Вы тут

У Клічаве рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2017»


Да святкавання застаюцца лічаныя дні. Ужо ў гэтую суботу, 7 кастрычніка, Клічаў гасцінна прыме герояў сёлетняга жніва. Горад не пазнаць, асабліва яго цэнтральную плошчу. Яна прыбралася ў бетонную плітку і стала нязвыкла прасторнай. Помнік Леніну пераехаў з цэнтра на ўскрай і стаў ніжэйшы за кошт больш сціплага пастамента. Затое больш увагі прыцягваюць прыгожыя будынкі з калонамі і лепкай. Другое жыццё атрымалі раённы Дом культуры і Дзіцячая школа мастацтваў, урачыстае адкрыццё якой адбылося на мінулым тыдні.


На­пя­рэ­дад­ні «Да­жы­нак» дзве­ры рас­чы­ні­ла Дзі­ця­чая шко­ла мас­тац­тваў.

Палац для юных талентаў...

Перад уваходам сабралася шмат дзяцей і дарослых. Цікава ж паглядзець, як выглядае гэты сапраўдны храм мастацтва. З былым будынкам яго не параўнаць. Там усё было, мякка кажучы, сціпла. А тут сапраўдны прастор для творчасці.

— За час падрыхтоўкі да свята больш як 20 аб'ектаў сацыяльнай сферы атрымалі новае аблічча, — адзначыў на адкрыцці намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. — Новыя ўмовы, створаныя ў Дзіцячай школе мастацтваў, паспрыяюць таму, што ў раёне з'явяцца новыя таленты. Тут выхоўваюцца адораныя дзеці, некаторыя з іх з'яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Годныя ўмовы і новае музычнае абсталяванне дадуць магчымасць зрабіць значны крок наперад у развіцці.

Дарэчы, раней у гэтым будынку размяшчалася раённая паліклініка, якая пераехала на тэрыторыю раённай бальніцы. Будынак некаторы час пуставаў.

— Ён быў узведзены ў 1948 годзе і меў ужо вельмі сумны выгляд, — адзначыў старшыня Клічаўскага райвыканкама Францішак Вашчыла. — Дзякуючы нашаму «Жылкамгасу» ён атрымаў новае аблічча. Ад былога засталіся толькі сцены. Усё астатняе цалкам перабудавана. На 80 тысяч рублёў закуплена абсталяванне. Гэта фартэпіяна, піяніна, акардэоны, скрыпкі, баяны — усё неабходнае, каб весці поўнавартасны вучэбны працэс.

Не паспела кіраўніцтва перарэзаць стужку на ўваходзе, як дзятва са сваімі настаўнікамі памчалася аглядаць кабінеты. Памяшканне адразу ж напоўнілася рознымі музычнымі гукамі. Мастакі наогул былі на сёмым небе ад шчасця.

— Замест цёмнай каморкі ў нас з'явіліся два вялікія светлыя кабінеты, — падзяліліся радаснай навіной загадчыца мастацкага аддзялення Тамара Кузьміч і настаўніца Наталля Русецкая. — Асобна кабінет для кампазіцыі і асобна для малюнка і жывапісу. Гэта фантастыка. Прасторна, светла. Мы чакалі гэтага моманту сем гадоў. У нас ужо каля 50 юных мастакоў, а будзе яшчэ болей.

Акрамя школы мастацтваў, фестывальныя грошы дапамаглі капітальна адрамантаваць раённы Дом культуры. На яго рэканструкцыю затрачана сума ў 1 мільён 200 тысяч рублёў. У будынку 1949 года пабудовы не было каналізацыі, водаправода, а ацяпляўся ён за кошт сваёй мясцовай кацельнай. Сёння гэта цалкам сучасны палац.

...Новыя  спартыўныя пляцоўкі

Іх з'явілася аж чатыры! За кошт гранта ПРААН на тэрыторыі цэнтра дзіцячай творчасці пабудавана каробка для аматараў катання на каньках.

— Гэта была старая хакейная пляцоўка, — расказвае метадыст Цэнтра дзіцячай творчасці Лідзія Счыслёнак. — Зімой шмат сіл, вады і энергіі ішло на тое, каб яна функцыянавала. Але ж мы ішлі на гэта, бо пляцоўка карысталася вялікай папулярнасцю. У рэшце рэшт вырашылі напісаць праект у рамках ініцыятывы «Здаровы лад жыцця», якая фінансуецца еўрапейскім фондам. Сёлета ў маі яна рэалізавалася.

А на агульнай дваровай тэрыторыі для дамоў вуліцы Сацыялістычнай і Бабруйскай пры дапамозе асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» пабудавана сучасная міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём.

— Людзей на ёй — не праціснуцца,— усміхаецца старшыня Клічаўскага райсавета дэпутатаў і вялікі аматар спорту Уладзімір Кніга. — Да позняга вечара тут гуляюць. Усё па гадзінах распісана.

Яшчэ дзве спартыўныя пляцоўкі дапамагло добраўпарадкаваць упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. За кошт яго сродкаў на стадыёне Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа паявілася хакейная пляцоўка з трыбунамі і раздзявальнямі, а побач з ёй пляцоўка для гульні ў міні-футбол.

Ма­гі­лёў па­да­рыў Клі­ча­ву свой дво­рык.

