Вы тут

Адмена пенсійнага пасведчання зараз не плануецца


Заканадаўства ў галіне пенсійнага забеспячэння пастаянна ўдасканальваецца. Так, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб выплаце індывідуальнымі прадпрымальнікамі — плацельшчыкамі адзінага падатку страхавых узносаў прапарцыйна адпрацаванаму часу. Таксама эксперты Беларусі і Расіі зараз сумесна працуюць над прапановамі па карэкціроўцы нормаў Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння — у сувязі са зменамі, унесенымі ў пенсійнае заканадаўства Беларусі і Расіі.


Але ў людзей, як правіла, узнікае шмат пытанняў і па тых нормах, якія ўжо прынятыя і працуюць. Днямі на такія пытанні ўсіх ахвотных адказалі спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падчас анлайн-канферэнцыі, прысвечанай пенсійнаму забеспячэнню. Прыводзім найбольш актуальныя і цікавыя з іх.

Працоўны стаж могуць пацвердзіць сведкі

— Міністэрства сувязі і інфарматызацыі анансавала выпуск ІD-карты. Гэта будзе ў тым ліку замена пенсійнага пасведчання і пасведчання інваліда?

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў:

— ІD-карта (ідэнтыфікацыйная карта) будзе выступаць універсальным ідэнтыфікатарам грамадзяніна ў межах нашай краіны. З яе дапамогай можна будзе вызначыць статус (катэгорыю) яе трымальніка, у прыватнасці пенсіянера, інваліда, і ягоныя правы. Тым не менш у сувязі з увядзеннем ідэнтыфікацыйнай карты адмена пенсійнага пасведчання на дадзеным этапе не плануецца.

— Налета мне спаўняецца 61 год, і я магу аформіць пенсію па ўзросце. Працоўная кніжка страчана. Як мне пацвердзіць свой стаж?

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Ларыса Яшкова:

— Пры адсутнасці працоўнай кніжкі ў пацвярджэнне перыядаў работы да 1 студзеня 2003 года прымаюцца даведкі, выдадзеныя работадаўцамі (іх правапераемнікамі) або архіўнымі ўстановамі на падставе загадаў, асабовых рахункаў, ведамасцяў на выдачу заработнай платы і іншых дакументальных даных, якія змяшчаюць звесткі пра перыяды працы. Пры гэтым перыяды працы з 1 ліпеня 1998 года да 1 студзеня 2003 года дадаткова павінны быць пацверджаны даведкай аб заробку з адзначэннем інфармацыі аб выплаце абавязковых страхавых узносаў.

Пры адсутнасці дакументаў аб працы і немагчымасці іх атрымання ў сувязі са спыненнем дзейнасці работадаўцы ці па іншых прычынах і адсутнасці архіўных даных перыяды работы да 1 ліпеня 1998 года могуць устанаўлівацца камісіяй па прызначэнні пенсіі на падставе паказанняў не менш як двух сведак. Пры гэтым сведкі павінны не толькі ведаць заяўніка па сумеснай працы, але і мець дакументы аб сваёй працы за той час, у дачыненні да якога яны сведчаць. Устаноўленым лічыцца перыяд, пацверджаны абодвума сведкамі.

Перыяды работы пасля 1 студзеня 2003 года пацвярджаюцца звесткамі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку. Запыт гэтых звестак ажыццяўляецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне без удзелу заяўніка (пры звароце яго па прызначэнне пенсіі).

— Ці ўключаецца ў патрабаваны стаж працы з выплатай узносаў савецкі стаж?

Валерый Кавалькоў:

— Вядома. У Савецкім Саюзе наёмныя работнікі падлягалі дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню; узносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі. Адпаведна, час работы ў перыяд СССР або так званы савецкі стаж уключаецца ў стаж працы з выплатай страхавых узносаў, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі.

— Я аформіўся на пенсію па ўзросце, але працягваю працаваць. Калі я буду працаваць некалькі гадоў, мая пенсія стане большай?

Ларыса Яшкова:

— Пенсія можа стаць большай, калі падчас працы вы адмовіцеся ад атрымання пенсіі. Для гэтага неабходна звярнуцца ў орган, які ажыццяўляе ваша пенсійнае забеспячэнне, з адпаведнай заявай. Памер прыбаўкі да прызначанай пенсіі будзе залежаць ад працягласці перыяду працы без атрымання пенсіі. Напрыклад, пяць гадоў працы без атрымання пенсіі дазваляе павялічыць яе памер больш чым у 1,7 раза. Таксама хачу звярнуць увагу, што павелічэнне памеру прызначанай пенсіі прадугледжана толькі для пенсій па ўзросце за перыяды працы пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Беспрацоўны можа аформіць пенсію раней, але пры пэўных умовах

— Я ўжо некалькі месяцаў не працую. Да пенсіі па ўзросце мне яшчэ паўтара года. Ці можна ў такой сітуацыі аформіць пенсію раней?

