21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Віктар Лупасін: Даводзіцца прытварацца звычайным


З пісьменнікам і музыкантам Віктарам Лупасіным мы сустрэліся ў адной з мінскіх кавярняў. Падчас інтэрв'ю ён паспеў выпіць адразу дзве порцыі соку, разжаваць некалькі кубікаў лёду і зрабіць мне шмат кампліментаў. Гэты загадкавы чалавек са шчырай усмешкай — аўтар мноства вершаваных і празаічных твораў, а таксама ўдзельнік рок-гурта «Зеленахвостыя». Размова з Віктарам атрымалася рознабаковай: ад праграмавання і графаманіі да эпатажнасці і «зорнай» хваробы.


— Як пачалася твая пісьменніцкая дзейнасць?

— Мне было гадоў пяць, пісаць я яшчэ не ўмеў, таму мама занатоўвала ўсё тое, што я прыдумляў. Мае першыя «творы» былі пра жывёл, якія мелі здольнасць размаўляць. Дасюль захаваўся цэлы агульны сшытак з «ранняй пісанінай»: спачатку маміным почыркам, а потым — маім. Яшчэ я любіў усім расказваць розныя прыгодніцкія гісторыі, абавязкова з працягам. Нават калі слухач ужо прытамляўся, я з радасцю казаў: «Думаеш, гэта канец? Памыляешся — усё толькі пачынаецца!»

— Спачатку ты вучыўся на механіка-матэматычным факультэце БДУ, а потым перайшоў на філалагічны. Як адважыўся на такі круты паварот?

— Я хацеў стаць праграмістам, але, на жаль, мой падыход да гэтай прафесіі не адпавядаў павевам часу: мне падабалася проста праграмаваць «жалеза», што рабілася ўсё менш запатрабаваным. Потым з'явілася ідэя паступіць у кансерваторыю на вакальны факультэт, аднак, як даведаўся на праслухоўванні, спяваць я не ўмею. А на акцёрскім аддзяленні сярод уступных экзаменаў я ўбачыў прадмет «Сусветная мастацкая літаратура» і пабаяўся яго здаваць. Дарэчы, дагэтуль з-за гэтага кусаю локці.

Мне здавалася, на філалагічным факультэце мяне навучаць пісаць вершы і прозу. Мае спадзяванні не спраўдзіліся, але ў творчым асяроддзя можна было развівацца. А яшчэ там было шмат сімпатычных дзяўчат!

— Цябе часта называюць паэтам-эпатажнікам. Чаму выбраў для сваёй творчасці такі смелы, авангардны стыль?

— Мне хацелася стаць пісьменнікам, які, па-першае, прафесійна працуе ва ўсіх жанрах, а, па-другое, — які выдзяляецца сярод іншых. Больш за тое, я люблю «пантавацца». Доўгі час спрабаваў наследаваць Маякоўскаму. Тады мне здавалася, што адкрываю свету дысанансныя рыфмы, неалагізмы, нестандартныя будовы... Быццам усе да мяне былі толькі замшэлымі савецкімі графаманамі. Але потым мая фантазія скончылася, і я перайшоў да цвёрдых вершаваных формаў. Цяпер мне не падабаюцца верлібры, бо іх цяжка адрозніць ад звычайнай прозы. Вершы на тое і вершы, каб выдзяляцца на фоне моўнай плыні.

— А як праяўляецца твая эпатажнасць у штодзённым жыцці?

— Я ніколі не спрабую спецыяльна кагосьці ўразіць. Наадварот, на людзях мне даводзіцца прытварацца звычайным. На жаль, у мяне гэта кепска атрымліваецца. Проста я такі, які ёсць. З іншага боку, я прадказаў некаторыя модныя трэнды. Напрыклад, насіў бараду, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам.

— Ці заўсёды ты пісаў па-беларуску? Як прыйшло жаданне размаўляць на роднай мове?

— Аднойчы я падумаў, што гэта няправільна, калі беларускі пісьменнік піша па-руску. Таму 99 працэнтаў маіх твораў — на роднай мове. Яшчэ ў школе я ўзяў прыклад са свайго аднакласніка, які паабяцаў, што з пэўнага дня ён будзе размаўляць толькі па-беларуску. Праўда, у адрозненне ад яго, я сваё слова стрымаў. Канешне, спачатку мову ведаў настолькі кепска, што нават не ўяўляю, як іншыя гэта цярпелі. Але я не здаваўся: намагаўся размаўляць па-беларуску нават на занятках па рускай літаратуры, а на лекцыях па матэматычным аналізе даводзілася на хаду перакладаць словы выкладчыка. Дарэчы, успомніў, як спрабаваў канспектаваць гісторыю Беларусі вершамі. Выглядала гэта як жудасная графаманія.

