Вы тут

Бесперапыннае сугучча інструментаў


Альбо «Даведнік па аркестры» і 90-гадовая гісторыя


 

Быць музыкантам у аркестры — значыць быць чалавекам уважлівым і чуллівым. Віртуозна весці сваю партыю ў сугучнасці з некалькімі дзясяткамі музыкантаў, уплятаць сваю плынь гуку ў агульную канву сачынення — сапраўднае мастацтва. Яго ўмее ствараць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь. Адзін з найстарэйшых прафесійных музычных калектываў нашай краіны ў гэтым канцэртным сезоне адзначае 90-годдзе. Аркестр быў заснаваны ў красавіку 1927 года, упершыню выступіў пад кіраўніцтвам кампазітара Р. Гліэра пры ўдзеле вядомага аўстрыйскага піяніста Р. Готліба. Калі ў 1937 годзе пачала дзейнічаць Белдзяржфілармонія, сімфанічны аркестр стаў яе асноўным калектывам. Летам 1937 года калектыў узначаліў малады таленавіты дырыжор Ілья Мусін — прадстаўнік сусветна вядомай пецярбургскай дырыжорскай школы, найярчэйшыя выпускнікі якой — Ю. Тэмірканаў, В. Гергіеў. Аркестр выступаў з найвыдатнейшымі салістамі XX стагоддзя — Д. Ойстрахам, С. Рыхтэрам, М. Растраповічам, Г. Вішнеўскай, Э. Гілельсам, Л. Коганам, Н. Гутман ды іншымі. Рэпертуар Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь разнастайны: ад класічнай сімфанічнай музыкі да сачыненняў сучасных беларускіх, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў. Зараз калектывам кіруе народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.

У Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр яго запрасілі 15 год таму. Некаторы час Аляксандр Міхайлавіч сумяшчаў кіраўніцтва гэтым вялізным калектывам з працай у тэатры оперы і балета. Але хутка зразумеў, што аб’ём работы і адносіны да яе, якія дырыжор сабе паставіў, патрабавалі выбару. Аляксандр Міхайлавіч выбраў філармонію:

— Я прыйшоў у аркестр не на чысты аркуш — у яго ўжо была багатая і яркая гісторыя. Ён быў вядучым калектывам краіны. З маім прыходам з’явіліся салісты, новыя музыканты. Для мяне вельмі важна падтрымліваць яркае жыццё аркестра на сцэне. Прывабліваць публіку мы пачалі яркімі праграмамі любімай усімі класікі. А калі публіка на нашых канцэртах стала шматлікай, то ў рэпертуар дадалася музыка беларускіх кампазітараў.

У гэтым сезоне, напрыклад, сімфанічны аркестр будзе ўдзельнічаць у канцэртах, прысвечаных юбілеям кампазітараў Дзмітрыя Смольскага, Віктара Войціка, Сяргея Бельцюкова. Будуць гучаць іх сачыненні. На пытанне пра тое, якія праграмы сталі найбольш значнымі для аркестра, Аляксандр Анісімаў адказвае не адразу, бо іх вялікае мноства! У творчай скарбонцы Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра — прэм’ера оперы Картэса «Мядзведзь», выкананне Канцэрта Чайкоўскага для скрыпкі з аркестрам з удзелам французскага скрыпача Аліўе Шарлье, выкананне Другой сімфоніі Малера з хорам з Літвы, «Ваеннага рэквіема» Брытэна, «Высокай месы» Баха. Знакавай падзеяй стала прэм’ера кампазіцыі па музыцы балета Андрэя Мдзівані «Шчыгрынавая скура» і тэкстах Бальзака. Ці, напрыклад, кампазіцыя паводле Шэкспіра з музыкай Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» з удзелам акцёраў Купалаўскага тэатра. Аркестр, несумненна, можа ганарыцца выкананнем музыкі Яўгена Глебава «Маленькі прынц» і чытаннем тэксту Экзюперы. Нядаўна быў незабыўны сімфанічны марафон: дзве праграмы выкананы ў адзін вечар. Публіка двойчы збіралася ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. У першай праграме аркестр падрыхтаваў праект на музыку Гласа «Ікар на краі часу» з выдатным відэашэрагам, створаным англійскімі рэжысёрамі. А ў другой — вядомую і любімую многімі кантату «Карміна Бурана». Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных праектах і актыўна гастраліруе.

— Кожную восень мы выступаем на днях культуры Беларусі ў Літве. Знакавай падзеяй у гісторыі нашага калектыву і музычнай культуры нашай краіны стаў выезд аркестра ў поўным складзе ў Японію, дзе мы сыгралі 16 канцэртаў. І ўрэшце важная падзея — гэта выступленне калектыву ў маскоўскай філармоніі, дзе наш сімфанічны аркестр апошні раз быў 40 год таму. Летась мы выступілі на сцэне канцэртнай залы імя Чайкоўскага ў межах абанемента, у якім бралі ўдзел чатыры лепшыя аркестры Расіі і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, — распавядае Аляксандр Міхайлавіч.

Традыцыйна сімфанічны аркестр адкрывае канцэртны сезон у філармоніі. Не стаў выключэннем і гэты, 80-ы, юбілейны. Паколькі праграма ва ўсіх сэнсах святочная — 90-годдзе аркестра, адкрыццё 80-га сезона, — Аляксандр Анісімаў разам са сваім калектывам падрыхтаваў праграму-падарунак, якая будзе складацца з тых твораў, што падабаюцца публіцы і блізкія музыкантам. Канцэрт пачнецца з сачынення Б. Брытэна «Даведнік па аркестры». Яно пабудавана так, што публіка, слухаючы твор, знаёміцца з усімі групамі інструментаў сімфанічнага аркестра і з усімі салістамі. Кожнаму адведзена адна з варыяцый на тэму Пёрсэла. Плануецца трансліраваць на экране розныя групы музыкантаў з іх імёнамі і прозвішчамі — своеасаблівае прадстаўленне аркестра. Таксама прагучыць твор Рахманінава «Званы». Для яго выканання аркестр запрасіў харавую капэлу імя Р. Шырмы і такіх выдатных вакалістаў, як Ірына Крыкунова, Андрэй Валенцій і Уладзімір Пятроў. «Акрамя гэтага, мы атрымалі магчымасць у гэты вечар супрацоўнічаць з піяністам Андрэем Сікорскім, які ўжо даўно не выступаў у Беларусі. Андрэй выканае Трэці канцэрт Рахманінава. У заключэнне прагучыць вядомае аркестравае сачыненне Скрабіна “Паэма экстаза” з удзелам маскоўскага трубача Леаніда Коркіна. Спадзяюся, што гэтая праграма надоўга запомніцца публіцы філармоніі», — дзеліцца планамі Аляксандр Анісімаў. Работа Маэстра прадугледжвае яго ўдзел у розны час у розных кропках свету. Таму Аляксандр Міхайлавіч умее дасканала планаваць сваю дзейнасць:

— Мой досвед працы на Захадзе, дзе графік складаецца на тры-чатыры гады наперад, вызначыў падыход да справы і тут. Таму што атрымаць добрых салістаў, дырыжораў можна толькі тады, калі глядзець далёка наперад. Напрыклад, зараз у нас ужо ёсць план на ўвесь сезон у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І мы, несумненна, парадуем публіку выдатнымі праграмамі.

Юлія КАРДАШ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.