Валерый Кавалькоў:

— Такая магчымасць заканадаўствам прадугледжана, але пры выкананні пэўных умоў. Законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» прадугледжана прызначэнне датэрміновай пенсіі па ўзросце, але не раней чым на адзін год да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Прычым грамадзяне павінны быць прызнаныя ва ўстаноўленым парадку беспрацоўнымі, якія маюць права на дапамогу па беспрацоўі на працягу 52 каляндарных тыдняў (такое права даецца жанчынам, у якіх стаж працы складае не менш за 33 гады, і мужчынам, у якіх стаж працы складае не менш за 38 гадоў).

Такім грамадзянам пры адсутнасці магчымасці для працаўладкавання замест дапамогі па беспрацоўі з іх згоды можа быць прапанавана прызначэнне датэрміновай пенсіі па ўзросце.

— Колькі чалавек у нашай краіне, дасягнуўшы агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, не маюць права на прызначэнне пенсіі з-за недахопу страхавога або агульнага працоўнага стажу? Ці прадугледжаны для іх нейкія прэферэнцыі пры працаўладкаванні, магчыма, прымяняюцца іншыя меры садзейнічання занятасці, каб яны маглі дапрацаваць неабходны стаж?

Ларыса Яшкова:

— Колькасць такіх асоб за перыяд з 2015 года склала каля 3,7 тысячы чалавек. Пытанне забеспячэння іх занятасці (пры іх жаданні) разглядаецца службамі занятасці па месцы жыхарства.

— Ці залічваюцца гады афіцыйна аформленага догляду інваліда першай групы пры прыняцці рашэння аб прызначэнні пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

— Так, такі перыяд залічваецца ў стаж для прызначэння пенсіі.

— Дагавор аб пенсійным забеспячэнні работнікаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) можа быць падпісаны ў 2018 годзе. Гэта неяк паўплывае на пенсійнае забеспячэнне беларусаў?

Ларыса Яшкова:

— Праект Дагавора аб пенсійным забеспячэнні работнікаў дзяржаў — членаў ЕАЭС накіраваны на забеспячэнне грамадзянам дзяржаў — членаў ЕАЭС, у тым ліку нашым грамадзянам, магчымасці фарміраваць пенсійныя правы праз выплату страхавых узносаў у перыяд работы на тэрыторыі любой дзяржавы — удзельніцы ЕАЭС, захоўваць і рэалізоўваць гэтыя правы ў далейшым. Так, напрыклад, грамадзянін Беларусі, які працуе на тэрыторыі Арменіі з выплатай страхавых узносаў, пасля ўступлення ў сілу Дагавора будзе мець права ў далейшым атрымаць пенсію за гэты стаж ад Арменіі (пры выкананні ўмоў заканадаўства гэтай дзяржавы). Названая пенсія па выбары грамадзяніна будзе экспартавацца па месцы яго жыхарства ў Беларусі ці выплачвацца ў Арменіі.

— У перыяд з 1997 па 2001 год быў зарэгістраваны прадпрымальнікам. Узносы ў пенсійны фонд не плаціў, паколькі тады гэта не было абавязковым. Ці ўключаць мне гэты перыяд у стаж для прызначэння пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

— Перыяды прадпрымальніцкай дзейнасці, на працягу якіх выплата страхавых узносаў ва ўстаноўленым парадку не выконвалася, у стаж працы для прызначэння пенсіі і вылічэння яе памеру не ўключаюцца.

— Ці ўплывае на памер пенсіі бесперапынны стаж працы на адным прадпрыемстве?

Начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Наталля Мурашкевіч:

— Не, не ўплывае. Пры вылічэнні памеру пенсіі ўлічваецца працягласць наяўнага стажу працы.

— Я маці дзіцяці-інваліда. Чула, што для прызначэння працоўнай пенсіі ўжо патрабуецца 10 гадоў страхавога стажу. Гэта датычыцца і маці дзяцей-інвалідаў?

Наталля Мурашкевіч:

— Умовы прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце бацькам, у прыватнасці маці дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства), не змяніліся. Як і раней, працоўная пенсія па ўзросце маці, якія выхоўваюць дзіця-інваліда (інваліда з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да яго паўналецця, прызначаецца на 5 гадоў раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту пры наяўнасці не менш як 5 гадоў стажу працы з выплатай страхавых узносаў і агульным стажы не менш за 20 гадоў. У гэты агульны стаж, акрамя перыядаў работы і іншай дзейнасці з выплатай страхавых узносаў, залічваюцца перыяды догляду дзіцяці-інваліда і інваліда І групы, без абмежаванняў па іх працягласці, а таксама іншыя перыяды дзейнасці, прадугледжаныя часткай другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні».

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І зноў пра пенсіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.