У кожнага дворыка свой сімвал

Падчас падрыхтоўкі Клічава да фестывалю-кірмашу ў яго было ўкладзена каля 10 мільёнаў рублёў, 7 з якіх пайшлі на рэканструкцыю аб'ектаў сацыяльнай культуры і жылля. Каля 2 мільёнаў выдаткавана на вуліцы, дарогі, дваровыя тэрыторыі. На аб'ектах і будаўнічых пляцоўках шчыравалі не толькі клічаўскія прадпрыемствы. У якасці спонсараў выступалі Магілёўаблгаз, прадпрыемства «Бабуліна крынка», энергетыкі, абласное лесагаспадарчае прадпрыемства і іншыя.

— Зроблена тое, што немагчыма было б зрабіць сваімі сіламі, — кажа дырэктар Клічаўскага Жылкамгаса Андрэй Мацюшонак. — Больш чым 40 дваровым тэрыторыям нададзены сучасны выгляд, большасць заасфальтавана, зроблены газоны, пасаджаны дрэвы, устаноўлены малыя архітэктурныя формы. Азеляненнем у асноўным займалася насельніцтва. Яшчэ ў мінулым лістападзе было праведзена больш за 80 сустрэч з жыхарамі. Праведзена вялікая работа па вынасе з двароў гаспадарчых пабудоў і гаражоў, створаны два гаражныя кааператывы. У 18 дамах зроблены капітальны рамонт, у 13 — бягучы, яшчэ ў некалькіх дамах пафарбаваны фасады. Але работы працягваюцца. Пасля таго, як адрамантавалі старыя дамы, узнікла неабходнасць падцягнуць да іх узроўню іншыя, якія раней выглядалі няблага.

Нарэшце вырашылася балючае пытанне па будаўніцтве ў цэнтры горада інжынерных сетак. На ўзвядзенне каналізацыйнай помпавай станцыі і цэнтралізаванай сеткі на вуліцы Ленінскай пайшло 120 тысяч бюджэтных сродкаў. Гэта дало жыхарам шасці двухпавярховікаў (66 кватэр) атрымаць выгоды ў якасці вады ў кранах, каналізацыі і цэнтралізаванага ацяплення.

Будзе свята ўсім багата

Героямі свята стануць каля 800 працаўнікоў сяла з усіх раёнаў вобласці. Гэта найлепшыя хлебаробы, спецыялісты, заслужаныя работнікі АПК. У святочным шэсці пройдуць пераможцы «Дажынак» мінулых гадоў, маладыя хлебаробы, дэлегацыі раёнаў. Пераможцаў і прызёраў абласных спаборніцтваў чакаюць узнагароды за высокія паказчыкі на ўборцы збожжавых культур і вялікі канцэрт, дзе выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці, абласной філармоніі, а таксама зоркі беларускай эстрады. «Сырны гасцінец», «Мясная лаўка», «Наліўныя сады Радзімы» — усе гэтыя пляцоўкі будуць аб'яднаныя ў адну вялікую інтэрактыўную экспазіцыю «Дары Магілёўскай багатай зямлі». Адна з тэматычных пляцовак, што разгорнуцца ў парку, раскажа пра раённы «Эка-арт-фестываль «Астравы Дулебы». Яшчэ адна — «Мой край партызанскі» распавядзе пра слаўную партызанскую гісторыю рэгіёна. У гады вайны Клічаўскі раён быў адным з магутных цэнтраў народнага супраціўлення. Тут жа ў парку ў суботу адкрыецца першы ў вобласці памятны знак франтавікам-журналістам. Менавіта ў клічаўскіх лясах выдаваліся падпольныя партыйныя газеты — абласная «За Радзіму», клічаўскі «Голас партызана», іншыя выданні. З ініцыятывай увекавечыць подзвіг калег выступіла Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага саюза журналістаў.

Шмат ідэй прапаноўвалася пры распрацоўцы галоўнага сімвала горада. У выніку нарадзіўся арыгінальны праект — рог дастатку. Аўтар кампазіцыі — вядомы магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў. Галоўная ідэя твора — праца на зямлі. Акрамя лясных дароў, кнігі з гербам Клічава і словамі гімна і яшчэ шмат чым можна ўбачыць залікоўку з дзясяткамі. Магчыма, у клічаўскіх навучэнцаў (кампазіцыя будзе знаходзіцца якраз насупраць інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа) паявіцца новая традыцыя перад сесіяй прыкласці да скульптуры сваю залікоўку на шчасце.

Свята абяцае стаць цікавым і багатым на падзеі. Абслугоўваць яго ўдзельнікаў і гасцей будзе 112 гандлёвых аб'ектаў.


Толькі лічбы

  • 440 экіпажаў камбайнераў (49 — з іх маладзёжныя) намалацілі больш чым па 1 тысячы тон збожжа, з іх тры — больш чым па 5 тысяч (пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мельнікава і Уладзіміра Корсака — агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна і Віктара Мільто — ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна).
  • 438 кіроўцаў перавезлі больш чым па 1 тысячы тон збожжа, з іх 3 кіроўцы боольш чым па 5 тысяч тон і адзін — Віталь Цямрук з гаспадаркі «Амкадор-Шклоў» Шклоўскага раёна — звыш 6 тысяч.
  • 90 ц/га склала ўраджайнасць збожжавых у агракамбінаце «Зара» Магілёўскага раёна, 77,5 — у ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна і 63,5 ц/га — у ААТ «Кастрычнік» Мсціслаўскага раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: І рог дастатку як сімвал

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці