Вы тут

Беларускія студэнты дапамагалі ўзводзіць у Пецярбургу школу танцаў


Летам студэнцкія атрады традыцыйна працуюць на аб'ектах па ўсёй Беларусі. І не толькі. Напрыклад, будатрад імя Героя Савецкага Саюза Васіля Мічурына шчыраваў у Пецярбургу — дапамагаў узводзіць школу і вучэбны тэатр для Акадэміі танца Барыса Эйфмана.


Культурная праграма ў студэнтаў выдалася насычанай.

Трапіць у шэрагі байцоў было не так і проста. Прыйшло шмат заявак: на месца ў атрадзе прэтэндавалі два—тры чалавекі. Пры адборы ў асноўным цаніўся вопыт — каб маладыя людзі годна прадставілі нашу краіну.

Студэнт чацвёртага курса БДУІРа Дзмітрый Кунічнікаў, які вучыцца на інжынера медыцынскай электронікі, у атрадах, напрыклад, быў ужо ў трэці раз. Дагэтуль ездзіў збіраць яблыкі і будаваць атамную электрастанцыю ў Астраўцы. У піцерскай камандзе яго назначылі камісарам. «Мы былі падсобнымі рабочымі, — расказвае Дзмітрый. — Займаліся мантажом рыштаванняў, прыбіралі будаўнічае смецце, дапамагалі сантэхнікам устанаўліваць радыятары, электрыкам — пракладваць праводку. Такое ўсім пад сілу. Некаторыя кажуць: «На будоўлі працаваць непрэстыжна». І не працуюць нідзе. А я лічу, што для студэнта на лета гэта нядрэнная работа, якая да таго ж дазваляе адпачыць ад вучобы».

Працоўны дзень у хлопцаў цягнуўся з 9 да 18 гадзін. Жылі яны ў хостэле на Васільеўскім востраве. А харчаваліся ў сталоўцы «Ленфільма»: акрамя рэгулярных сняданкаў, абедаў і вячэраў (па словах байцоў, кармілі іх выдатна), быў і яшчэ бонус — экскурсія па найстарэйшай у Расіі кінастудыі. Студэнты ўбачылі касцюмы, у якіх з'яўляліся на экране героі фільмаў «Чалавек-амфібія», «Шэрлак Холмс», пабывалі ў здымачным павільёне.

Культурная праграма ўвогуле выдалася насычаная: Пецяргоф, Кранштат, Марыінскі тэатр... Кожныя выхадныя былі распісаны.

— Вельмі спадабаліся Эрмітаж і Царскае сяло. А яшчэ мы пабывалі з хлопцамі на Дні ваенна-марскога флоту — свята скончылася фантастычным салютам, — дзеліцца ўражаннямі трэццякурснік БДУІРа Арцём Лайша.

Хлопец вывучае ва ўніверсітэце інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў лагістыцы. У студатрадах ён не навічок: мінулым разам ездзіў на будоўлю БелАЭС. А вось для трэццякурсніка БНТУ Паўла Сысы (спецыяльнасць «пад'ёмна-транспартныя, будаўнічыя дарожныя машыны і абсталяванне») гэта быў першы падобны вопыт. «Шмат чуў аб дзейнасці студатрадаў і вырашыў таксама да іх далучыцца. Да таго ж гэта была яшчэ магчымасць падарожнічаць — я, напрыклад, у Піцеры раней не быў, але вельмі хацелася».

Заробак, які атрымалі байцы, складае каля 650 рублёў у месяц, калі пералічыць на беларускія грошы. Для студэнта зусім нядрэнна! Цікавімся, на што патрацілі заробленае.

— Ужо нічога не засталося, — смяецца Дзмітрый. — За вучобу заплаціў.

— А я падарыў бацькам на гадавіну вяселля шчаня бігля, — дзеліцца Арцём.

Аб тым, што летам прыйшлося шчыраваць, а не адпачываць на канапе, хлопцы не шкадуюць. Столькі знаёмых і сяброў завялі дзякуючы студатраду! А галоўнае, працуючы поруч з майстрамі, атрымалі каштоўны вопыт, які дазволіць больш упэўнена адчуваць сябе пры далейшым уладкаванні на работу.

«Тут вучышся працаваць у калектыве, развіваеш лідарскія якасці і становішся больш дарослым, — лічыць Ацём. — Будатрад навучыў, што трэба цаніць любую працу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У Піцеры — будаваць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца».

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц?