Вы тут

«Беларусам» работы ў горадзе яшчэ хопіць


Рэдакцыя «Звязды» атрымала ліст ад мінчаніна Уладзіміра Салаўя, які эмацыянальна абураецца тым, што ў Мінску вуліцы прыбіраюць прапашнымі трактарамі. Вось што, у прыватнасці, піша заяўнік. «Трэці год вяду актыўныя дзеянні. Прашу замяніць трактары з прычэпамі і шчоткамі, якія зусім не дадаюць прыгажосці нашаму гораду, на адпаведную ўзроўню горада-героя, эстэтычна вытрыманую тэхніку для ўборкі. Кожны дзень мы назіраем прапашныя трактары на праспектах і плошчах горада. Ну, ніяк яны не ўпісваюцца ў пейзаж сталіцы. Ім самае месца ў полі. Лічу, што гэта нават непавага ўлад да жыхароў. Тым самым яны і пацвярджаюць, што краіна названа ў гонар трактара».


Ну, апошняе выказванне пакінем на сумленні аўтара. А вось тое, што, дзякуючы ў тым ліку і трактарам «Беларус», пра нашу краіну больш даведаліся ў свеце, — факт. Напрыклад, калі не памыляюся, яшчэ ў савецкія часы ў В'етнаме была выпушчана паштовая марка з выявай адной з мадэляў тэхнікі вытворчасці Мінскага трактарнага завода. Але гэта лірычнае адступленне.

Трактары, пра якія згадвае заяўнік, — шматфункцыянальная тэхніка. На іх не толькі араць, як піша гараджанін, можна, але і з адвалам, шчоткай выкарыстоўваць, прычэп ці цыстэрну перавезці. Дарэчы, і ў межах горада можа ўзнікнуць патрэба нешта ўзараць. Дык тады што, гораду, які не мае такой уласнай тэхнікі, выпісваць трактары з плугамі аднекуль? Ці мець толькі для такіх выпадкаў спецыялізаваную, якая ў іншы час будзе прастойваць? Тым больш, што ніхто магутнымі энерганасычанымі трактарамі вуліцы не падмятае. З іншага боку было б дзіўна, маючы ў сталіцы знакаміты завод, не выкарыстоўваць у самім горадзе яго прадукцыю, так?

Пра знешні выгляд трактароў таксама не зусім зразумелае выказванне заяўніка — за апошні час дызайн іх змяніўся, былі выпушчаны новыя сучасныя мадэлі. Дэманстрацыю дасягненняў трактарабудаўнікоў, у тым ліку падчас святкавання Дня горада, усе бачылі? Якая там была прадстаўлена лінейка навінак? Калі гэтага заяўніку недастаткова, прывядзём афіцыйны адказ на яго запыт з дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама».

«Канструктарскімі бюро ААТ «МТЗ», ААТ «Амкадор», ААТ «МАЗ» і іншымі беларускімі вытворцамі вядзецца вялікая работа па стварэнні зусім новых лінеек сучасных камунальных машын, якія не саступаюць, а часам і пераўзыходзяць імпартныя аналагі па тэхнічных характарыстыках, дызайне, якія маюць перавагу і ў цэнавым паказчыку.

Так, напрыклад, ДНУ «Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі» распрацоўвае і асвойвае вытворчасць малагабарытнай камбінаванай камунальнай вакуумна падмятальна-ўборачнай і солеразмеркавальнай машыны для насычэння не толькі ўнутранага рынку айчыннай тэхнікай, але і для экспарту. ААТ «МАЗ» разам з кампаніямі КНР і еўрапейскімі вытворцамі пачалі выпуск пробных экзэмпляраў вакуумна-падмятальных машын. Праведзены выпрабаванні на вуліцах Мінска, і аўтамабілі зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку як у плане высокіх тэхнічных характарыстык і надзейнасці, так і ў сучасных дызайнерскіх рашэннях.

Прадпрыемствамі краіны пастаянна вядуцца работы па ўдасканаленні тэхнікі, якая вырабляецца з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій, што адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. Гэта дасягаецца за кошт стварэння комплексу новых тэхнічных рашэнняў, якія забяспечваюць высокія паказчыкі канкурэнтаздольнасці тэхнікі (прыцягальнасць, сучасны перспектыўны дызайн, высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі, высокая тэхналагічнасць пры вытворчасці і ў эксплуатацыі, надзейнасць і экалагічнасць), што ў сваю чаргу ў кароткія тэрміны дазволіць забяспечыць не толькі ўнутраны рынак, але і расшырыць экспартны патэнцыял прамысловага комплексу Беларусі».

Як бачна з адказу, у плане стварэння новых камунальных машын робіцца шмат. Дык супраць чаго заяўнік тры гады «вядзе актыўныя дзеянні»? Не трэба быць спецыялістам, проста падключыўшы элементарную логіку: зразумела, што замяніць у адзін момант увесь парк такой камунальнай тэхнікі ў горадзе немагчыма. Ды і ці трэба так рабіць, калі раней набытыя трактары яшчэ могуць эксплуатавацца? І ці так яны неэстэтычна выглядаюць, як пра тое даводзіць мінчанін? Так што, думаецца, «Беларусам» работы на найбліжэйшы час у горадзе хопіць. Пра гэта, у прынцыпе, і пішацца далей у адказе на запыт заяўніка: «ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» неаднаразова адказваў на звароты вашага чытача аб мэтазгоднасці выкарыстання трактарнай тэхнікі пры ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі Мінска».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.