малых (казала: «Мне знак быў!»), сама прычакала ўнукаў...

Што цікава, дачка яе ў маладосці закахалася ў хлопца — на сваю галаву, бо то сварылася з ім, то мірылася... Урэшце, стаміўшыся, папрасіла: «Божухна, дай мне знак!»

Ні на што надзвычайнае, як казала, не спадзявалася, пайшла ў кухню, узяла анучку, кубак ад гарбаты, але нават церануць яго толкам не паспела: адна палоўка пасудзіны засталася ў правай руцэ, другая ў левай...


Бубачкі

Зіма — чорна-белае кіно, лета — каляровае, бо ў пагодныя дні ці не ўсе цяпер у нечым белым, ружовым, васільковым, зялёным, у дзірачкі, у кветачкі, у палоскі...

Двое насустрач — маладзіца з дзяўчынкай: відавочна — маці з дачкой, бо ў іх, можна сказаць, аднолькава прыгожыя тварыкі, аднолькавыя блакітныя спаднічкі, туфлікі і маечкі ў бубачку...

А-у, натарыус, засведчы копію!


Кожнаму сваё

Горад, вуліца, наперадзе пара. Ён — шыракаплечы, высокі, яна — якраз наадварот, але ж права на хлопца мае: узняла сваю пульхную ручку, паклала дзецюку на плячо.

Ісці вось так ёй, вядома ж, нязручна, бо рука ўвесь час з'язджае, спаўзае... Урэшце спыняецца: дзяўчына за талію абдымае хлопца, ён — адпаведна — яе. Ідуць так ды зусім нядоўга, бо цяпер ужо яго рука ахвотна «едзе» ўніз — на круглую палоўку «персіка» (як медыкі завуць найлепшае месца для ўколаў)...

Ёй там хораша ляжаць, гойдацца ў такт хадзьбе — яна, рука, знайшла сваё месца...

Дзявочая — вы помніце — шукала плячо.


Па дарозе

У Таццяны ўсяго «па два, па чатыры, па шэсць, па восем», як казаў гумарыст, гэта значыць, дзве каровы, чацвёра свіней, шэсць авечак, з «паўвалочкі» гароду... А тут яшчэ сын з'ехаў на заробкі, пакінуў нявестку з дзіцем. Таму свякроў два разы на тыдзень напакоўвае сумкі, садзіцца ў электрычку, едзе ў горад — да ўнучка.

— Цяжка, — спагадаем мы.

— Не, — усміхаецца жанчына. — Я хоць едучы адпачну.


І ўся любоў...

У Рыты з Сашам ну такое каханне было, ну такое каханне... Здавалася — на векі вечныя! Але ж нейкая котка такі прабегла — рассталіся, і, здавалася, назусім: дзяўчына выйшла замуж за іншага, з'ехала ў Амерыку. Там нарадзіла дзяцей, займела прэстыжную працу, дом... Здавалася б, жыві ды радуйся, што яна і рабіла б, калі б магла... не ўспамінаць Сашу.

Ён таксама пра яе не забыўся — знайшоў праз гады і сацыяльныя сеткі, прызнаўся, што яго жыццё якраз наадварот — зусім не ўдалося: ні сям'і, маўляў
(з жонкай развёўся, сына пакінуў), ні свайго жытла, ні нармальнай працы, ні грошай, нічога...

Рыта ва ўсім адчувала сябе вінаватай і вельмі шкадавала яго. Больш за тое па начах ужо думала кінуць гэту Амерыку, паляцець дадому, да Сашы — падтрымаць яго, пачаць з нуля, разам...

А найперш адшукала нейкіх знаёмых (хоць шапачна...), праз чужыя рукі перадала яму грошай.

Саша, як выглядае, не здзівіўся, не абурыўся: ледзь не назаўтра паведаміў, што ўсё атрымаў, што купіў малому абутак і гасцінцы, а на астатнія грошы добра... пасядзеў у рэстаране, на пару са сваёй былой.

Карацей, «справаздача як справаздача» была — ва ўсякім разе сумленная. Але ж «спонсарцы» ад яе не лягчэй: ёй як анучай якой па твары...

Атрымала і адразу ж адчула, што цяпер ужо «адхварэла», што некуды знікла адчуванне віны і жаданне падставіць рукі, што няма — і ў паміне — таго першага кахання...

Знік нават успамін.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.