Вы тут

19-гадовы махляр у Мінску прымушаў прадаць кватэры


Супрацоўнікі сталічнай міліцыі вышукваюць 19-гадовага расіяніна. Уладзіслаў Кузняцоў падазраецца ў завалоданні ашуканскім шляхам грашовымі сродкамі ў памеры 65 тысяч долараў.


— Візіту маладога чалавека ў нашу краіну папярэднічала яго знаёмства ў сацыяльнай сетцы з 18-гадовай мінчанкай Ганнай, якая запрасіла хлопца ў госці. Першы час Уладзіслаў пражываў у сваёй сяброўкі, але праз два месяцы маці дзяўчыны папрасіла яго сысці. Разам з ім Ганна пераехала да сваёй сяброўкі Марыі, якая ў далейшым і стала пацярпелай. Утраіх маладыя людзі жылі ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Галадзеда. Праз месяц гаспадыні кватэры сталі прыходзіць у сацыяльнай сетцы паведамленні ад невядомай дзяўчыны, якая пісала, што нібыта з'яўляецца пазашлюбнай дачкой яе бацькі, і патрабавала неадкладна прадаць кватэру і перадаць ёй грошы. Кавалёў, якому было вядома пра сітуацыю, што склалася, прапанаваў сваю дапамогу ў якасці пасрэдніка, — расказала афіцыйны прадстаўнік Партызанскага РУУС г. Мінска Наталля Ганусевіч.

Дзяўчына прадала аднапакаёвую кватэру за 28 тысяч долараў, а грошы аддала Уладзіславу для далейшай перадачы. Затым усе яны пераехалі жыць у кватэру маці Марыі. Кузняцоў у Мінску не працаваў. Ён прапанаваў сваім сяброўкам адкрыць начны клуб. Для таго каб унесці грошы на першапачатковае развіццё бізнесу, прапанаваў прадаць трохпакаёвую кватэру маці Марыі. Жанчыны, пагадзіўшыся на здзелку, прадалі трохпакаёўку за 37 тысяч долараў, а самі зарэгістраваліся і пераехалі жыць у вёску ў Мінскім раёне. У канчатковым выніку Кузняцоў забраў выручаныя за продаж кватэр грошы і з'ехаў у Расійскую Федэрацыю.

З заявай у міліцыю звярнулася маці Марыі, ужо былая гаспадыня трохпакаёвай кватэры. Яна расказала, што стала ахвярай махляра, і папрасіла прыцягнуць яго да адказнасці. Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку ўстанавілі, што Кузняцоў датычны таксама і да продажу аднапакаёвай кватэры. Менавіта ён, зарэгістраваўшыся ў сацыяльнай сетцы пад выглядам дзяўчыны, прадставіўся пазашлюбнай дачкой бацькі Марыі і запатрабаваў прадаць кватэру.

Аператыўнікі маюць падставы меркаваць, што пацярпелых можа быць больш. Кавалёў мог прадстаўляцца прозвішчам Балак. Меркавана можа знаходзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі або Украіны.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.