— Быць пісьменнікам складана? Якімі якасцямі трэба валодаць?

— Адразу скажу, што, калі ты толькі пачынаеш пісаць, першыя пяць тысяч старонак у любым выпадку будуць дрэнныя. У мяне дома ляжыць шмат сшыткаў, у якіх амаль кожнае слова літаральна «вылізвалася» і перакрэслівалася па некалькі разоў. Любой справе трэба вучыцца, пры чым увесь час, пакуль ёй займаешся.

Апроч назіральнасці і працавітасці, пісьменнік павінен валодаць пэўнай доляй нахабства. Нават калі чалавек не ўмее пісаць, але ўвесь час лезе са сваімі творамі, ён даб'ецца поспеху. Хоць я і не люблю слова «графаман», аднак менавіта ў такіх людзей варта вучыцца. Трэба кожны дзень нешта пісаць, «графаманіць» незалежна ад якасці. Паступова лепшае будзе адфільтроўвацца.

Важна звяртаць увагу на адмоўную, але канструктыўную крытыку. Аднак з пэўнага моманту парады калег нічога не даюць. Як ні дзіўна, крытыка чытачоў у сто разоў больш карысная. Бо яны, у адрозненне ад пісьменніка, глядзяць на творы пад іншым вуглом.

— Цяпер ты перайшоў да музыкі і даўно ўжо не пішаш і не публікуешся. Чаму так?

— Мне вельмі хочацца сваёй творчасцю ўздзейнічаць на людзей, а гэта, на мой погляд, больш хутка і эфектыўна можна зрабіць з дапамогай музыкі. Праходзіць шмат часу, пакуль тое, што я напісаў, трапіць у рукі да чытача, ды часам яшчэ незразумела, ці пакінуў мой твор якое-небудзь уражанне. А вось калі мы застаёмся сам-насам — я і зала, можна рабіць з ёй што заўгодна: усё ж такі мне лягчэй перадаваць інфармацыю сцэнічнымі рэчамі, а не літаратурнымі.

— Раскажы пра сябе як музыканта. Як утварыўся твой музычны гурт?

— Спяваў, колькі сябе памятаю. Нават вучыўся ў музычнай школе, але не скончыў, бо быў дурны і лянівы. Яшчэ ў юнацтве вырашыў, што хачу стаць «суперзоркай», прыкладна тады і ўтварыўся першы гурт, які называўся не зусім літаратурна. Я на поўным сур'ёзе лічыў, што калі з такой назвай граць вытанчаную і складаную музыку, то слухач прыемна здзівіцца. Толькі потым зразумеў, што хутчэй за ўсё ён пабачыць назву і збяжыць. Больш за тое, у мяне былі непаразуменні з іншымі членамі гурта, бо яны ставіліся да творчасці з гумарам, а я хацеў рабіць сапраўдную музыку.

Сучасны гурт пад назвай «Зеленахвостыя» калісьці таксама быў чарговым праектам з выпадковымі сябрамі. Але гэты эксперымент удаўся. Наш стыль — яднанне поп- і рок-музыкі. Бо з аднаго боку хочацца рабіць акцэнт на знешніх праявах, на шоу, а з другога — пазбегнуць вузкасці тэматыкі і спяваць не толькі пра каханне.

Чаму «Зеленахвостыя»? Па-першае, у дзяцінстве я вельмі любіў кніжку «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі», дзе галоўныя героі вандравалі па краіне кракадзілаў. Па-другое, мне зусім не падабаюцца аморфныя назвы некаторых рок-гуртоў. Слова павінна быць зразумелае з пункту гледжання беларускай мовы, звыклае славянскаму вуху. Таму лічу назву «Зеленахвостыя» даволі ўдалай.

— Не баішся «зорнай» хваробы?

— Яна ў мяне з дзяцінства! Часам дапамагае, часам — замінае. Але, на мой погляд, галоўная прычына, па якой людзі мараць стаць «суперзоркамі», — гэта адчуванне таго, што ты не адзін. Калі стаіш на сцэне і цэлы стадыён спявае тваю песню, разумееш: ты патрэбны людзям. Гэта неверагодна!

— Калі б сустрэўся з самім сабой маленькім, што б ты сказаў гэтаму хлопчыку?

— Я б абавязкова пагуляў з ім у канструктар, праехаўся на веласіпедах, паказаў яму сваю гітару і паслухаў яго гісторыі. А яшчэ б параіў не кідаць музычную школу і пераканаў, што пісаць вершы не так складана, як ён думае.

— А што б ты параіў маладым людзям, якія таксама хочуць дасягнуць поспехаў у сваёй творчасці?

— Рабіце тое, што вы хацелі б бачыць у беларускай музыцы, літаратуры або мастацтве. А галоўнае — будзьце самімі сабой!

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.